Жывучы ў Расіі, адчуваеш, як яе накрывае не толькі хваля эканамічнага крызісу, але і хваля эмоцыяў, якія гэты крызіс абвастрае. За праяўленнем некаторых эмоцыяў назіраць асабліва цікава. Адна з іх — злараднасць.

Dyatlikovich
Праўду кажу — нічога спецыяльна не шукаў. Бадзяўся па сеціве, зайшоў на нейкі форум ды ўбачыў каментары адзін за адным: «Смутак, журба. Няхай расійскую вёску аднаўляюць…»; «Люблю, калі ўсе дома…», «Вось сукі! Скардзяцца яны…», «Здалі [ў арэнду] бабулькіну кватэру і лайдакуюць у азіятчыне. А цяпер працаваць прыйдзецца…».

Было б зразумела, калі б такія эмоцыі абрынуліся, напрыклад, на алігархаў: не любіць іх народ, а падзенне фондавага рынку збядняе іх на мільярды долараў — дык вось жа цудоўны шанец пазлараднічаць.

Але ж не, нароўні з курсам долара і дарагоўляй прадуктаў грамадзяне Расіі актыўна абмяркоўваюць праблемы… даўншыфтэраў — людзей, якія адмовіліся ад штодзённага змагання за лепшае месца пад сонцам у грамадстве спажывання і аддалі перавагу сонцу сапраўднаму. Вы, мо, чыталі адно з найкалярытнейшых апісанняў сённяшняга «расійскага сыходу» з пляжаў Індыйскага акіяну.

«Пасля „крымнаш“ усё абрынулася як картачны дамок: рублі, танныя авіяквіткі, фрыланс і кватэры ў арэнду, на прыбытак ад якіх можна было бязбедна існаваць у цёплых краінах. Цяпер [уладальнікам маскоўскіх аднапакаёвак] індыйскія банкаматы выдаюць не 40 тысячаў рупіяў, а толькі 20. Скутэр, самоса і гашыш падаражэлі роўна ў два разы, і прыкмета восені „Расія паехала“ раптам пераўтварылася ў кволы ручай турыстаў з Чалябінску і Уфы, якім усё адно, дзе бухаць за свае 300 долараў».

Пра маштаб «трагедыі» сведчаць лічбы. За апошнія месяцы 40 тысячаў расійцаў забраніравалі нумары, а потым адмянілі вандроўкі на Гоа, паведамляе індыйскае консульства у Маскве. Яшчэ тысячы, калі не дзясяткі тысячаў мусілі вярнуцца ў Расію.

Здавалася б, суайчыннікі мусяць ім паспачуваць. Як-ніяк, людзі здзейснілі мару, вырваліся з шумнае, бруднае Масквы ў нейкае падабенства зямнога раю, і раптам гэтую мару згубілі. Але ж у рэчаіснасці не спачуванне яны чуюць, а амаль выключна злараднасць. Чым яе заслужылі менавіта дауншыфтэры, людзі больш сацыяльна блізкія большасці расійцаў, чым тыя ж алігархі? Спытаемся ў навукоўцаў. І яны адкажуць.

«Вы будзеце больш зайздросціць свайму калегу, які зарабляе ў год на тысячу долараў больш за вас, чым генеральнаму дырэктару, заробак якога большы за ваш на мільён», — прыводзіць The New York Times словы прафесара філасофіі Універсітэту Хайфы Аарон Бен-Зэева. Менавіта зайздрасцю, а таксама нізкай самаацэнкай большасць даследнікаў тлумачыць праяўленні злараднасці.

З надыходам крызісу высветлілася, што працаваць прыходзіцца нават больш, чым раней, а рэальныя даходы рэзка паменшыліся.

