Беларускі журналіст Зміцер Кустоўскі паспрабаў свае сілы на новай ніве – у літаратуры. З друку выйшаў яго дэбютны раман “Прытулак”.

Зміцер Кустоўскі

 

Беларуская праўда прапануе гутарку з маладым аўтарам.

-Раман «Прытулак» – пра 19-гадовага хлопца, якія ўцякае з Беларусі і просіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Ад чаго бяжыць галоўны герой?

-Гэта раман пра ўцёкі – ад абставінаў, ад цяжкага жыцця, але перадусім пра ўцёкі ад самога сябе. Дарэчы, пра тое, што ўцёкі менавіта з Беларусі, у тэксце не гаворыцца, канкрэтная краіна паходжання Алега (менавіта так завуць героя) не называецца. Большая частка раману – гэта небяспечнае падарожжа праз Еўропу, падчас якога Алег узгадвае сваё юнацтва ў правінцыйным горадзе, перажывае новыя знаёмствы, разважае пра жыццё. Характар героя я хацеў паказаць праз прыгоды, праз дарогу, праз спробы вырашыць праблемы, з якімі хлопец сутыкаецца падчас сваёй паездкі, завязанай на крымінале.

-Ці знайшоў галоўны герой прытулак, дзеля якога збег у Еўропу?

-Як адзначыў, гаворка не вядзецца менавіта пра Беларусь. Што тычацца прытулку, то яго можна разглядаць у падвойным сэнсе: як прытулак у сэнсе атрыманне адпаведнага статусу з-за пераследу на радзіме, так і прыстанішча для героя, які з роднай краіны з’ехаў у тым ліку, уцякаючы і ад самога сябе. Калі з атрыманнем статусу яму можна было на нешта разлічваць, то ў плане прыстанішча малады, не да канца сфармаваны, чалавек, максімаліст, бунтар, якому ўвесць час чагосьці не хапала і ад таго было не ўсядзець ў родным правінцыйным горадзе, свайго месца не знайшоў. Гэта кніга і пра ўцёкі ад самога сябе, але адначасова і пра пошукі сябе.

Аўтар вокладкі – мастак і дызайнер Павел Дарохін

 

-“Прытулак”, відаць, трэба разглядаць не як гісторыю аднаго эмігранта, а як з’яву, факт беларускай рэчаінасці. Што гэта такое?

-Калі глядзець на Беларусь, то сапраўды, шмат яе жыхароў, улічваючы складаныя ўмовы ўнутры краіны, спрабуюць знайсці сябе за мяжой. Ёсць і такія, хто выязджае па лініі палітпрытулку – прычым часта гэта далёка не тыя людзі, якія сапраўды траплялі пад нейкі пераслед. У гэтым сэнсе нехта пабачыць ў тэксце менавіта беларускую гісторыю. Пісаць я пачаў некалькі гадоў раней, і за гэты час такі сюжэт з палітычным пераследам і ўцёкамі, эміграцыяй для маладога максімаліста, які прагне пераменаў, мог бы быць, на маю думку, актуальным і для той жа цяперашняй Расеі.

-Любы пісьменнік глядзіць на свет праз прызму ўласнага вопыту: маладым хлопцам у 2011 годзе і вы з’ехалі ў Варшаву. Колькі аўтабіяграфічнага ў вашым рамане?

-Мне цяжка акрэсліць нейкую прапорцыю, працэнт рэальнага ў напісаным, але гэта факт: нешта ўзята ад мяне, нешта спісана мной з рэальных людзей, рэальных асобаў, штосьці ж давялося дадумаць, дапрацаваць. Аўтабіяграфічнага шмат, недзе гэта не толькі “ад мяне” ці ад таго, што адбывалася са мной, у той жа час рэальнае ёсць і ў іншых героях, якіх я калісьці сустрэў у жыцці, а пасля проста “перавёў на паперу”.

-Што падштурхнула вас да напісання рамана?

-Калі я пераехаў у Варшаву ў 2011-м годзе, то сустракаў шмат людзей, якія атрымалі палітпрытулак альбо чакалі на яго. Гэтыя людзі былі розныя, з некаторымі з іх я сябраваў. У пэўны момант мне здавалася, што вакол мяне толькі вось такія “бежанцы”. Я спрабаваў сабе адказаць на пытанне, ці сапраўды ўсе яны зазналі пераслед на радзіме. Думаю, гэта і былі першыя думкі, якія перараслі ў ідэю напісаць кнігу, каб па-мастацку асэнсаваць гэтую тэму, паспрабаваць адказаць сабе на пытанні адносна мігрантаў, уцекачоў. Разам з тым кніга атрымалася прыгодніцкай, з экшнам і захапляльным сюжэтам.

Зміцер Кустоўскі – беларускі журналіст. Нарадзіўся ў Магілёве. Да 2011 года жыў у Менску. Пасля пераехаў у Варшаву.

Набыць кнігу «Прытулак» можна:

– Кнігарня «Галіяфы» (Мінск, вул. Няміга, 3, пав. 66)

– Кнігарня «Акадэмкніга» (Мінск, пр-т Незалежнасці,72)

– Крамы «Белкніга» (Мінск і інш. гарады)

Набыць праз інтэрнэт:

Інтэрнэт-крама «Галіяфы»

Валянціна Адамовіч, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: