Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан наведаў Менск з прыватным візытам. Дыплямат, які цяпер кіруе офісам Рады міністраў паўночных краін, прыехаў упершыню пасля скандалу з «плюшавым дэсантам» 2012 году.

Стэфан Эрыксан

 

Эрыксан не дае інтэрвію, але падзяліўся ўражаннямі на сваёй старонцы ў Facebook па выніках першых дзён вяртання ў Беларусь, дзе агулам адпрацаваў 7 гадоў. Нататка напісана па-беларуску.

«Пачынаецца апошнi дзень кароткага прыватнага вiзыту ў Беларусь, дзе я ня быў ад чэрвеня 2012 году. Вельмi шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў ад сустрэч з блiзкiмi людзьмi і месцамi, з якiмi звязаныя 7 гадоў жыцця.

Паспеў пашпацыраваць па родных кварталах у цэнтры Менску. Відаць, што фармуецца нармальнае гарадзкое асяроддзе, адчуваецца гiстарычнае сэрца, якое напаўняецца жыццём. Мабыць, ня ўсё iдэальна, але ў цэлым спадабалася. Парадавала, як мне падалося, яўна большая прысутнасць беларускай мовы ў горадзе.

Зiмы я так i ня ўбачыў, але затое праехаўся трохi па прыгожых мясцiнах, пабываў на Нёмане і на Браслаўшчыне. Часу было няшмат, так што даруйце, усе дарагiя людзi, з якiмi я гэтым разам не паспеў сустрэцца. Я вас усiх люблю. Як можна не любiць Беларусь?…»

Музыка і сябар швэдзкага дыплямата Зміцер Вайцюшкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што Стэфан Эрыксан, які мог скарыстацца 5-дзённым бязвізавым рэжымам, усё ж атрымаў візу на пяць дзён у беларускай амбасадзе ў Латвіі.

Чытайце па тэме:  Журналист добился компенсации за "плюшевый десант"

Ад верасня 2005 году Эрыксан кіраваў менскім аддзяленнем амбасады Швэцыі ў Расеі, цягам 2008-2012 гадоў быў амбасадарам Швэцыі ў Беларусі.

1 жніўня 2012-га беларускія ўлады не працягнула яму акрэдытацыю, абвінаваціўшы ў дэструктыўнай дзейнасці.

За месяц да таго аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі швэдзкай PR-кампаніі Studio Total, несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі, над Івянцом і ўскраінай Менску было скінута больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Стэфан Эрыксан вывучыў беларускую мову, за сваю дыпляматычную працу ў Менску ўганараваны міжнароднай прэміяй імя Марка Палмэра.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: