Нават адмена “дэкрэта аб дармаедах” ужо не спыніць людзей: толькі дыялог з грамадствам здольны гарантаваць незалежнасць Беларусі.

Генадзь Фядыніч, reporter.by

Генадзь Фядыніч, reporter.by

Беларуская праўда друкуе заключную частку інтэрв’ю са старшынём незалежнага Беларускага прафсаюза радыеэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзем Фядынічам.

-Эпоха пераследу незалежных прафсаюзаў пачалася ў 1998 годзе з загаду – не пускаць на прадпрыемствы. На вялікай нарадзе Лукашэнка даручыў міністру прамысловасці – цягам двух месяцаў разабрацца з РЭПам. Аднак выканаць загад аказалася не так і проста: наш калектыў быў досыць вялікі. Тым не менш, часы для прафсаюза аказаліся надзвычай цяжкімі. Кіраўнікам заводаў паставілі ўльтыматум: не выведзеце сваіх людзей з РЭПа, не атрымаеце дзяржаўных заказаў.

Я ніколі не хадзіў на паклон да дырэктараў. Але ж мы не рабілі таго, за што мне сёння сорамна. Дырэктары прыходзілі ў мой кабінет і ставілі перад фактам: нічога не можам зрабіць, бо не атрымаем дзяржзаказаў. На прадпрыемствах праводзілі лятучыя канферэнцыі, дзе рабочых проста выводзілі са складу прафсаюза, не звяртаючы ўвагі ні на статут прафсаюза, ні на законы. Аднак прайшло два-тры месяцы, ды разабрацца з прафсаюзам не ўдалося. І тады з’явіўся новы загад: выключыць усіх рабочых з РЭПа, а пры магчымасці – знішчыць і сам прафсаюз.

Па заканадаўству, для функцыявання прафсаюза трэба не менш за 500 чалавек з Мінска і абласных цэнтраў. Пасля таго накату нас засталося ўсяго 620 чалавек. Людзей выклікалі ў пракуратуру і прамым тэкстам казалі: а ці не час пакінуць прафсаюз? Нам не маглі дараваць, што разам з іншымі незалежнымі прафсаюзамі мы ініцыявалі справу №2090 у Міжнароднай арганізацыі працы. Нам не маглі дараваць, што кіраўнікоў ураду выклікалі ў Жэневу і патрабавалі тлумачэнняў. Я тады ўпершыню прысутнічаў на канферэнцыі МАП: за ноч напісалі даклад, пераклалі; пасля майго дакладу прысутныя стоячы апладзіравалі. Справа №2090 стала сапраўдным поспехам незалежных прафсаюзаў. Хаця на той час РЭП яшчэ уваходзіў у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Чытайце па тэме:  Геннадий Федынич: 2016-й станет для граждан Беларуси годом обнищания

“Не ўсе працавалі на перамогу Ганчарыка”

 

-Ці не стаўся памылкай удзел ФПБ у прэзідэнцкіх выбарах 2001 года? Ці магла Федэрацыя павесці сябе інакш у часе той кампаніі?

-У 2001 годзе старшыня ФПБ Уладзімір Ганчарык вылучаўся кандыдатам на прэзідэнта. На мой погляд, калі б не было мітусні з вызначэннем адзінага (на пасаду адзінага прэтэндавалі Уладзімір Ганчарык, Павел Казлоўскі, Сяргей Калякін, Міхаіл Чыгір і Сямён Домаш. – БП), то Федэрацыя магла і не пайсці на паклон да ўладаў.

Калі б усе кіраўнікі Федэрацыі вылучаліся працоўнымі калектывамі ды змагаліся за людзей (не на словах, а на самой справе), то вынік мог быць зусім іншы. Я сярод іншых старшыняў прафсаюзаў з’яўляўся даверанай асобай Уладзіміра Ганчарыка.

-Ці меў Ганчарык магчымасць выйграць выбары ў 2001 годзе?

-Тады яшчэ прафсаюзы не былі настолькі незалежныя і самастойныя, відаць, адзіным кандыдатам ад апазіцыі варта было выбіраць не Ганчарыка, а былога губернатара з Гродна Сямёна Домаша. Калі ідзеш на выбары ад ФПБ, то мусіш быць перакананы, што ўвесь працоўны клас пойдзе за табой. А як інакш? Ды не адбылося: відаць, недапрацавалі, а нехта і не хацеў працаваць на перамогу Ганчарыка.

-ФПБ не задаволіла персона самога Ганчарыка?

-Ганчарык задаволіў ФПБ. Але калі адміністрацыя прэзідэнта аддала загад, каб членскія ўзносы не пералічваліся праз рахункі прадпрыемстваў, унёскі трэба было збіраць уручную, чыноўнікі ФПБ далі задні ход і фактычна байкатавалі прэзідэнцкую кампанію Уладзіміра Ганчарыка. Калі б кіраўнікі ФПБ падтрымалі свайго лідара, калі б заклікалі народ выйсці на плошчу – людзі выйшлі б. Кіраўніком Федэрацыі трэба было абіраць не рахманага Франца Вітко, а моцнага лідара, які б не зліў прафсаюзы.

“Не падабаюцца незалежныя парфсаюзы – стварайце свае”

 

Чытайце па тэме:  Геннадию Федыничу - 60. «Молодой, ты не отказывайся... будешь нашим профсоюзным лидером»

-З той кампаніі мінула 16 гадоў… Як змяніліся ўмовы дзейнасці незалежных прафсаюзаў?

-Мы па-ранейшаму не маем доступу на прадпрыествы. Нядопуск на заводы не дае магчымасці незалежным прафсаюзам (Свабодны прафсаюз Беларускі, Незалежны прафсаюз гарнякоў, РЭП і Свабодны прафсаюз металістаў) стаць класічнымі прафсаюзамі. Мы не маем магчымасці заключаць тарыфныя пагадненні і калектыўныя дамовы – гэта вялікі мінус. Не хапае ў нас сіл дайсці на кожнае прадпрыемства, патлумачыць людзям: кідайце дзяржаўныя прафсаюзы, не трэба вам незалежныя – стварайце свае прафсаюзы. Вось што трэба сёння.

Хаця нашыя шэрагі растуць. Летась у прафсаюз РЭП прыйшло намнога болей людзей, чым папярэднія гады; з 620 чалавек, якія заставаліся ў прафсаюзе пасля разгрому, сёння прафсаюз вырас да 2200 сябраў. Штогод мы прымаем у прафсаюз 170-210 чалавек.

-Ці мае незалежны прафсаюзны рух перспектывы? Ці, як і ўся апазіцыя, прафсаюзы маргіналізаваліся?

-Мне здаецца, мае. Сёння людзі баяцца страціць працу, дырэктарат пагражае звальненнямі за сяброўства ў незалежных прафсаюзах. Але паціху страх сыходзіць. Дый наймальніку прасцей працаваць з прадказальным прафсаюзам, чым знаходзіцца пад перманентнай пагрозай стыхійных бунтаў. Дзяржава сама зацікаўленая ў стварэнні ўмоў для дзейнасці незалежных прафсаюзаў і наймальнікаў, праўда, тое не пра Беларусь сказана.

-Жыццё паказвае: так жыць далей нельга, трэба мяняць усю сістэму. Якую ролю вы адводзіце прафсаюзу РЭП у будучых пераменах?

-Ролю прафсаюза РЭП можна лічыць выкананай, калі нам удасца паказаць людзям – што рабіць і як рабіць. Але й людзі мусяць зразумець: паасобку воз не зрушыць з месца. За свае правы давядзецца змагацца заўсёды, нават калі заўтра прыйдзе хоць тройчы дэмакратычная ўлада.

Мы перажываем змрочныя часіны: краіна вельмі запушчаная, нялёгка прыйдзецца людзям. Абяцанкі-цацанкі давесці сярэдні заробак да 500 долараў прыводзіць народ у шаленства.

-Дарэчы, БТ паказала прапагандыскі фільм “Званок сябру”, дзе выступленні “дармаедаў” назвалі праплачанымі. Што скажаце на гэтае абвінавачанне: менавіта прафсаюз РЭП і распачаў кампанію супраць тунеядства. ..

Чытайце па тэме:  В Бобруйске прошел обыск. 12 марта в городе должен пройти пикет против "декрета о тунеядстве"

-Прафсаюз РЭП не заплаціў нікому ні капейкі.

А вось тым, хто прывык языком, бы памялом, махаць, я параю адно: заплаціце людзям на іх працоўных месцах. Дайце беларусам  дастойны заробак! Людзі за свае капейкі едуць у Мінск на акцыі пратэсту, самастойна рыхтуюць мітынгі ў рэгіёнах: хутка нечага будзе есці. А прапаганда дае адваротны эфект.

“Сям’і трэба ставіць ставіць помнік пры жыцці”

 

-Вы кажаце, што за Лукашэнкам кожны год прафсаюзнай працы даваўся за два. А як сям’я ставіцца да вашай працы?

-Я маю двух сыноў, жонку – ім трэба ставіць помнік пры жыцці. На плечы жонкі лягло выхаванне дзяцей, за што ёй шчыры “дзякуй” (мы, дарэчы, пазнаёміліся ў Беларускім політэхнічным інстытуце). Але калі дзеці прыходзяць і кажуць: бацька, мы табой ганарымся, то дзеля таго варта жыць.

-Дзеці не захацелі бацькавай долі?

-Не, адзін сын закончыў БДУ, другі – БДУІР, самі ўладкаваліся на працу. Меў магчымасць дапамагчы з працаўладкаваннем, але сыны адмовіліся. І самі пайшлі ў жыццё.

“Трэба ратаваць Беларусь”

 

-Учора Лукашэнка фактычна абвясціў мараторый на прымяненне “дэкрэта аб дармаедах”. Як паўплывае гэтае рашэнне на ўнутрыпалітычную сітуацыю?

-Гэты крок ужо нічога не зменіць: не браць “падатак на дармаедства” і адмяніць дэкрэт – вельмі розныя рэчы. Лукашэнка мусіць зразумець: праблема ўжо не толькі ў дэкрэце №3, які трэба скасаваць сёння і назаўжды. Мараторый на прымяненне “дэкрэта аб дармаедстве” людзей ужо не спыніць. Трэба садзіцца за “круглы стол”, трэба адмяняць дэкрэты №№29, 5, трэба мяняць пенсійнае заканадаўства, трэба рашаць праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі ўлада нас не пачуе – з народам ёй не саўладаць.

Сёння трэба ратаваць Беларусь. Толькі пошукі кампрамісу паміж уладай і грамадствам здольныя гарантаваць незалежнасць Беларусі.

Гутарыў Юрась Дубіна, Беларуская праўда


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.