Лукашэнка ў Гародні ўгаворваў моладзь не з’язджаць за мяжу. Маўляў, нічога добрага іх там не чакае.

news.rambler.ru

 

Мушу прызнацца: я таксама ўгаворваю моладзь не пакідаць Беларусь. А тых, хто пакінуў, угаворваю вяртацца. Бо бачу, як эміграцыя інтэлекту дэбілізуе краіну. Але вось якая штука: угаворваючы, адчуваю ніякаватасць, бо кожны раз думаю: а што іх чакае тут?

Што іх тут чакае? Інстытут, у якім ім даводзяць, што « важнейшее средство и условие внутренней и внешней стабильности в государстве – идеология». Не эканоміка, не ўзровень жыцця, не тое, што людзі ядуць, апранаюць, а тое, што ўганяюць ім у галовы, вешаюць на вушы! Што «стержень идеологии белорусского государства – социальная справедливость». А яны бачаць, што ніякай сацыяльнай справядлівасці няма! І калі спрабуюць яе дамагчыся, пратэстуюць супраць несправядлівасці, іх чакаюць міліцэйскія пратаколы, суды, турэмныя камеры.

Што яшчэ іх чакае?.. Служба ў арміі, дзе маладых салдат даводзяць да самагубства?.. А пасля арміі – праца з такім заробкам, за які жытла не набыць, каб сям’ю завесці?..

“Разумееце, заробак, жытло – такой бяды, але там адчуванне, нібы дыхаць няма чым”, – казалі мне ў Прынстанскім універсітэце два маладыя беларусы, якіх я саромець пачаў: што ж вы, маўляў, радзіму кінулі? – І вы хочаце, – спыталі яны, –каб мы да гэтага вярнуліся?”

Між іншым, яны з’ехалі, радыётэхнічны інстытут у Мінску скончыўшы.

Мне самому стала ніякавата. Сорамна праз тое, што ў нас дом, з якога збягаюць дзеці. А вось у чалавека, які заклаў такія “Основы идеологии», што 35 000 (!) студэнтаў, скончыўшы беларускія ўніверсітэты з інстытутамі, тут жа сказалі Айчыне гуд бай, ніякага сораму. 25 гадоў – чвэрць стагоддзя! – сораму ніякага.

Ён яшчэ й настаўляе моладзь. Вучыць не зацыклівацца на інфарматыцы з вышэйшай матэматыкай. Што ж, калі ў аснову ідэялогіі дзяржавы закласці татальную ману, дык і без вышэйшай матэматыкі дзяржавай кіраваць можна.

Уладзімір Някляеў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: