Гісторыя з закапаным на Валковіча бронетранспарцёрам пацвердзілася. У сераду 6 верасня рабочая тэхніка выкапала некаторыя часткі ваеннай тэхнікі. Як мяркуецца, гэта часткі нямецкага БТРа часоў Другой Сусветнай вайны.

Нагадаем, у канцы лiпеня на вуліцы Валковіча пачаўся дэмантаж старых пабудоў для будучага будаўніцтва двух дамоў для шматдзетных сем’яў. Паводле ўспамінаў былога ўладальніка дома №17 Аляксандра Свідэрскага, а таксама іншых жыхароў вуліцы, у двары, дзе цяпер працуе тэхніка, закапаны нямецкі БТР часоў Другой сусветнай вайны. Будаўнікі пра легенду ведалi, але капаць не спяшалiся.

Толькi пасля перамоваў былога ўладальніка дома  і журналістаў з рабочымі, было вырашана праверыць меркаванае месца.

Месца дзе працавала рабочая тэхніка

 

У сераду 6 веранся рабочыя ў канцы працоўнага дня вырашылі капнуць ў тым месцы, дзе паказваў Аляксандр. Як апынулася, на глыбіні 1.5 метра паказалicя першыя знаходкі: гусенiцы і колы ад ваеннай тэхнікі.

Экскаватаршчык, які капаў быў здзіўлены ўбачанаму і адразу сказаў, што гэта рэшткі нямецкай ваеннай тэхнікі.

“Дакладна, не савецкая. Ніхто з рабочых не верыў, што ў зямлі можа быць нешта, але мы вырашылі ўсё ж такі праверыць. Раз капнуў і рэальна натыкнуліся на жалеза. Вядома,  не цэлы БТР, але відаць што часткі ад ваеннай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны”.

Ваенныя каскі часоў Другой сусветнай вайны

 

Акрамя частак тэхнікі працоўным атрымалася знайсці дзве каскі (нямецкую і савецкую), некалькі каструль i старыя бутэлькi.

Сам былы ўладальнік дома на тэрыторыi якога быў закапаны БТР, рады знаходкам і кажа, што дзед меў рацыю.

“Мне мала хто верыў, многія думалі, што з тэхнікай выдуманая гісторыя, але калі капнулi трохі, то стала ўсім зразумела. І адразу на душы стала лягчэй. Калі рабочыя больш капнуць, то думаю знойдуць і  астатнія часткі. Магчыма там дзесцi  і частка кузава будзе”, – распавёў Аляксандр.

Што будзе са знаходкамі пакуль невядома, але ўжо з’явіліся з Мінска спецыялісты, якія іх гатовыя забраць сабе і далей даследаваць тэрыторыю. Але варта адзначыць, што асобныя часткі старой ваеннай тэхнікі не прадстаўляюць вялікай каштоўнасці для гісторыі.

Руслан Кулевіч, фота: аўтара, Нrodna.life

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...