На 30 ліпеня прызначаны судовы разгляд справы супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, лідараў незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), паведамляе «Радыё Свабода».

Генадзь Фядыніч, Беларуская праўда

 

 

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Як лічыць следства, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не заплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачванне падало пазоў аб спагнанні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Фядынічу і Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Працэс будзе праходзіць у судзе Ленінскага раёну, а не Савецкага, дзе зарэгістраваная сядзіба прафсаюзу, паведаміў Свабодзе Фядыніч. Ён лічыць, што гэта звязана з тым, што там большыя памяшканні:

«Наша справа ўсё ж незвычайная. Працэс адкрыты. Таму ўлады і перанеслі суд туды», — дадаў Фядыніч.

Пачатак суду амаль супаў з днём народзінаў Фядыніча, якому 31 ліпеня спаўняецца 61 год.

Прафсаюзны лідэр кажа, што ў яго няма ілюзіяў адносна справядлівага разгляду справы. Ён прагназуе, што прэцэдэнт з РЭП можа мець вялікія наступствы для ўсяго няўрадавага сэктару Беларусі.

«Стварыць фэйкавую электронную скрыню, нашпігаваць яе падробнымі дакументамі, а затым легалізаваць іх праз пракуратуру і суд — такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было. Праваабаронцы, прадстаўнікі Глабальнага саюзу IndustriALL, які аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах свету, ужо заявілі, што будуць уважліва сачыць за працэсам», — кажа Фядыніч.

Бяляцкі праходзіў па гэтым жа артыкуле

Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі на на 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, вызвалілі праз тры гады. Беларускія, еўрапейскія і амерыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку следчых дзеянняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.

Што важна ведаць

· Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 года.

· Паводле следства, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч еўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.

· Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

· Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

· Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».

· Следчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: