24 жніўня новым амбасадарам Расеі ў Беларусі прызначаны Міхаіл Бабіч — чыноўнік, якому два гады таму Ўкраіна адмовілася даць агрэман на прызначэньне ў Кіеў, нагадвае Радыё Свабода.

Мацьвей Ганапольскі

 

Інфармацыя пра кандыдатуру 49-гадовага Міхаіла Бабіча, які меўся замяніць на пасадзе кіраўніка расейскай дыпмісіі 78-гадовага Аляксандра Сурыкава, хадзіла больш за месяц. Але толькі пасьля таго, як 22 жніўня Аляксандар Лукашэнка наведаўся ў Сочы да Ўладзімера Пуціна, рашэньне было прынятае.

Чым выклікана жаданьне Крамля паслаць у Менск дасьведчанага сілавіка, які кантраляваў палітычныя працэсы ў Чачні і браў удзел у рашэньні аб анэксіі Крыму, Свабода спытала ў вядомага ўкраінскага і расейскага журналіста Мацьвея Ганапольскага.

Працяглы час Ганапольскі працаваў у недзяржаўных мэдыях Расеі, але ад 2014 году, з пачаткам акупацыі Крыму і вайны на Данбасе, пераехаў ва Ўкраіну, вядзе аўтарскія праграмы на радыё і тэлебачаньні.

Лукашэнку даціснулі ў Сочы

— Мацьвей, для Ўкраіны асоба Міхаіла Бабіча непажаданая ўжо таму, што ў статусе чальца Савету бясьпекі Расеі ён галасаваў за анэксію Крыму. Украінскія экспэрты наўпрост заяўлялі: прафэсійны дывэрсант і кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі Данбасу. А ў чым, на ваш погляд, палітычны падтэкст яго прызначэньня ў Беларусь?

— Прызначэньне Бабіча — гэта, канечне, узмацненьне кантролю Масквы над Менскам. Вядома, што Кіеў у свой час адмовіўся ад паслугаў крамлёўскага сілавіка, які быў гэткім «гасударавым» пуцінскім вокам у Чачні, не дапусьціў яго на сваю тэрыторыю. А вось Менск, як бачым, даціснулі, Лукашэнку нахілілі.

Натуральна, трэба разумець, што Ўкраіна і Расея ў стане вайны, таму ўкраінскае кіраўніцтва можа прадэманстраваць свой характар. Але відавочна, што былі пытаньні і з боку Беларусі, прынамсі супраціў гэтай кандыдатуры быў досыць працяглы. Як відаць, толькі падчас асабістых гутарак Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы ўдалося канчаткова дамовіцца. І сьведчыць гэта пра тое, што ня столькі Лукашэнка іншы, колькі статус Беларусі ў складзе так званай саюзнай дзяржавы моцна адрозьніваецца ад статусу Ўкраіны.

Крамлёўская аплявуха беларускаму лідэру

— У расейскіх палітычных колах прызначэньне апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак называецца цалкам лягічным — у тым ліку з разьлікам, каб не дапусьціць беларускага Майдану.

— Безумоўна, зьяўленьне ў Менску Бабіча — гэта шматпрофільнае і шматразовае ўзмацненьне, прабачце, калі не спадабаецца, сачэньня за ўсімі сфэрамі жыцьця ў Беларусі. Гэта ня проста канстатацыя факту, гэта азначае, што Пуцін не зусім давярае Лукашэнку. Для беларускага прэзыдэнта такая сытуацыя ганебная. З аднаго боку, ён ведае, што на Бабічу няма дзе клеймы ставіць, зь іншага — вымушаны з усім пагаджацца.

А наогул, што б Пуцін ні рабіў, ён гэта робіць самым прыніжальным чынам для сваіх партнэраў. Думаю, што Лукашэнка, зьнешне пагадзіўшыся, успрыняў гэта як чарговую аплявуху. Ня ведаю, ці ўсяму беларускаму народу, бо фармальна людзей мала тычыцца, але што сабе, дык пэўна. Не бяруся варажыць, якія аргумэнты прывёў Пуцін беларускаму калегу ў Сочы, але трэба разумець адно. Калі дзяржаўны лідэр ня хоча, каб нейкі канкрэтны чалавек быў куратарам яго дзеяньняў, а яму настойліва кажуць — не, усё адно будзе ён — то гэта тая саломіна, якая можа зламаць хрыбет аслу.

Пасол Расеі — больш чым пасол. Чаго чакаць ад новага пуцінскага прызначэньня

— Ці магло так стацца, што такі чалавек спатрэбіўся Крамлю ў адказ на геапалітычныя манэўры Менску? Ня маючы ранейшай фінансавай падтрымкі з Расеі, Лукашэнка часьцей пазірае на Захад, разьвівае супрацу з Кітаем, Украінай.

— Сапраўды, на фоне ўжо амаль дыямэтральных уцёкаў Беларусі ад Расеі, усё больш асэнсаванага кірунку ў бок Украіны ці нават Кітаю — так, гэта таксама рэакцыя Лукашэнкі на залішне навязьлівую апеку Крамля. Таму ў гэтым сэнсе прызначэньне Бабіча — як аплявуха за непаслухмянасьць. Ну што зробіш? Як ёсьць сьпіс дабрадзействаў, дакладна гэтак жа існуе сьпіс абразаў. Перакананы, што Лукашэнка ўсяго гэтага пэўна не забудзецца.

Ганьба перад тварам апазыцыі

— Думаеце, расейскі амбасадар будзе даваць у Менску свае распараджэньні?

— Ня думаю, што пытаньне стаіць менавіта так. Канечне, сьмяяцца з гэтага можна, аднак рэакцыя з боку Лукашэнкі ўсё ж павінна быць больш глыбіннай. Можа, беларускім жартаўнікам і да сьмеху, але «бацьку» ў гэтай сытуацыя пэўна ня весела.

Разумееце, сачыць за Беларусьсю можна пры дапамозе абсалютна любога супрацоўніка расейскай амбасады. Дый ня толькі. Мяркую, як мінімум кожны пяцісоты жыхар краіны — не палічыце за абразу вялікага беларускага народу — зьяўляецца агентам КДБ ці ФСБ. Пацьвердзіць гэта магу на прыкладзе Ўкраіны, дзе ледзь не палова генэралітэту да пачатку ўкраінска-расейскай вайны проста зьлівала інфармацыю ў Маскву. Я ўжо не кажу пра тое, што ўкраінскія спэцслужбы кантраляваліся расейскімі эфэсбэшнікамі.

— Падсумоўваючы: дык якая мэта прызначэньня Бабіча — публічна зьняважыць Лукашэнку?

— Абсалютна, бо ў беларускай сытуацыі відавочнае пазёрства Пуціна, гэткае публічна-пляцавае прыніжэньне Лукашэнкі. І калі шараговым грамадзянам збольшага па барабану, то беларускаму палітыкуму ня ўсё роўна. Тое, што Пуцін нахіліў, зламаў Лукашэнку ў той сочынскай гутарцы, выстаўляе яго як абсалютна несамастойную фігуру. І гэта ягоная асабістая ганьба перад беларускай апазыцыяй, людзьмі, якія лічаць, што Беларусь павінна аддаляцца ад Расеі. Самае галоўнае, ён пагадзіўся на крок, які наносіць безумоўную шкоду незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: