“100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі”  – кніга, якая вучыць краіны. Калі яны хочуць вучыцца, вядома. Ці хоча вучыцца Беларусь, вось у чым пытаньне. Але калі ў Фінляндыі, то чаму не?

Аўтар Ілка Тайпале выступае на прэзентацыі ў Мінску, фота Яўгена Бяласіна

 

“100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі” – гэтая кніга дацэнта медыцынскіх навук і дэпутата фінскага парламента Ілка Тайпале нядаўна пабачыла сьвет зь лёгкай рукі выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава. На прэзентацыі ў чэрвені ў Шведскім цэнтры супрацоўніца амбасады Фінляндыі Вольга Рызмакова сказала, што за паўгода гэта шостая ўжо фінская кніга, перакладзеная на беларускую мову. “Усё дзякуючы 100-годзьдзю Фінляндыі. Гэта найбольш значны, пасьля “Калевалы”, пераклад Якуба Лапаткі. Беларуская мова дваццаць сёмая, на якую перакладзеная гэтая кніга.”

Фота: Яўген Бяласін

 

Зразумела, кніга важкая таксама і найперш таму, што фінам ёсьць чым ганарыцца. Яны зьдзейсьнілі чын! Гэта мелі на ўвазе прысутныя на прэзентацыі прадстаўнікі Суомі  – аўтар Ілка Тайпале, пасол Фінляндыі Крыстар Мікельсан і кіраўнік Адзьдзяленьня пасольства Фінляндыі ў Мінску Лаўры Пуллала. Але найперш беларус Уладзімір Сіўчыкаў падкрэсьліваў гэтую матывацыю: “Фінляндыя займае першыя месцы ў Еўропе і нават у сьвеце па ўзроўню адукацыі, якасьці жыцьця, мінімальнасьці карупцыі. У Беларусі гэтая кніга будзе карысная кіраўнікам рознага рангу, але і моладзі, – навыраст.” І паабяцаў даступныя кошты ў кнігарнях.

Чаму варта мець гэтую кнігу? 

Як бачна з дат, “100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі” ляжаць перада мной на стале дастаткова доўга. Магу сцьвярджаць, што кніга вартая таго, каб быць настольнай ня толькі на маім стале. Ато ж! Не злажу ў сваім Берасьці з ровара, а фіны даўно ўжо вырашылі ня толькі праблему язды на вела па роўнаму, але і напалову зьнялі вастрыню праблемы сьмяротнасьці на аўтадарогах. 1200 сьмерцяў у 1972 годзе і напалову менш за якіх 5 гадоў!! Пагадзіцеся, вось важны ўрок, які абсалютна лёгка засвоіць. У падручніку пісьменнага кіраваньня, якім насамрэч ёсьць кніга, гэты ўрок займае паўтары старонкі. Паўтары, Ясю ды Марыля. І ты, Іване – паўтары! Старонкі. Хоць і ў другім сэнсе таксама слушна. Усяго сем (сем!) мер – і шэсьць соцень людзей засталіся жыць.

Фінляндыя сувымерная з Беларусьсю і па насельніцтву (пяць з паловай мільёнаў), і па тэрыторыі (каля 340 тыс.км2). Рэльеф Беларусі раўнінны, без скал і гор, як у Фінляндыі, умовы дарожнага руху больш лагодныя, то здарэньняў і загінулых у ДТЗ менш (581 у 2016 і 217 за першую палову 2017 года). Таму сем мер, прынятых фінамі, нашым чыноўнікам паказана было б разглядзець з усёй магчымай пільнасьцю. Мяне як раварыста асабліва цешыць адна зь іх. Яна тычыцца загарадных дарог. А ў нас жа кожны мала-мальскі горад сцягнуты шчытным карсетам лецішчаў і садова-агародных таварыстваў. І туды ўсё часьцей месьцічы ездзяць менавіта на ровары. Таму колькасьць крыжыкаў і агародак з нержавейкі на неабладжаных узбочынах беларускіх гасьцінцаў няўхільна расьце. Гасьцінцы папаўняюць пагосты, на жаль. Дык вось, фіны праклалі за пяць гадоў 600 кіламетраў веладарожак за гарадамі. Пазасталыя шэсьць мер… Ну не перапісваць жа мне кнігу!

Другім аргументам на карысьць настольнасьці “100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі” ёсьць яе канцэпт. Фактычна, гэта зборнік карацелек ад фінскіх VIP-аў – палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, аўтараў сацыяльных ноў-хаў. Гэта значыць, аўтары ня неўдахі якія, што замахнуліся кампенсаваць свае правалы ў практычнай дзейнасьці, нашрайбаваўшы нейкіх казак, а пасьпяховыя ў сацыяльным плане людзі.

Што блізка беларусу? 

Беларусы людзі практычныя. Таму з выдадзенай Сіўчыкавым кнігі, на маё асабістае меркаваньне, найбольш прыкметным для нашага люду будзе карацелька… ну не пра “кактэйль Молатава” ж! Мабыць, пра дэмілітарызаваныя Аландскія выспы. Бо беларусы народ скрайне мірны, дазволю сабе прасіць вас прабачыць мой каламбур. У вайну ж ніц рабіць нельга. А нават у паганы мір – так, можна.

Далей, вельмі можа прыняцца ідэя прыватных лазень. З фінскім радапалажэньнем саун і цэркваў. Маўляў, саўна месца сьвятое, месца роздуму, засяроджаньня і духоўнага аднаўленьня. Наш народ рукасты, паставіць лазеньку змогуць цераз аднаго. Але ўсё роўна, інфармацыя пра дамы, дзе ў кожным пад’ездзе ёсьць грамадская саўна, пра саўны ў гарадскіх кватэрах на паверхах, пра два мільёны саўн і адначасовы паход усяго народа папарыцца… займае дух.

А вось талака … дык гэта ж гістарычна нашае! – усклікне шмат хто. На гэта можна сказаць, што і слова “бульба” прыбалтыйскага (літоўскага) паходжаньня, і многія навукоўцы называюць продкамі беларусаў менавіта прыбалтаў. З другога боку, фіны ніколі не саромеліся вучыцца і засвойваць, – рабіць нешта сваім. Вунь, нават танга ў адной з карацелек кнігі апісанае як аргенцінскі, але і фінскі рарытэт. Каб падвесьці рысу пад талакой – гэта і пераймаць ня трэба нам. Маем. Нават у гіпертрафіраванай форме. Бацькі сваіх дарослых ужо дзяцей да пенсіі цягнуць-валакуць на шыі, апякуюцца. А і нават пенсіянеры пенсіянераў, здараецца.

Дзень голаду” пераняць можам. Праўда, у спрошчанай форме эканоміі, хіба, больш, бо цягі да салідарнасьці вялікай у беларусаў не назіраў, і галадаць дзень, каб плён паахвяраваць бедным – … але паспрабаваць можна. Бо калі ёсьць талака, то чаму не атрымаецца з Днём голаду.

Што мела б у Беларусі персьпектыву як поўная навацыя 

Перспектыўнай  выглядае ідэя эканамічнага аб’яднаньня студэнтаў. Бо грошай у Беларусі ўсё менш, а выжыць неяк трэба. І… увогуле, усё пачынаецца з універсітэтаў. Бо ў іншых месцах больш кансерватыўныя суполкі. “Трэсьці трэба”, – так казаў, здаецца, прапаршчык з анекдота, калі яму прапанавалі лесьвіцу на пальму з какосавымі гарэхамі.

Адукацыйны блок кнігі мог бы быць адным з самым карысных для нас. Мяне асабіста як германіста ўразіла, як немцы гадоў з пяць таму назад пераймаліся, што яны ў адукацыі паводле ацэнак ведаў вучняў PISA апынуліся ў сярэдзіне, а тое і ў канцы сьпіса, ачоленага фінамі! І як яны наладзілі цэлую кампанію вучобы ў фінаў, як трэба вучыць дзяцей.

Уражваюць рысы ці то сацыялізма, ці то камунізма ў фінскай сістэме. Адукацыя на ўсіх узроўнях бясплатная. Улучна з вышэйшай! Нават для замежнікаў!! Тым самым іх прывабліваюць у Фінляндыю. Усе ўзроўні пераемныя, без тупікоў. Абеды ў школах бясплатныя. Здавалася б, што яшчэ – дык вось жа, для студэнтаў існуюць рознага роду фінансавыя паслабленьні.

Відавочна, фіны ўзялі за аснову ацэнкі зьвяно жыцьця “чалавек працуе або не”. А студэнты ж не працуюць. І трэба за нешта харчавацца, плаціць за жыльлё ў чужой мясцовасьці. Для фінскіх студэнтаў у выніку рэалізацыі некалькіх праграм пабудавалі 40 тысяч студэнцкіх кватэр. Прайшло ўжо больш за два дзесяцігодзьдзі, як Беларусь самастойная – і зайдзіце вы ў нашы студэнцкія інтэрнаты, паглядзіце, як жыве там наша будучыня.

Не працуе фінская маці, даглядае трох дзяцей замест каб аддаваць у садок – а вось табе грашовая дапамога! І бацьку дадуць, калі ён выхоўвае дзяцей, а маці ходзіць на працу. Не працуеш, бо даглядаеш нямоглага родзіча – вось табе грошы, каб пражыць-падцягнуцца да ўзроўню ўсіх. Ты інвалід – Братэрства інвалідаў дапаможа табе з рэабілітацыяй або працай.

Сацыяльнае жыльлё гэта моцны сродак фінаў супраць галечы – праз адмысловую праграму ARAVA адсотак кватэр у прыватнай уласнасьці быў даведзены да 70, за 55 гадоў ад 1949 года пабудавалі 950 тысяч і адрамантавалі 250 тысяч кватэр. У Фінляндыі за 30 гадоў колькасьць бяздомных зьнізілася з 20 тысяч да 8 тысяч, адмысловы фонд валодае ў розных месцах краіны 6300 кватэрамі для таго, каб прадастаўляць іх не маючым даху над галавой.

Між тым пасьля войнаў 1939 ­– 1945 года фіны не жылі – выжывалі. У краіне было 4 мільёны насельніцтва, зь іх амаль 100 тысяч інвалідаў, 200 тысяч параненых. Загінулі, пакінуўшы сем’і без кармільцаў, 94 тысячы салдат. Фінляндыя мусіла плаціць велізарныя рэпарацыі і баялася ня выканаць накладзеных памераў, каб ня страціць тэрыторыі або не атрымаць яшчэ большыя абавязкі.

Але відавочна, што найбольшым абавязкам фінскія палітыкі паставілі сабе дабро свайго народа.  Спрабавалі прыйсьці да агульнай карысьці найкарацейшымі шляхамі. І вось гэтыя шляхі, апісаныя ў адмысловай кнізе. “100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі”, літаральна ляжаць перада мной. Прачытаў  і атрымаў уражаньне, што гэта пералік зьдзейсьненых мер па сацыяльным выроўніваньні грамадства, па практычным забесьпячэньні сацыяльнай справядлівасьці. З такім заплеччам можна любыя выбары выігрываць з адрывам. Нездарма прадмову да яе напісаў прэзідэнт Фінляндыі. Дык чаму не пакласьці яе на стол таксама і вам і не пакарыстацца. Прынамсі, у сталічных і ў інтэрнэтных кнігарнях яна дакладна будзе.

Яўген Бяласін, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...