“…яны адчувалі, што я ня надта шчыры,
і правільна рабілі…”,
“…прапушчаны этап у разьвіцьці абавязкова адгукнецца пустотамі, глупствам і сьмешнай самаўпэўненасьцю” .

А.Бахарэвіч, “Мае дзевяностыя”, Мінск,  А.М.Янушкевіч, 2018

 

Альгерд Бахарэвіч

 

UT: Многасьць цытатаў – на пагіну нараканьняў.

Кожны хоча здавацца лепш.

Як тое выглядае ў Альгерда Бахарэвіча?

Як мастацкае фарбаваньне ўласнае натуры.

Ягоныя “Мае дзевяностыя” – больш “мае”, чым “дзевяностыя”.

Яно і зразумела: успаміны – зьява прыватная, нават інтымная. Мала хто з творцаў любіць паказвацца ды прыбірацца. А вось ён вырашыў.  Сьмеласьць бяспрэчная і – загадкавая. Што падштурхнула яго да такога яўнага кроку? Здаецца, яшчэ ж не таго веку, каб выдаваць “шчырыя і наскрозь аўтабіяграфічныя кнігі” (курсіў – выняткі ад раману).

Хоць рэальна да метамарфозаў сьхільныя многія, асабліва тыя, хто выабражае, што “…рабіў Маленькую Літаратурную Рэвалюцыю…”.

Мо шчырак лічыць, што ягонае мінулае – цікавы і варты наўзорчык? Альбо адчувае нешта межавае, іманентнае: “А кім быў я? Няўдаліцам, … фанатыкам злое творчасьці і закаханым у агрэсію, цемру і безнадзейнасьць. Чалавекам бяз будучыні”, “…я пагарджаў сабой і людзьмі”, “З маёй мізантропіяй наогул было цяжкавата ўвесь час працаваць зь людзьмі…”, “…і ўвесь час думаючы пра сьмерць.”, “…крышу…рэжу… і сьмяюся. І думаю пра сьмерць”, “Я тады шмат думаў пра самагубства…”? Ці пужаецца здрадлівай памяцІ: “…неўзабаве зразумеў, як шмат забыўся”?  Мабыць, усё прасьцей: вымагае ілюзія лаўраў!

Цэлы разьдзел  аўтар выкладае свае жыцьцёвыя прынцыпы, сподумкі, дае разьлеглыя, вельмаякія і мэтанакіраваныя тлумачэньні, каб толькі пераканаць, што ён – незвычайны, свабодны, бунтоўны, амбітны. І – раптам: “…ўсё ж я чамусьці бачу сябе ў ліку … хітрэйшых.”. Ён настойліва і ўпарта сьцьвярджае: Чалавек зь дзевяностых. Не, я сябе ім не лічу. Я занадта малады, каб мяне называлі чалавекам зь дзевяностых. Я супраціўляюся. … Я не пазнаю іх на вуліцы”, “90-я ўпарта хочуць уцягнуць мяне ў сваё Сьвята Пралітай Сьлязы па мінулым. … У гэтай кнізе ня будзе настальгіі. … Я напішу пра тое, што памятаю”.

Гэтыя  і далейшыя разважаньні адчыняюць сьветапогляд А.Бахарэвіча, ягонае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Уяўленьні – узбуджана суб’ектыўныя, парыўчыя, зматэрыялізаваныя. Творчыя асаблівасьці –  “гарадзкі” крытычны рэалізм сузіральнага і побытавага напрамку. Да высокіх сьфераў, у эмпірэі апавядальнік не вядзе, уважаючы за галоўныя тольма адныя фізічныя дачыненьні. Псіхасаматычныя фактары быцьця ён альбо ня ўлічвае, альбо ўспрымае ськептычна. Менавіта такое бачаньне вакольнага сьвету вызначае характар, падзейнасьць твору і аўтарскія пазіцыі.

