Дзейнасць многіх дзяржаўных устаноў накіраваная на кансервацыю статусу беларускай мовы як мовы нацыянальнай меншасці.

Алена Анісім у працоўным кабінеце

 

Нацыяльны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў не падтрымаў ініцыятыву дэпутаткі Алены Анісім пра ўключэнне ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год праекта “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. “Зацікаўленыя дзяржаўныя органы… выступілі супраць уключэння законапраекта ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год”, – паведамляе дырэктар НЦЗПД В.Іпатаў.

“Лічым неабгрунтаваным падрыхтоўку праекта Закона і яго наступнае прыняцце”, – дадае міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

Чаму дзяржорганы выступаюць супраць падтрымкі беларускай мовы? Як далей мяркуе дзейнічаць ТБМ? Чаму змаганне за вяртанне года забраных дэпутацкіх паўнамоцтваў ёсць змаганне з ветракамі?

Госця Беларускай праўды – старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

-Сутнасць законапраекта выказана ў прэамбуле:

“Беларуская мова ёсць атрыбутам беларускай нацыянальнай адметнасці, ёсць гарантыяй нацыянальнай тоеснасці беларускага народа і прасторы і часе, з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, і ёсць фактарам яднання беларускага народа, і тым самым – гарантыяй дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе еднасці і непадзельнасці, мае магчымасць зберагацца і развівацца ва ўсіх сваіх формах толькі на тэрыторыі пераважнага рассялення беларускага народа, гэта значыць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У выніку працяглай адсутнасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі вымагае дадатковай падтрымкі ў параўнанні з мовамі, якія належаць народам з бесперапыннамі традыцыямі нацыянальнай дзяржаўнасці і маюць статус міжнародных”.

Гэта першае, на чым мы акцэнтавалі ўвагу ў гэтым законапраекце. А далей мы расшыфроўваем статус беларускай мовы, як мусяць сябе паводзіць розныя дзяржаўныя органы, міністэрствы, прадпрыемствы па падтрымцы беларускай мовы. І, адпаведна, прапісваем адказнась за невыкананне ці парушэнне закона.

-Трэба разумець, законапраект прадугледжвае паступовы пераход да ўжытку беларускай мовы ў якасці асноўнай?

-Насамрэч пытанне пра адзіную дзяржаўную мову мы можам ставіць ці не ставіць. Сутнасць нашага законапраекта ў тым, каб беларуская мова штодня магла выкарыстоўвацца ўсімі без выключэння суб’ектамі ў Беларусі. Хоць мы і маем законнае права карыстацца беларускай мовай ў штодзённым ужытку, тым не менш мы ўвесь час сутыкаемся, што людзям адмаўляюць у выкарыстанні мовы ў банках, напраыклад, прычым на падставе пастановы Савета міністраў пра афармленне бланкаў толькі на рускай мове. Практыка супярэчыць дзеючаму заканадаўству, на што заплюшчваюць вочы. Таму наш законапраект накіраваны на тое, каб беларуская мова насамрэч стала дзяржаўнай; для гэтага кожны дзяржаўны орган, кожная дзяржаўная структура павінна разумець сваю адказнасць за выкананне моўнага заканадаўства.

-На ваш погляд, чаму дзяржаўныя органы дружна выступілі супраць прыняцця закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы?

-Хачу адзначыць: не ўсе. Пакуль што мы атрымалі адказы толькі з двух ведамстваў; пакуль яшчэ няма рэакцыі з адміністрацыі прэзідэнта і Савета міністраў. Дачакаемся адказаў адусюль.

Саўмін можа і не падтрымаць наш законапраект; магчыма, некаторыя ведамствы, падначаленыя Саўміну, і выкажуць сваю падтрымку праекту, або прадэманструюць вельмі добрае карыстанне беларускай мовай. Сутнасць нашай дзейнасці, у тым ліку і законапраекта, каб грамадства і дзяржаўныя органы ўлады ўсвядомілі ўсю небяспеку сітуацыі, якая скалалася з ужываннем дзяржаўнай беларускай мовы. Пакуль ёсць магчымасць, мы будзем прасоўваць законапраект, будзем выкарыстоўваць і іншыя метады; наша справа найперш палягае ў тым, каб змяніць сітуацыю з выкарыстаннем дзяржаўнымі органамі ўлады дзяржаўнай беларускай мовы.

-Ці не закансервуе статус беларускай мовы як  мовы нацыянальнай меншасці адхіленне вашага законапраекта?

-Дзейнасць многіх устаноў якраз і накіраваная на кансервацыю такога статусу. Між тым, дзейнасць грамадзянскай супольнасці і некаторых адказных асобаў сведчыць за тое, што  значная частка грамадства разумее сітуацыю і на сваім узроўні робіць усё, каб яе змяніць. Вось прыклад: цягам апошніх гадоў дзесяці мы звярталі ўвагу кіраўніцтва Беларускай чыгункі на тое, што на гарадскіх лініях не выкарыстоўваецца беларуская мова. І вось у Дзень Перамогі беларуская мова ў цягніках гарадскіх лініяў загучала беларуская мова – нароўні з англійскай і рускай мовамі. Магчыма, увядзенню беларускай мовы паспрыялі Еўрапейскія гульні, але факт застаецца фактам.

Таму я не расчароўваюся атрыманымі адказамі (яны прадказальныя). Але міністр юстыцыі ўказаў на канкрэтныя супярэчанні нашага законапраекта дзеючаму заканадаўству; паглядзім – выправім. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў указаў, што законапраект не ўключаны ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год; але за 2020 годам прыйдзе 2021-шы, а за ім – 2022-гі, будзем дамагацца прыняцця такога законапраекта. Хіба самі орнганы дзяржаўнай улады з заўтрашняга дня пачнуць настолькі карыстаца беларускай мовай, што і неабходнасць такога законапраекта адпадзе.

– Як вы ўспрынялі скарачэнне дэпутацкага тэрміну амаль на год? Ці плануеце балатавацца ў наступны склад Палаты прадстаўнікоў – каб рухаць законапраект далей, трэба мець рычагі ўплыву?

– Канешне, гэта няправільна, калі адным росчыркам пяра тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў скарачаецца амаль на год. Аднак у нас многае робіцца не так і няправільна. Таму канцэнтраваць усе высілкі на вяртанні тэрміна дэпутацкіх паўнамоцтваў я лічу не зусім правільным. Гэта ўсё адно, што барацьба з ветракамі: шуму можна нарабіць, але эфекту будзе няшмат. Таму я засяроджуся на тым, каб як мага больш паспець да заканчэння гэтага тэрміна паўнамоцтваў і адначасова праводзіць парламенцкую кампанію. Апрача іншага, мы будзем рыхтаваць іншых кандыдатаў ад ТБМ і, напэўна, зробім хаўрус з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі і палітычнымі партыямі, каб разам пайсці на гэтую парламенцкую кампанію.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...