Бывае, знешнія абставіны не вельмі прыдатныя для гэтай эмоцыі. Вось і расійскаму грамадству сытыя гады высокіх коштаў на нафту далі адчуванне пэўнага дабрабыту. Масква (а сыход даўншыфтэраў ішоў на 90 адсоткаў адсюль) стварала шмат магчмасцяў для высокага заробку, кар’еры і забяспечанага жыцця. Тыя, хто добраахвотна адмовіўся ад гэтых магчымасцяў дзеля сумнеўнага шчасця, здымаў пакой за 5-10 долараў у дзень на нейкім «наркаманскім курорце», успрымаліся як сацыяльныя аўтсайдэры. Людзі ўпэўнівалі сябе, што магчымасць купляць новыя машыны, некалькі разоў у год мяняць «састарэлыя» гаджэты на найноўшыя і час ад часу ездзіць на курорты, якім Гоа не роўня, — ўсё гэта вартае таго, каб працаваць па 12 гадзін шэсць дзён на тыдзень, хай сабе і праклінаючы такую працу.

З надыходам крызісу высветлілася, што працаваць прыходзіцца нават больш, чым раней, а рэальныя даходы рэзка паменшыліся. І мала хто ўжо зможа дазволіць сабе нават Турцыю з Егіптам, не гаворачы пра нейкія Мальдзівы. І шэрай паўсядзённасці ў тваім жыцці стане нашмат больш. А пры гэтым табе нагадваюць пра людзей, якія, у адрозьненне ад цябе, змаглі вырвацца з гэтай паўсядзённасці, хто на год, хто на два, а хто і на дзесяць. І мозг людзей запускае абарончы механізм.

Тэорыя сацыяльнага параўнання сярод іншага сцвярджае: у імкненні падвысіць уласную самацэнку людзі заведама абіраюць узор для параўнання, які лічаць горшым за сябе. У дадзеным выпадку, людзі імкнуцца адчуць яшчэ і маральную перавагу над аб’ектам параўнання, процістаўляючы сябе — «чалавека працы» — «лайдакам»-даўншыфтэрам.

Безумоўна, злараднасць — не выключна расійская рыса характару. «Мы, амерыканцы, любім узводзіць людзей на п’едэстал, і мы любім глядзець, як яны з яго падаюць», — сказаў неяк аўтар кнігі «Калі дрэнныя рэчы здараюцца з іншымі людзьмі» (’’When Bad Things Happen to Other People’’) прафэсар Джон Портман.

Такім чынам, расійская злараднасць прыцягвае ўвагу не столькі нейкай сваей адметнасцю, колькі сілай эмацыйнага выбуху.

Мой знаёмы — немец — злараднічае з нагоды праблемаў расійскіх даўншыфтэраў ніяк не менш за некаторых расійцаў. Праўда, ён упэўнены, што гэта не праз зайздрасць ці прыніжаную самаацэнку, а ідзе выключна ад пастулатаў пратэстанцкай этыкі, якая лічыць за цноту штодзённую працу ў процівагу гультайству і бяздзейнасці. Можа і так, толькі можна ж узгадаць, што і само слова «злараднасць» — якраз нямецкага паходжання (Schadenfreude, дзе Schaden — гэта «шкода» а Freude — «радасць»), адкуль і перайшло ў іншыя мовы.

Ды і беларусы, упэўнены, не нашмат менш зларадныя, чым расійцы. Толькі аб’ектам гэтай злараднасці выступаюць не даўншыфтэры, а нехта іншы. Мо таму, што па замове «даўншыфтынг» Google выдае 221 тысячу вынікаў на расійскай мове і толькі 33 (не тысячы) — па-беларуску.

Такім чынам, расійская злараднасць прыцягвае ўвагу не столькі нейкай сваей адметнасцю, колькі сілай эмацыйнага выбуху. Упэўнены, калі б існаваў індэкс злараднасці грамадства, у Расіі ён бы меў моцную карэляцыю з коштамі на нафту. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо з ёю ў Расіі тым ці іншым чынам карэлюецца, здаецца, ўсё.

Крыница: Віктар Дзятліковіч. Журналіст, жыве і працуе ў Маскве, livejurnal


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment