6 чэрвеня кіраўнік Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык падаў афіцыйныя скаргі ў пракуратуру і ў Гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміалогіі Мінска на ўмовы ўтрымання пад вартай. Толькі 18 мая палітык выйшаў на волю пасля чарговага арышту на 15 сутак.

“Не маю ілюзій, што ў сённяшніх варунках гэтыя дзяржаўныя ўстановы будуць прытрымлівацца нормаў міжнароднага і беларускага заканадаўства, і будуць здольны навесці хоць мінімальны парадак у знакамітай турме на Акрэсціна, якая вядомая ў СМІ пад абрэвіатурай ЦІП”, – лічыць Вячаслаў Сіўчык.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 23 сакавіка завочна асудзіў Вячаслава Сіўчыка да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак, якія адбываў з 23 сакавіка па 24 сакавіка — у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), а з 24 сакавіка па 7 красавіка знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Жодзіна.

4 мая суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў В.Сіўчыка на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбываў у ЦІПе.

Вячаслаў Сіўчык лічыць незаконнымі апошнія прысуды суда Цэнтральнага раёна, але і ўмовы ўтрымання пад вартай.

Палітык абгрунтаваў свае высновы ў скаргах.

“Аднак умовы ўтрымання ў ЦІПе і ІЧУ з’яўляліся бесчалавечнымі і прыніжаючымі чалавечую годнасць па наступных пунктах:

1. Права на абарону.

У перыяд майго адбыцця арышту з 03 мая па 18 мая адміністрацыя ЦІПа не дапускала да мяне адваката, які неаднаразова прыязджаў у ЦІП. Мне не выдаваліся пісьмовыя прыналежнасці падчас адбыцця адміністратыўнага арышту, пры гэтым незаконна ізымаліся з перадачаў, а наяўныя да майго з’яўлення ў камеры ручка і аловак – зніклі падчас вобшукаў камеры супрацоўнікамі ЦІПа. Таму я не меў магчымасці абскардзіць дзеянні адміністрацыі ЦІПа, што з’яўляецца парушэннем маіх правоў пры ўтрыманні і парушэннем артыкула 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і часткі 5 артыкула 18.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

2. Свабода веравызнання.

У ЦІП і ІЧУ пры асабістым вобшуку неаднаразова спрабавалі прымусіць мяне зняць нацельны крыжык. Дадзеныя абставіны з’яўляюцца не толькі грубым парушэннем арт. 16 Правілаў № 313, арт. 23 пастановы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 30.11.2016 г. № 313 “Аб зацвярджэнні правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання тэрытарыяльных органаў унутраных спраў”, якія замацоўваюць права адміністратыўна арыштаванага на прадметы рэлігійнага культу, але й парушаюць арт. 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які абвяшчае, што “кожны мае права самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, аднаасобна альбо сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію ці не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя са стаўленнем да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам”. Нацельны крыжык з’яўляецца для мяне абавязковым прадметам для магчымасці выконваць рэлігійныя абрады, знаходзячыся ў ізаляваным памяшканні.

3. Тэмпература ў камеры і вентыляцыя.

Вентыляцыя працуе кепска, свежае паветра трапляла ў памяшканне толькі дзякуючы скразнякам пры адкрыцці дзвярэй. Няма доступу да форткі. Таму паветра цяжкае, насычанае міазмамі. Брудныя сцены, бачна, што яны практычна не мыюцца. Тэмпература ў камеры цалкам залежыць ад надвор’я, бо пры рэзкім пахаладанні ацяпленне камер не прадугледжана. Лічу, што такія ўмовы ўтрымання ў камеры не адпавядаюць арт. 10 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі ААН і з’яўляюцца жорсткім абыходжаннем.

4. Умовы для адпачынку.

Пасцельную бялізну ў ЦІПе выдалі не цалкам, матрац і падушка былі прапітаныя непрыемнымі староннімі пахамі. Акрамя таго ў камерах ЦІП адстунасць прыступак ускладняла доступ на другі паверх спальнага месца (нараў), што з’яўляецца парушэннем арт. 38 Пастановы Міністэртсва ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2015 г. № 313 “Аб зацверджанні правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту” (далей – Правіла № 313). Таксама дадзены факт з’яўляецца парушэннем Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі ААН (Прынятыя на першым Кангрэсе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па папярэджанні злачыннасці і абыходжанні з правапарушальнікамі, што адбыўся ў Жэневе ў 1955 годзе, і былі ўхваленыя Эканамічным і Сацыяльным Саветам у яго рэзалюцыях 663 С (XXIV) ад 31 ліпеня 1957 года і 2076 (LXII) ад 13 мая 1977 года), а менавіта арт. 19, які абвяшчае, што кожнаму зняволенаму трэба забяспечыць асобны ложак у адпаведнасці з нацыянальнымі альбо мясцовымі нормамі, забяспечаную асобнымі спальнымі прыналежнасцямі, якія павінны быць чыстымі ў момант іх выдачы, падтрымлівацца ў спраўнасці і мяняцца дастакова часта, каб забяспечыць іх чысціню.

5. Санітарныя ўмовы.

Дадзеныя абставіны сведчаць пра парушэнне арт. 12 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі, які абвяшчае, што санітарныя ўстаноўкі павінны быць дастатковымі для таго, каб кожны зняволены мог задавальняць свае натуральныя патрэбы, калі яму гэта патрэбна, ва ўмовах чысціні і прыстойнасці. У камерах адсутнічаюць унітазы. Лічу, што сістэма карыстання прыбіральняй у камерах прыніжае чалавечую годнасць.
Я ўтрымліваўся з 3 мая па 18 мая ў камеры разам з асобамі, якія мелі неахайны знешні выгляд.

З 6 мая па 13 мая я ўтрымліваўся ў камеры, дзе колькасць людзей перавышала нормы напаўняльнасці. На шэсць спальных месцаў (нараў) было сем чалавек – замест двух вызваленых сукамернікаў уладкавалі трох чалавек, два з каторых былі затрыманыя ў выніку аперацыі “Антыбомж”, што праводзілася ў Фрунзенскім раёне г.Мінска, а таксама чалавек, які правёў у ЦІП 32 сутак і толькі адзін раз прымаў душ. Натуральна, што гэта стварае ўмовы для распаўсюду хваробаў і насякомых.

Прадметы асабістай гігіены (мыла гаспадарчае, мыла туалетнае, туалетная папера) з 23.03 па 07.04 не выдаваліся, што з’яўляецца парушэннем арт. 38 Правілаў № 313. З 03.05 па 18.05 было выдадзена некалькі маленькіх кавалкаў гаспадарчага мыла і два пагонныя метры туалетнай паперы, што з’яўляецца парушэннем правілаў знаходжання адміністрацыйна арыштаваных.

6. Асвятленне.

У камеры ёсць акно, праз якое амаль не трапляе натуральнае святло. Пры такім асвятленні нармальна чытаць немагчыма. Ноччу пастаянна гарэла святло, што не спрыяла паўнавартаснаму адпачынку і выклікала пачуццё пастаяннага напружання. Гэта з’яўляецца жорсткім абыходжаннем і парушэннем арт. 11 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі, які абвяшчае, што “вокны павінны мець дастатковыя памеры для таго, каб зняволеныя маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле, і павінны быць сканструяваныя так, каб забяспечваць доступ свежага паветра, незалежна ад таго, існуе ці не штучная сістэма вентыляцыі”.

7. Прагулкі.

Штодзённых прагулак на свежым паветры не прадстаўлялася, што парушае п. 7 арт. 18.7 ПВКаАП, а таксама арт. 108, арт. 109 Правілаў № 313. Зыходзячы з таго, што і ў камеры не было месца для фізічнай зарадкі, неабходныя фізічныя практыкаванні для нармальнага жыццезабеспячэння арганізма былі выключаныя, што з’яўляецца жорсткім абыходжаннем. Таксама вышэйпералічаныя абставіны пацвярджаюць факт парушэння п. 1 арт. 21 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі, якія абвяшчаюць, што “ўсе зняволеныя, не занятыя працай на свежым паветры, маюць штодзённае права, прынамсі, на гадзіну падыходзячых фізічных практыкаванняў у двары, калі гэта дазваляе надвор’е”.

8. Абсталяванне камеры.

Настольныя гульні не выдавалі, камера не была абсталяваная сеткавым радыёпрыёмнікам, што з’яўляецца парушэннем арт. 36 Правілаў № 313.

9. Галадоўка.

Вымушаны быў трымаць галадоўку з 4 мая па 18 мая 2017 года, на знак пратэсту супраць новаўвядзенняў у ЦІПе ў 2016 годзе, пры гэтым пры паступленні 4 мая 2017 года звярнуўся з пісьмовай заявай да адміністрацыі ЦІПа забяспечыць мяне штодзённымі прагулкамі і падачаў у камеру кіпня 3 разы на суткі. Нават гэта не было дазволенна. Замест кіпня давалі цёплую ваду, таму што ўсе дзяжурныя па ЦІПе тлумачылі, што кіпень не дазволены. Расцэньваю дзеянні супрацоўнікаў ЦІП як свядомую спробу нанесці шкоду майму здароўю.

10. Курэнне.

У ІЧУ адсутнічае падзел камераў для тых, хто курыць, і тых, хто не курыць. Такім чынам парушаюцца правы і першых, і другіх. У ЦІПе забаронена курыць у камерах, што з’яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства, наносіла мне асабістую шкоду і можа быць прыраўнена да катавання.

11. Обшукі.

Штодзённа між 8-й і 9-й раніцы адбываўся вобшук мяне і маіх сукамернікаў на калідоры з адначасовым вобшукам пустой камеры. Лічу гэта парушэннем маіх правоў.

12. Маральная атмасфера ў камеры.

Дадатковай абразай майго асабістага гонару і годнасці былі здзекі з маіх сукамернікаў з боку адміністрацыі ЦІПа праз умовы ўтрымання. У тым ліку праз графік прыёму ежы – сняданак з адначасовай раздачай хлеба да сняданка а 7-й, раздача хлеба да абеда і вячэры а 14-й, першая страва абеду – а 15-й, другая страва – на працягу гадзіны пасля гэтага, вячэра – паміж 17-й і 18-й гадзінамі. Пры гэтым чай выдаецца толькі падчас сняданка (візуальна -150 мл), што яўна недастаткова было для маіх сукамернікаў. 9 мая, у чарговую гадавіну перамогі над нацызмам, вышэйапісаны графік прыёму ежы прывёў да таго, што маім сукамернікам адразу ў адну міску адначасова выдалі другую страву абеду і вячэру.

Артыкул 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае, што “ніхто не павінны падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму альбо прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню ці пакаранню”.

Пра тое ж гаворыць артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 1973/10/05, які ўступіў у сілу для Беларускай ССР 03.23.1975 года: “ніхто не павінны падвяргацца катаванням альбо жорсткаму, бесчалавечнаму ці прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню альбо пакаранню”.

Такім чынам, у сукупнасці ўмовы майго ўтрымання ў ЦІПе і ІЧУ не адпавядаюць арт. 10, арт. 11, арт. 12, арт. 19, п. 1 арт. 21 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі ААН, Правілам унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністратыўнага арышту, зацверджаных пастановай МУС Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2015 г. № 313, і з’яўляюцца парушэннем арт. 7 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 25, 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт. 18.3, 18.7 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь”.

Беларуская праўда


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.