Gavarun.by рыхтуе чатырохмесячны мультмарафон для беларускамоўных дзетак: рыхтуецца ў свет 48-серыйны мульсерыял “Хамф”. Аднак існуе пагроза, што брытанскі мультсерыял стане апошняй працай праекта.

Скрыншот з мультфільма “Падынгтан”

 

 

Тры гады таму Павел Бычкоў з жонкай стварылі студыю дыктарскага агучвання gavarun.by: за 3 гады агучана каля 80 поўнаметражных і кароткаметражных стужак, большай часткай на валанцёрскіх пачатках. Але існуе пагроза, што “Хамф” можа стаць апошнім мультфільмам паректа.

Беларуская праўда пагутарыла з сузаснавальнікам праекта Gavarun.by Паўлам Бычковым (творчы псеўданім – Адам Трыпутнік).

– Gavarun.by – хто гэтыя людзі, якія займаюцца агучкай фільмаў і мульфільмаў па-беларуску?

-Хутка споўніцца тры гады, як я са сваёй жонкай распачалі праект – пачалі агучваць фільмы на беларускую мову.

-Трэба разумець, ад пачатку Gavarun.by з’яўляўся сямейным праектам?

-Я сышоў з працы, так што ў мяне з’явіўся вольны час, мая жонка сышла ў дэкрэт. І вырашылі агучваць фільмы па-беларуску: мы і самі хацелі перайсці на беларускую мову, і дзіця сваё навучаць. І вырашылі пачынаць гэтую справу з сябе, пачалі шукаць фільмы па-беларуску, але такіх было мала. Вось так мы і прыйшлі да высновы, што трэба агучваць самым.

Спачатку мы знаходзілі ў смеціве гатовыя трэкеры і агучвалі іх.

Затым да нас пачалі далучацца перакладчыкі, фільмы сталі падбіраць усе разам – каб было цікава ўсім. Адзін з нашых фільмаў убачыў чалавек, які стаў нашым рэдактарам. Працы паступолва сталі набываць больш прафесійны характар, пераклады сталі лепей, і загучалі зусім інакш.

Цяпер у нашай камандзе – некалькі перакладчыкаў, рэдактар. Пакуль агучваем толькі на два галасы.

– Агучванне брытанскага мультсерыяла Хамф, на які вы збіралі грошы, мусіць стаць больш маштабным праектам?

– Сапраўды, з брытанскім мультсерыялам Хамф вырашылі рабіць шматгалоску. Да нас у якасці дыктараў прыйшлі (і мы прыступілі ўжо да працы) беларускія акцёры Тэатра і кіно Алесь Малчанаў і Хрысціна Дробыш. 48-серыйны мульсерыял Хамф мы ўжо будзем рабіць на чатыры галасы.

На Ulej.by мы ўжо сабралі неабходную суму – 5980 рублёў. У хуткім часе збіраемся распачынаць марафон: штотыдня будуць выходзіць па тры серыі (панядзелак, серада, пятніца). Задуманы мультмарафон будзе доўжыцца амаль чатыры месяцы. Мульсерыял можна паглядзець на нашым ютуб-канале – бясплатна і легальна. Пілотная серыя мультсерыяла ўжо агучана і даступна для гледачоў.

-Раз вы пачыналі Gavarun.by як сямейны праект, то, відавочна, першым і самым важным гледачом і крытыкам стаў ваш сын?

-Нашаму хлопчыку крыху больш за тры гады. Гэта наш першы і самы сур’ёзны тэстар (смяецца) – калі падабаецца сыну, значыць, спадабаецца і іншым дзеткам. Мы рабілі мультфільм, які ў беларускай агучцы займеў назву “Любімчыкі” (Tiny Love) – вядомы ізоаільскі мультфільм для самых-самых маленькіх дзетак. Дзеткам вельмі спадабалася. Мультсерыял Хамф разлічаны на дзетак 2-5 гадоў. Зараз мы робім мультфільм “Папірус”, але ён ужо разлічаны на падлеткаў – пра прыгоды хлопчыка і ягоных сяброў у Старажытным Егіпце.

-А прафесійныя акцёры далучыліся да праекта Gavarun.by на пастаяннай аснове ці толькі на агучку “Хамфа”?

-Вы ж разумееце, што я з жонкай, дзве фізічныя асобы, не можам прапанаваць акцёрам аклады. З’явіцца падтрымка або цікавыя прапановы – мы вельмі хацелі б працаваць Алесем Малчанавым і Хрысцінай Дробыш.

-Вы агучваеце толькі мульцікі?

-Не. Мы ўжо зрабілі фільмаў дваццаць, і толькі пасля схамянуліся, што ў нас вельмі мала дзіцяага кантэнту – а гэта больш важна. Мы зрабілі некалькі паўнаметражных мультфільмаў (“Маленькі прынц”, “Вучань святога Мікалая”, “Вэрхал у галаве”), але паўтары-тры гадзіны дзеткам цяжка вытрымаць. Але кароценькія яскравыя серыі заходзяць вельмі добра, па пятніцах бацькі звоніць: калі ўжо працяг?..

-Відавочна, ваш праект робіцца на валанцёрскіх пачатках. А як жа выжываеце, тым больш з малым дзіцем на руках?

-Цяжка выжываем. Ужо сур’ёзна задумаліся, каб перавесці сваю справу ў хобі – рабіць якую серыю ў год.

-Дзе працуеце зараз, калі не сакрэт?

-Пакуль нідзе не працую. Закончым мультсерыял “Хамф” – і тады ўшчыльную займуся пошукам працы.

Глеб Юрын, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...