Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і бізнэсмен Віктар Пракапеня 21 снежня наведалі школьнікаў з горада Барань і гарадскога пасёлка Балбасава. Яны падарылі вучням 600 планшэтаў, піша “Наша ніва”.

Фота: ПВТ

 

На тэхніцы ўсталяваны спецыяльны дадатак, які распрацавала кампанія Facemetrics (у якую нядаўна інвеставалі Віктар Пракапеня і Саід Гуцэрыеў, сын Міхаіла Гуцэрыева, а таксама Дзмітрый Шэленгоўскі), рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій. Абсталяванне кантралюе час работы дзяцей за планшэтам з дапамогай «камп’ютарнага зроку».

Праграма распазнае нават рухі вачэй школьніка і разумее, што той робіць. Умоўна кажучы, каб пачаць нейкую гульню, школьнік мусіць спачатку выканаць хатняе заданне або прачытаць нейкі тэкст для развіцця. Праграма здольная разумець, калі дзіцю сумна, якія прадметы выклікаюць у яго найбольшае захапленне і гэтай далей.

Такім чынам дзіця мусіць стымулявацца да вучобы.


Так выглядаюць тыя планшэты. Каб пагуляць, дзіця павінна пачытаць, напрыклад, беларускамоўную літаратуру.

 

Па сутнасці — гэта дабрачынны праект, скіраваны на развіццё дзяцей, якія большасць часу за гаджэтамі праводзяць у гульнях.

Як нам вядома, агулам закупленыя планшэты каштуюць каля $250 тысяч.

Але як расказалі «Нашай Ніве» людзі, знаёмыя з сітуацыяй, гэты праект ледзь не сарваўся пры абсурдных абставінах: справа ў тым, што візіт прадстаўнікоў Фонда Віктара Пракапені ў школы Барані і Балбасава ўжо не першы, бо з першага разу многія бацькі школьнікаў… проста адмовіліся браць тыя планшэты.

«Калі іх прапаноўвалі першы раз, пачалося неймавернае — бацькі школьнікаў адмаўляліся ад бясплатных планшэтаў пад абсурднымі нагодамі. «Я не буду браць, бо вы потым скажаце, што мы скралі яго і напішаце заяву ў міліцыю. Бо рэч дарагая — як гэта бясплатна?», — казалі яны. Іншыя палічылі, што за іхнімі дзецьмі будуць сачыць, што яны — «палігон», на якім мы адпрацоўваем нейкія шпіёнскія праграмы. Цяжка паверыць у гэта, з такой цемрай мы сутыкнуліся! Па выніку Пракапеня паехаў туды з чыноўнікамі, якія расказалі людзям, што гэта ўсё сапраўды бясплатна і сапраўды для таго, каб іх дзеці вучыліся», — расказалі «Нашай Ніве» крыніцы.

Бацькі спалохаліся вось гэтай паперы, якую ім далі на подпіс: у ёй папярэджваецца, што праграма будзе фіксаваць твар дзіцяці на відэа і перасылаць яго на сервер — гэта патрэбна для таго, каб штучны інтэлект прааналізаваў рухі вачэй і зрабіў выснову, чым займаецца дзіцё, ці сапраўды яно чытала, або проста глядзела ў экран, умоўна. Але мала хто зразумеў сэнс напісанага.

Выглядае, што з другой спробы і пры дапамозе высокіх чыноўнікаў усё атрымалася.

«Дзеці выглядаюць шчаслівымі», — кажуць тыя, хто прысутнічаў на перапрыемстве.

Мы таксама звярнуліся да Віктара Пракапені з просьбай пракаментаваць сітуацыю, ён пацвердзіў згаданыя факты.

«У Беларусі нізкі узровень даверу насельніцтва адзін аднаму. Важна, што гаворка ідзе не пра ўзровень даверу дзяржаве, а пра ўзровень даверу адзін аднаму. Я вельмі веру, што гэты давер будзе расці, без яго не бывае росквіту і эканамічнага росту. Вельмі хочацца, каб у нашай краіне ўсё верылі ў тое, што цуды бываюць — хаця б на Новы Год!», — сказаў ён.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: