Прадстаўляючы вынікі праектаў Усходняга партнёрства, каардынатар служб ЕС і Савета Еўропы Аркадзь Сыцін распавядае, што Еўрасаюз збіраецца вылучыць 500 тысяч еўра на фінансаванне праектаў па правах чалавека. “Плануюцца тры асноўныя пункты: навучанне ў сферы правоў чалавека для прафесіяналаў (юрысты, пракуроры, суддзі), укараненне канцэпцыі правоў чалавека ў сістэму адукацыі і павышэнне ролі жанчын у дэмакратычных працэсах”, — канкрэтызуе Сыцін.

Фото: Reuters

 

Каб беларускія юрысты, суддзі і пракуроры шырэй азнаёміліся з міжнароднымі стандартамі ў сферы правоў чалавека, плануецца правядзенне трэнінгаў, а таксама пераклад на рускую мову і распаўсюджванне даведачных матэрыялаў, паведамляе Еўрарадыё.

Будуць створаныя курсы дыстанцыйнага навучання, падрыхтаваныя ў межах Еўрапейскай праграмы адукацыі ў сферы правоў чалавека. Там можна будзе даведацца, як працуе еўрапейская сістэма абароны правоў чалавека і Еўрапейскі суд па правах чалавека. Курсы будуць праводзіцца ў БДУ і ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, пракурораў і юрыстаў на базе БДУ.

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў ужо стаміўся здзіўляцца дзеянням Еўрасаюза. Ён лічыць укладванне грошай у суддзяў і пракурораў марнай тратай грошай, бо працу судовай сістэмы немагчыма змяніць адукацыйнымі курсамі:

“Еўрасаюз выдаткоўвае мільёны еўра на розныя праекты ў Беларусі, у тым ліку для праваахоўных органаў. Колькі ўжо можна здзіўляцца? Гэта ўсё марная трата грошай. Не трэба чакаць, што пасля гэтага навучання дзеянні пракурораў і суддзяў зменяцца. На жаль, мы паўплываць на гэта ніяк не можам. Праз еўрапейскія краіны прайшлі навучанне шматлікая беларускія чыноўнікі, па розных накірунках. З таго, што ім паказалі ў еўрапейскіх краінах, з таго, чаму еўрапейцы імкнуліся іх навучыць — яны нічога не ўклалі ў Беларусь”.

Чытайце па тэме:  Мілінкевіч: Галоўнае - абараніць незалежнасць, якую можна страціць за адну ноч

Рыгор Кастусёў упэўнены, што лепш было б прафінансаваць дзейнасць розных незалежных грамадскіх аб’яднанняў. Тады б сродкі пайшлі на карысць грамадству і краіне: “Мяне што здзіўляе. Тыя сродкі, якія Еўропа вылучае праўладным структурам, яны не кантралююцца. Я ўжо казаў ім, каб яны звярнулі на гэта ўвагу: гэтыя сродкі часткова ўкладваюцца ў праекты, а грамадзянам нашай краіны гэта падаецца як грошы Адміністрацыі кіраўніка краіны. Нават ніхто не ведае, што гэта дапамога з Еўрасаюза”.

Асобнае месца ў праекце займае тэма гендарнай роўнасці, доступу жанчын да правасуддзя. Плануецца выдаць навучальны дапаможнік для суддзяў і пракурораў на гэтую тэму. Там будуць закранацца тэмы гвалту над жанчынамі, сямейнага права і дыскрымінацыі на працы. У дапаможніку будуць прадстаўленыя раздзелы пра спецыфіку гендарнай сітуацыі ва Украіне, Малдове, Грузіі і Арменіі. Аднак асобнай часткі пра Беларусь не будзе. Чаму так?

Ініцыятар праекта “Гендарны маршрут”, даследчыца Ірына Саламаціна лічыць, што ўдзел Беларусі ў праектах, звязаных з гендарнымі пытаннямі, носіць фармальны характар:

“У іншых краінах ужо не першы год ідзе падрыхтоўка і праца з юрыстамі і прадстаўнікамі судоў і пракуратур. Там збіраецца статыстыка, ёсць нейкія фіксаваныя лічбы. У нас жа ніякая асобная статыстыка па справах, звязаных з гендарнымі пытаннямі, не збіраецца. У такіх зборніках Беларусь прысутнічае толькі намінальна. Адсутнасць асобнага раздзела пра Беларусь кажа пра тое, што ніхто не працуе з фактаграфіяй. Пакуль у Беларусі не збіраецца статыстыка, няма канкрэтных дадзеных — удзел у такіх праграмах застаецца фармальнасцю”.

Чытайце па тэме:  Танцы з санкцыямі

Плануецца, што ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, пракурораў і юрыстаў на базе БДУ будуць створаныя навучальныя курсы па пытаннях гендарнай роўнасці і доступу жанчын да правасуддзя. Аднак не вядома, хто на іх будзе выкладаць.

“Я не ўяўляю, хто будзе выкладаць курсы па гендарных пытаннях у Інстытуце перападрыхтоўкі пры БДУ, — распавядае Ірына Саламаціна. — У беларускіх ВНУ адсутнічае гендарная спецыялізацыя і даследаванні на гэтую тэму. Адкуль узяцца спецыялістам па гэтай тэме? І што ў выніку мы атрымаем?”


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.