А.Бахарэвіч – тыповы прадстаўнік спатворанага пакаленьня. Ніякае іншае ні дагэтуль, ні апасьля ня мела такой волі для самавызначэньня, як дзевяностае. “Адпушчаныя на свабоду нэрвы, думкі, жаданьні, амаль “дастаеўскае” адчуваньне, што … можна ўсё – і трэба пакаштаваць як мага болей… Час вар’яцкага драйву, калі лёгка дыхалася, думалася, сьпявалася і пілося…“, “І гэтая беспакаранасьць толькі дадавала ўпэўненасьці ды нахабства”, “…я ламаў усе шаблёны – і атрымліваў асалоду…“. Усе былі пры справе і праходзілі метафізічнае выпрабаваньне: Космас гартаваў цэлыя атрады душаў! Пра “маю хату з краю” мог сказаць толькі вельмі хворы. Менавіта 90-я гады выявілі і пазначылі кожнага, незалежна ад веку, пячаткай істасьці. Як бы хто не апраўдваўся, да гэтага перыяду прычынныя ўсе ягоныя жыхары – і фізічна, і эмацыйна, і мянтальна! Лічыць інакш – проста сьмяхоцьце!

Далейшыя шляхі – адно выніканьне: у каго – зьместу, у каго – формы. “…я культываваў у сабе ізгойства, непадабенства, асобнасьць “, “Усё ж мы належалі да культурных, хоць і вельмі непаслухмяных хлопчыкаў”, “…усе мы былі дужа крыўдлівыя і з абвостраным пачуцьцём уласнае годнасьці…“, “…на ўсё іншае мы пляваць хацелі галоўнае – заўжды заставацца крутымі”, “…я станаўлюся на бок альтэрнатывы або сам імкнуся яе стварыць. Гэта ня лечыцца, гэта арганічная частка мяне – як і мая беларускасьць.”, “…кампрамісы непазьбежныя”, “…мару жыць то на чужыне, то на Асмалоўцы, я хачу заставацца ў цэнтры: гораду, жыцьця, культуры, свабоды …”, “…разрываючыся паміж нацыяналізмам і анархізмам, ВКЛ і панкам, высокай літаратурай і грубай музыкай, захапленьнем заходняй культурай і дэмакратыяй і неабходнасьцю жыць тут, дзе неўзабаве не стала ні свабоды, ні культуры. Вечна паміж. Заўжды трэба выбіраць сябе“, “Мне хацелася … рабіцца знакамітым”, “…хачу ўцячы з гэтай краіны…”, “…любая майму сэрцу ФРГ…”. Што тут сапраўднае, а што ўяўнае – цяжка сказаць. Ачавістая толькі тэндэнцыя: “… да славы”.

На шляху да яе ў А.Бахарэвіча было некалькі падыходаў, але ўтрываліўся толькі адзін – літаратура. Астатнія прадэманстравалі марнасьць ды бяспрышласьць і – галоўнае! – выявілі творчую нястаннасьць самога аўтара. “Палова маіх дзевяностых прайшла пад гітарны скрыгат, у цыгарэтным дыме пад моцныя напоі і ў вечным бадзяньні і пошуку”, “Насамрэч, зразумела, ніякай легендаю мы не былі, ні ў дзевяностыя, ні пазьней…”, “…у мяне не было да гэтага ніякага таленту…”, “Мы былі выключна, наўмысна, дэманстратыўна непрафэсійныя і ганарыліся гэтым.”, “…разгромныя водгукі на нашы выступы…”, “…а сёньня чамусьці трохі крыўдна.“, “Я быў лянівы, эгацэнтрычны і схільны да чорнай мэлянхоліі, глябальныя праблемы сучаснасьці мяне не цікавілі. Адчагосьці ён упэўнены, што на літаратурнай ніве гэтага не адбудзецца. Уся кніга насычаная абгрунтаваньнямі таго, што  прыгожае пісьменства – ягонае пакліканьне. Я хацеў быць пісьменьнікам”, “…літаратура цікавіць мяне значна мацней за музыку”, “…я … верыў у свой талент…”, “Я пісаў бы ня горш за ўсіх гэтых убогіх сацрэалістаў”…

Жыцьцёвыя шуканьні і шчыраньні набываюць асаблівы сэнс, калі ўсьведамляецца іх абумоўленасьць.

Літаратура – ад высокіх Касьмічных Прынцыпаў.

Яе магія – неспасьціжная.

Выбірае яна, а не яе.

Ладна памыляюцца і шмат пакутуюць тыя, хто лічыць інакш.

Зазвычай, гэтыя пішуць і бачаць літары як простую графіку, што адлюстроўвае адзін наш фізічны сьвет. Энергетычнае, зорнае трымценьне пісьмовых знакаў, як імпульсаў усясьветнасьці, застаецца па-за іхнай увагай – і  глыбінны, касьмічны сэнс абмінае такія тэксты, лепшае, што   ён пакідае, – параўнаньні, эпітэты, метафары… дый то зь нізкага атмасьфернага пласту Зямлі. Гэткая літаратура паказвае рух цела, а ня духу і фармуе вузкае апрадмечанае мысьленьне. Звычайна яна не суправаджаецца высокай рытмікай Космасу і губляе  ўсялякае значэньне нават пры жыцьці аўтара. Падобныя метафізічныя зьявы людзі часта злучаюць з Божым дарам, талентам і бяздарнасьцю. Вонкавая актыўнасьць, піяр, рэклама, галкатня могуць надаць прывабнасьць і папулярнасьць творчасьці, але зрабіць яе вялікай ня ў стане.

У сьвятле Абсалюту літаратура абдарвае выбраных: па зігзагах лёсу, пераважна інтэлектуальных, можна вызначыць здатнасьць і рэальнае месца творцы. Вырашальнае значэньне мае ня маса, а характар і накіраванасьць атрыманых ведаў.

Зараз у беларускай літаратуры такі перыяд, калі ранейшыя Першыя сышлі, а для новых яшчэ ня высьпеў час. Пакуль дзейнічаюць другія, трэція, чацьвёртыя… Таленавітыя, яркія, адметныя. Але – ня Першыя, не вядоўцы! З гэтым трэба лічыцца: Касьмічны Закон! Ён паказуе: прызначэньне кожнага – ля свайго нябачнага і наканаванага шосту. А этапы кону звычайныя: школа, універсітэт, інтарэсы, хобі, поцяг… Адпаведнасьць тэмпераменту і вынікаў іх пераадоленьня – крытэр для атрыманьня нумару жыцьцёвай гонкі. Упрагацца не ў свае аглоблі – недарэчна!

Многія сучасныя літаратары маглі б паводзяць сябе больш абачліва, зважаць на сваю талань, не вылузвацца. Хтосьці зь сёньняшніх “нумароў” дужа задаецца, амбітна і ськептычна пазірае на старэйшых, а некаторыя харахолі нават зьневажаюць класікаў альбо раней слынных. У гэтым сэнсе тыповым зьяўляецца А.Бахарэвіч.

“…нудная сацыяльная крытыка позьнесавецкага ладу, у якім аўтар дагэтуль жыве, бо сьвята верыць у тое, што напісанае ім – вечнае. Замест літаратуры – цёмнае, няўцямнае мармытаньне чалавека з васьмідзясятых, няздарная спроба выказаць дух часу з дапамогай мастацтва як ён яго разумее… ” – гэта ён пра Віктара Казько, які на літаратурнай прэміі Е.Гедройца ў 2015 годзе заняў першае месца, а А.Бахарэвіч – трэцяе.

Увогуле, прэміяльны стол – з шэрагу любімых бахарэвічавых разам з замежным і публічным. Толькі за ім яму не шанцуе: не ганаруюць! З васьмі прэміяў Е.Гедройца у пяці А.Бахарэвіч удзельнічаў і ніколі ня быў першым, у двух зьяўляўся чальцом журы (калі не выдаваў уласных твораў), ад намінацыі ў адной (2019) адмовіўся, спасылаючыся на свае канцэптуальныя погляды. Але дасьціпныя інакш бачаць прэміяльныя лабірынты і разьлікі “хітрэйшага” Бахарэвіча.

Безумоўна, вакол любой прэміі заўсёды кіпяць жарсьці – і гэта нармальна: рэальна паўстае чалавечы фактар супарства. Безужытна дабівацца і аб’ектыўнасьці: сярод людзей яе няма наогул – і гэта таксама натуральна. Так было, так ёсьць, і так будзе! Мы жывем у мікраскапічным фізічным сьвеце і зьяўляемся ўсяго толькі лісьцікамі аднаго Вялікага Касьмічнага Дрэва, то бок малюсенькімі адлюстраваньнямі ўсіх працэсаў на гэтым Дрэве.  Нібыта нашыя паводзіны – насамрэч Велічны Шум Дрэва, быццам бы нашыя рашэньні – а ўзапраўды Воля Дрэва. Яно ўсё і ўсіх адчувае, злучае і вызначае… Над нашымі меркаваньнямі гучаць-лунаюць галасы нябачных Нябёсных Істотаў – і такім чынам паўсюдна, на Ўсім Дрэве, сьцьвярджаецца дух праўдзівага і справядлівага выраку. Перад Іх узрокам – ня  тольма графічныя тэксты намінантаў, а ўсе шматмерныя касьмічныя літаратурна-мастацкія канструкцыі аўтараў і іхныя наўмянальна выяўленыя вобразы. Бывае, што кніга – мізэрная, рэалістычная, толькі для нашага сьвету і ня мае вялікага касьмічнага арэолу. Тады яна застаецца без асаблівае ўвагі Вышыняў. Не спасьцігнуць крытэры гэтага Велічнага Адбору! Затое мы можам здагадвацца пра Нябёсны Падыход – высокі пераўтваральны дух твору, увасабленьне Касьмічных Ідэяў! Тое, да чаго закліканая ўся Творчасьць чалавецтва!

Калі разглядаць літаратурныя зьявы ў такім сьвятле, тады ўсялякая ўзбуранасьць гэтай сьферы становіцца зразумелай і выразна, бяз хомару паўстае аблічча творцы зь яго прызначэньнем.

“Лічыцца, што пісаць – значыць мець дар праўды. Лухта. Пісаць – значыць мець талент да мімікрыі. Ці – дар на ўзровень вышэйшы – да пераўвасабленьня”, “…хто сказаў, што добры паэт абавязаны быць сымпатычным чалавекам?”, “Маліцца на народ і пакланяцца прарокам і апосталам мне зусім не хацелася”, “ … можна было толькі абразіўшы іхных сьвятых. Што я і зрабіў…”, “…ад пастаянных прыступаў чалавеканенавісьніцтва…”, “…дурыў галовы кепскай літаратурай са школьнай праграмы.”, “…апантаным чорнымі думкамі і мізантрапічнымі ідэямі…”, “Рай, пекла, запаветы… Бог…Я хутчэй агностык, чым атэіст…  У 90-я хрысьціцца я ўжо й сам не захацеў: як увайшоў у іх бязбожнікам, гэтак і выйшаў. Так і жыву – бяз бога.”. На працягу ўсяе кнігі А.Бахарэвіч слова “Бог” піша з малой літары…

Які вобраз homo sapiens выяўляецца ад такіх шчырасьцяў? А таксама ад таёмасьцяў і таго, што ня выказанае, але іманентна ўласьцівае? Што можа “здабываць” такі майстар, калі ажыцьцяўляе літаратурны промысел? На якой лесьвіцы разьвіцьця ён знаходзіцца? Да якой славы годны?

Звычайна,  з Космасу ажыцьцяўляецца такое эмацыйнае, псіхічнае і інтэлектуальнае забесьпячэньне, якое істота запытвае ўнутрана, да чаго цягнецца. Іншае проста не прыстае, не прылепліваецца. Як наладаваў сябе, так і паехаў.

Відавочна, што А.Бахарэвіч у 90-я запатрабаваў гучнага і нахрапнага паходу ego ў сьвет зямных ілюзіяў, усебаковага адмаўленьня – і напоўніцу ўзасобіўся!

Рэальна для яго гэта быў сама актыўны і вызначальны перыяд разьвіцьця: адчыніліся каналы спазнаньня, узрасло інфармацыйнае спажываньне, забуялі ўласныя мажлівасьці, распачаўся сыход Істага цераз засваеньне адпаведных мянтальных і маральных Прынцыпаў Сусьвету… Але, як бачна, на тое адсутнічала магнасьць – і інэрцыя сабетніцтва ды разбэшчанасьці прывяла да публічнай непрыстойнасьці, вульгарнасьці і плыгкасьці, а бязмэтная тратня энергіі спарадзіла розныя псіхічныя анамаліі, дэпрэсіўныя выбрыкі. “…а ў мяне было выразнае адчуваньне, што я змарнаваў свае дзевяностыя – і на што? На справу, якая ня мела ніякага сэнсу, ніякае будучыні, не дала мне ніякіх дабротаў і ніякай карысьці.

Гэтая акалічнасьць – марнаваньне часу і ўніканьне сапраўднага – адлюструецца затым у літаратурнай творчасьці А.Бахарэвіча, пакажа недахоп уласных ідэяў, мастацкія запазычаньні і кампілятыўнасьць. Непачуты ім Голас з Космасу спусьціцца долу і загучыць зь Зямлі – і ўвабражэньне пісьменьніка замітусіцца сярод грубае матэрыі, пачне рухаць-перастаўляць грувасткія аб’екты, целы, вобразы, злучаць-блытаць іх, аздабляць цяжкімі метафарамі і банальнымі перажываньнямі, вышукваць-выпрабоўваць сюжэтныя суспрэчнасьці (калізіі) і змушаць да звыклага рэалістычнага пісаньня.

“Усе 90-я мяне мучыла пытаньне, як знайсьці свой уласны стыль…”. “…дзякуючы сваёй паталягічнай любові да кніг”, пісьменьнік адчувае “…нябачны і ўладны орган, што адказвае ў чалавека за ўспрыманьне літаратуры”, і вышуквае лепшае ў літаратуры, знаходзіць узоры і прымае іх за арыенціры – У.Набокаў, Ф.Кафка, Дж.Джойс. У ягоных развагах, спалучэньнях, параўнаньнях знаходзяць месца як сымболі выразы пра прамысловых і дзяржаўных монстраў, горад Цемры, горад мёртвых, Замак.., сказы кладуцца як сэнсавая вязь зьменлівых уражаньняў… Бытта незвычайна. Але гэтыя творчыя высілкі не выглядаюць наватарскімі: яны капіююць арыгінальныя падыходы і метады класікаў і бальшынёю парушаюць гармонію ўласнага аповеду. Вычварныя метафары і азначэньні нагадваюць  расейскіх паняў XIX стагодзьдзя, якія замест “высморкалась” казалі “обошлась посредством платка”. Высокасьць Літаратуры спасьцігнуць зьнізу бяз Духу і Веды нельга. Ёсьць падставы сьцьвярджаць, што і Кафка, і Джойс  былі асаблівымі Яе пасланцамі. Яны бачылі аб’екты і дзеяньні ў іх шматмернай выяве, накладзенымі, пераплеценымі і злучанымі ў адзінае метафізічнае значэньне на розных узроўнях часу. Апісаньне такіх ракурсаў адбывалася, хутчэй за ўсё, ў трансава-памежным стане, моўнымі сродкамі зь незямной сілай стыкаваньня і пры ўдзеле Вядоўцаў Звыш.

“2000-я вярнулі літаратуры яе арыгінальнасьць і таямніцу” – вызрынае рэстаўратар, злучаючы гэты працэс толькі з сабой, і фармулюе праграму пісьменцтва ў чатыры стадыі. Яе ён сьпісвае таксама зь сябе, лічачы свой шлях прыкладным. “Трэба прайсьці адно за адным усе колы гэтага пекла – і вось тады ты будзеш ведаць, што такое Пісаць”. Гэтыя рэкамендацыі – вынік абсалютызацыі ўласнага імператыву, выразны сімптаматычны этап рэзанёрства. Стадыя, калі чалавек лічыць, што ўвесь сьвет круціцца вакол яго і літаратура – ня Боская дадзенасьць, а звал абы чаго.

Неўпарадкаваны ўнутраны абсурд звычайна бурліць, эпатажуе і кідаецца да розных формаў выяўленьня, застаючыся заўсёды недарэчным і бязглуздым. Пасталеўшы, ён шукае апраўданьняў. “Мае дзевяностыя”, па сутнасьці, – спрэс адныя яны. Аўтар вытлумачае сябе так, каб пераканаць чытача ў правільнасьці свайго кантэнту і ў патвараньні яму, ува ўзорнасьці паводзінаў. Дарэчы, і вонкава сам прыпадабляецца пад вялікіх.

Бяспрэчна, глыбокая беларускасьць А.Бахарэвіча заслугоўвае павагі, а этапы яе ўзьнікненьня і мужненьня – цікавасьці. Гэта – адна з тых адметных персанальных гісторыяў, як паводзяць сябе “няправільныя беларусы”, калі нацыянальнае самаўсьведамленьне пачынаецца ад “шчасьця першаадкрывальніка” і “гордасьці паўсталага раба”. Сабетніцтва і амбітнасьць не пакінуць яго і ў гэтым пытаньні: “…падсьвядома я … шукаў альтэрнатыву ўсяму, з чым сутыкаўся, мне было важна заўжды бачыць супрацьлегласьць заведзенаму парадку, і так яно і засталося на ўсё жыцьцё”, “…быць аднаму супраць усіх – мой улюбёны стан”, “Беларуская мова была для мяне найлепшай формай пратэсту… Беларуская мова … рабіла мяне асаблівым, вылучала з  натоўпу. Давала мне тую самую “асалоду супрацьстаяньня”. Такім чынам, барацьба Бахарэвіча з усім сьветам і “…асабістая моўная рэвалюцыя…” паказалі, якімі шляхамі можа даходзіць да асобы Праўда! На жаль, такога істага спалучэньня аўтар не заўважыў і націснуў на ўсё тую ж натапоршчанасьць – “Беларускамоўных, якія прайшлі школу агрэсіўных 90-х, так проста не праб’еш.”. Горш за ўсё – ваёўны настрой, асабліва на ніве беларушчыны. Ініцыянтам ён не абяцае нічога станоўчага, бо ў асноўным глуздавы. Беларуская справа такая, што неафітаў у ёй больш, чым адэптаў  і, здавалася б, да паразуменьняў – вочы падняць, але ярыя ня могуць: ім трэба грызьціся, знаходзіць хоць якую, але супярэчнасьць. Тады і зьяўляюцца дзьве плыні, “дзьве душы” беларускасьці. Там, дзе можа вырашыць звычайная асьвета, паўстае хітрун з novum i veteris  (новы і стары), з “правільнымі” і “няправільнымі” беларусамі і пачынае дзяліць. А сама запальчывыя падхопліваюць, прагнучы сваіх герархіяў з уключэньнем туды (увага!!!) “зусім новых імёнаў”. Далей – ярчэй: “…пазьней падзел ня зьнікне – а, наадварот, зробіцца яшчэ больш выразным. Лібералы супраць кансерватараў. Два вобразы Беларусі, два праекты адной краіны”. Штосьці вам гэта нагадвае?

Апраўдаць можна ўсё, асабліва за кошт іншых. Менавіта гэтак робіць А.Бахарэвіч, калі разважае пра сваю “гарадзкую беларускую мову”. Раней (“Натуральная афарбоўка”, 2003 г.) ён лічыў яе “мясцовай” (!). Пэўна, для яго гэта адно і тое ж.  У горада была свая беларуская мова – і мы стваралі яе самі., Я адчуў, што гэта мая, гарадзкая беларуская мова, што гэта мова, створаная для чагосьці большага, чым вёска і партызаны…”, “…я бачыў амаль што расізм: крыўду адной, земляной расы на перамогу другой, каменнай…(пасьля знаёмства зь “вясковай галатой”). Але … досыць “шчырасьцяў”!

Беларуская мова – адна! Калі да яе прыклейваюць эпітэты накшталт “вясковая” альбо “гарадзкая”, значыцца, размова ідзе не пра мову, а пра неадукаванасьць!

У нейкі момант чытаньня ўзьнікае думка: якая ж яна плебейская, гэтая кніга! Вычварэньне сацыяльна-нізкага духу, які вырашыў заваяваць сьвет крайнім эгацэнтрызмам і колькасьцю прагартанай паперы, але хутка высіліўся, бо не зразумеў яго. ““Я ня ведаю, адкуль я такі ўзяўся…”  – такое можа заявіць толькі неабазнаны. Зьмест і логіка “Маіх…” – ад звычайнага бытавога мысьляваньня і стандартнай культуры натоўпу. Развагі абыклыя, без навізны і ідэяў. Некаторыя – вулічнага ўжытку, гучныя, настраёвыя. Аўтар сьцяміў, што зручней за усё – валіць на народ (як ён уяўляе такое паняцьце?): гэты безаблічны, і паплявузгаў на яго, назваўшы прычынаю ўсяе небеларушчыны. “Народ шмат чаго не разумее”.  “Калі б не знаходзіліся  тыя, хто адкінуў гэты аргумент  – “народ”,  мовы ўжо не існавала б. Бо ў горадзе народ гаварыў і гаворыць па-расейску, а па-беларуску – тыя, хто пайшоў супраць большасьці”. Як успрымаць такую прасьцяцкую абаватальскую фармулёўку? Усё-такі нешта не дачытаў і не заўважыў чалавек! Народ і ў горадзе, і ў вёсцы (асабліва!) вельмі доўга (стагодзьдзямі!) супрацівіўся моўнай навале з усходу. І зараз  глыбінка яшчэ радуе беларускасьцю. Але менавіта гарадзкая вахлецкая (веерная) публіка здрадзіла: першай “заговорила” пад маскоўцаў і такім чынам “обрусила” асяродзьдзе. Яна і сёньня віхляе хвастом, нюхаючы вакол. Толькі цяпер яе нос вядзе на Захад, а народ зноў застаецца ў дурнях. Вельмі добра зь Берліну паглядаць на яго і, пыхкаючы люлькай (акурат Гюнтэр Грас), думаць “пра цывілізацыйны выбар”  нацыі і “эўрапейскасьць” тарашкевіцы.

А.Бахарэвіч вельмі працягла і пераканаўча тлумачыць перавагі класічнай граматыкі і сваю прыхільнасьць да яе. Ягоны імпэт, безумоўна, льга вітаць і падтрымліваць. Але нават для адданых рэальнае ўжываньне тарашкевіцы няпростае.

Тарашкевіца – гэта ня толькі пісаньне і маўленьне, але і ўнутраны стан, адметны кшталт думаньня. Вывучыць правілы, напрактыкавацца ў карыстаньні – адно, а асягнуць і адчуць сэнс слова так, як тое ўбіраецца “з малаком маці”, – другое. Беларускія рэаліі, дзе абрываецца моўная злуч пакаленьняў, у гэтым сэнсе мала аптымістычныя. Вялікая надзея – на спадчыну, на літаратурную класіку, асабліва 20-30-х гадоў дваццатага стагодзьдзя, калі квітнела сапраўдная беларуская мова. Вельмі зьдзіўляе, што студэнт філалагічнага факультэту БДПУ, які зьбіраўся стаць пісьменьнікам, не зразумеў і не засвоіў належным чынам беларускага прыгожага пісьменства гэтага перыяду. Не адухавіў сваё творчае аблічча! Адтаго ягоныя тэксты не запальваюць і не іскрацца, уволю ня дыхаюць тарашкевіцай. Апошняя карабаціцца ад усялякай моўнай інверсіі, паўтораў, штучнасьці і грувасткасьці сказаў, прыпадабленьняў да чужога, русізмаў, шматлікіх мацюкоў… Брыдка чытаць, як А.Бахарэвіч ганарыцца, што “… мая артадаксальная беларуская з уплеценымі ў яе мацернымі слоўцамі была нечым унікальным на нашых абшарах”, а папулярнасьці дадавала “самое спалучэньне сьвятой беларускай мовы Купалы і Коласа зь нявінна-мацерным “б…”. Мабыць, ён лічыць, што такія прызнаньні расчульваюць чытача і ўпрыгожваюць ягоныя разважаньні пра беларускую мову і тарашкевіцу.

Тым ня менш, рашучасьць аўтара адносна свайго вобразу нязвычная. Як і   наступныя вылівы для “ўмацаваньня” іміджу.

“…пускай мне мозги не е..т”,  “большасьць маіх сакурсьнікаў выклікалі ў мяне раздражненьне…”, “…і я адчуваў перавагу над людзьмі… такія шэрыя, млявыя і аднолькавыя, ім было мяне не дагнаць”, “Я быў бязьлітасны, стасункі руйнаваліся, але мне было ўсё роўна”, “Я ненавідзеў чалавечыя статкі…”,Гавару зь нейкім чалавекам … а ўнутры такая пагарда да яго…”.

Чаго чакаць ад такой людалютасьці?

Якая мастацкая фаўна ўзрасьце ў гэтым эгергетычным зарасьніку?

Што за літаратура зьявіцца тут?

Ужо дакладна: не высокая і не касьмічная.

Мікола Калядны, жнівень 2019 году,  г. Менск,

для Беларускай праўды

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...