Учора стужка Фэйсбука пярэсціла фоткамі шчаслівых фрэндаў на фоне сталічнага Вялікага тэатра і хвалі бел-чырвона-белых сцягоў. Эмоцыі зашкальвалі: як крута, які быў драйв, нас багата і гэтак далей. Асабліва ўзнёсла выглядалі допісы моладзі. 

Канцэрт на Дзень Волі 2018. Фота: Радыё Свабода

 

Гэтыя юнакі і дзяўчаты не бачылі апазіцыйных маршаў і мітынгаў 90-х з дзясяткамі тысяч удзельнікаў. Новае пакаленне на ўчарашнім фестывалі каля опернага перажыло гэты ўздым, гэтае адчуванне “нас багата” ўпершыню.

І гэта надзвычай важна. Бо ў нацыянальна свядомай беларускай публікі за гады прэсінгу з боку палітычнага рэжыму, які доўга гуляў у “братнюю інтэграцыю”, цвердзіў, што рускія і беларусы — адзін народ, назапасілася крытычная маса негатыўнага досведу. Досведу дыскрымінацыі і паразаў, які ў многіх стаў генераваць песімізм, абыякавасць.

Гэтым разам сістэма таксама не абышлася без дэманстрацыі рэпрэсіўных інстынктаў: затрымлівалі актывістаў у рэгіёнах, напакавалі некалькі аўтазакаў на сталічнай плошчы Якуба Коласа, адкуль мелася пачацца несанкцыянаванае шэсце.

І ўсё ж, калі падсумоўваць, то ўчарашні Дзень Волі — і ў Мінску, і ў шэрагу іншых гарадоў — даў доўгачаканы магутны зарад пазітыву. Тысячы людзей, што стаяць на грунце нацыянальнай ідэі, адчулі акрыленасць.

Свята па вялікім рахунку ўдалося. Яно расставіла важныя акцэнты ў спрэчцы паміж тымі, хто бэсціў арганізатараў за нібыта жаданне быць на падтанцоўцы ва ўладаў, і тымі, хто даводзіў, што трэба адыходзіць ад старых шаблонаў і выкарыстоўваць новыя, хай сабе і сціплыя магчымасці для прамоцыі нацыянальных каштоўнасцяў.

Для мяне паказальна, што вызвалены ўчора ўвечары з Акрэсціна Уладзімір Някляеў, паплечнік Міколы Статкевіча, у пэўнай ступені дэзавуіруючы рэзкія заявы апошняга, заклікаў да адзінства апазіцыі і прадухілення яе расколу на “канцэртную” і “пратэстную”.

Натуральна, наіўна думаць, што заўтра ў яе асяроддзі запануе ідылічная згода. Але факт тое, што адбываюцца важныя працэсы, на пярэдні план выходзяць новыя фігуры з грамадзянскай супольнасці, такія як Павел БелавусЭдуард ПальчысАнтон Матолька, ідзе пошук свежых, крэатыўных форм і метадаў прасоўвання ў масы нацыянальнага дыскурсу.

Натуральна, не варта ўпадаць у эйфарыю. Трэба цвяроза ацэньваць сітуацыю, разумець, што ўлада трохі саступіла, але па сутнасці не змянілася. Яна толькі крышачку рассунула межы рэзервацыі для “свядомых” (вялікае начальства вымаўляе гэта слова з адценнем грэблівасці), аднак зусім не збіраецца ўвогуле прыбіраць бар’еры, бо баіцца грамадзянскай і тым болей палітычнай актыўнасці сапраўдных, а не казённых патрыётаў. Рэжым рэзка акрэслівае межы дазволенага, строга спыняе тых, хто выходзіць за перыметр. Нават у літаральным сэнсе: учора тармазілі публіку, што пакідала зону свята ля оперы з БЧБ-сімволікай: стоп, тут ужо нельга!

Таму за правы і свабоды давядзецца яшчэ змагацца. Разам з тым, відавочна, што рэжым мусіць асэнсоўваць новыя рэаліі, вонкавыя і ўнутраныя, і будаваць болей гнуткі падыход да незалежніцкага пласта грамадства. І гэтую новую сітуацыю варта выкарыстоўваць, каб у цалкам легальных формах разгортваць творчую працу што да прамоцыі нацыянальных каштоўнасцяў. Бо найперш ад гэтага залежыць, ці адбудзецца выхад “свядомых” з гета.

Тым часам між энтузіястамі і скептыкамі ў сацыяльных сетках разгарнулася спрэчка, колькі ж народу было на святкаванні стагоддзя БНР ля оперы. Скептыкі кажуць пра 5-7 тысяч, арганізатары — што за ўвесь час там пракруцілася да 50 тысяч. Магчыма, ісціна недзе пасярэдзіне. У кожным разе гэта нашмат болей, чым збіралі традыцыйныя апазіцыйныя акцыі апошніх гадоў, уключна з экстрэмальнымі “дармаедскімі” маршамі.

І гэта безумоўны поспех учарашняй імпрэзы. Бо варта ўлічыць, што інфармацыя пра фестываль распаўсюджвалася найперш у коле палітызаванай публікі, амаль што не даходзіла да шырокай аўдыторыі. Звыш таго, арганізатары “Свята незалежнасці” не выкарыстоўвалі адміністрацыйнага рэсурсу і не заваблівалі алкаголем, як тое часта робіцца ў выпадку афіцыёзных мерапрыемстваў.

Перад імпрэзай той-сёй наракаў у сацыяльных сетках: а чаму, напрыклад, збіраюцца даць слова на “Свяце незалежнасці” вунь таму рускамоўнаму бізнэсоўцу, ну які ён змагар? Але як па мне, то гэта цудоўна, што і сярод тых, хто прамаўляў са сцэны, і сярод звычайных удзельнікаў былі не толькі заўзятыя апазіцыянеры. Так, нейкія дзяўчаткі шчыра прызнаваліся журналістам падчас жывой трансляцыі, што прыйшлі купіць шарыкаў. Кагосьці прывабіў чутны здалёк “музон”, кагосьці — ежа на фудкорце. Але ж і такая публіка заставалася, слухала пранізлівыя вершы ды песні пра краіну пад белым сцягам з чырвонай стужкай, пра старадаўнюю Пагоню, якой не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Гэта яшчэ не выхад з гета, але крок да выхаду. “Свята незалежнасці”ля оперы прывабіла нямала новых людзей. А тыя, хто ўжо даўно стаіць на глебе незалежніцкай ідэі, атрымалі доўгачаканую добрую дозу станоўчых эмоцый. Гэтыя ўражанні — “нас багата”, “у нас атрымалася” — будуць сілкаваць аптымізм і надалей.

Народная Воля

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: