Польскі Фонд міжнароднай салідарнасці (ФМС) апублікаваў адмысловю заяву пра магчымае скарачэнне фінансавання сайта “Хартыя’97”, паведамляе Еўрарадыё.

Звесткі пра скарачэнне фінансавай падтрымкі з’явіліся на мінулым тыдні. Рэдактарка сайта Наталля Радзіна паведаміла, што фінансаванне сайта скарачаецца ў пяць разоў, што азначае фактычнае закрыццё сайта. Кіраўніцтва Фонда ў адказ заявіла, што скарачэнне будзе не такім значным і што яны прапанавалі Радзінай магчымыя формы падтрымкі.

Цяпер Фонд інфармуе, што пакуль не прыняў канчатковага рашэння наконт памеру фінансавай падтрымкі сайта. ФМС пацвярджае сваю гатоўнасць і надалей падтрымліваць “Хартыі’97”, як і гатоўнасць да дыялогу пра магчымыя формы і правілы супрацы з сайтам у адпаведнасці з польскім заканадаўствам і наяўнымі сродкамі.

Разам з тым ФМС лічыць, што дыскусія, пачатая Наталляй Радзінай, — гэта спроба аказаць ціск на арганізацыю, якая перашкаджае ў пошуку паразумення.

Фонд заяўляе, што падтрымлівае шэраг незалежных арганізацый у Беларусі. Большасць з іх мае некалькі крыніцаў фінансавання, што значна спрашчае супрацу і дазваляе пазбегнуць неспрыяльнай залежнасці паміж донарам і бенефіцыярам. Паводле Фонда, сайт “Хартыя’97” у апошнія гады страціў падтрымку іншых донараў і не змог атрымаць якія-небудзь іншыя знешнія сродкі. Хаця іншыя донары ставяцца да “Хартыі’97” не вельмі спрыяльна, ФМС прапанаваў парталу дапамагчы ў дыверсіфікацыі крыніц фінансавання ў гэтым годзе. “Гэта прапанова Наталляй Радзінай была адхіленая”, — падкрэсліваюць у Фондзе.

Пазіцыю рэдакцыі сайта ў ФМС называюць неканструктыўнай. Пры гэтым Фонд падкрэслівае, што застаецца адкрытым для далейшага дыялогу.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: