Намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаннях нацыянальнай бяспекі генерал-маёр Валер Гайдукевіч лічыць, што камандзіра вайсковай часткі ў Пячах трэба здымаць з пасады.

Аляксандр Коржыч

 

— Я з такімі у свой час не цырымоніўся і нават не размаўляў — звальняў адназначна, — сказаў Свабодзе генерал-маёр.

— Вы праслужылі ў войску больш за 40 гадоў, прайшлі прыступкі ад камандзіра ўзводу да камандзіра ўнутраных войскаў, служылі ў Афганістане. Ад каго залежыць парадак і дысцыпліна ў частцы? Хто вінаваты ў гібелі хлопца ў Пячах?

— Усё залежыць ад камандавання часткі, а таксама ад камандзіраў малодшага звяна. Калі нармальна займацца з асабовым складам, праблем у вайсковай частцы быць не павінна.

Цяпер у частцы працуюць следчыя, я спадзяюся, разьбяруцца. Але нават калі браць асноўную версію — самагубства, у такім маладым узросце заканчваць так жыцьцё жудасна! У войску не павінна быць сітуацый, каб хлопцы ішлі на такі крок. З маладымі салдатамі трэба займацца. І займацца павінны камандзіры.

Я камандаваў ротай, батальёнам, палком — адслужыў амаль 40 гадоў, і я ні ніводнага салдата не пасадзіў, ніводны не быў забіты. У арміі павінны быць дысцыпліна і парадак. Кожны павінен займацца справай.

Калі я камандаваў унутранымі войскамі, капітальна рамантаваў старыя і будаваў новыя казармы, я загадаў паставіць відэакамеры. Камеры ўсталявалі ў спальных памяшканнях, у пакоі са зброяй і ў сталовай. І ўсё было выведзена на пульт дзяжурнага па часці, ён мог бачыць любую казарму кругласутачна. Гэта вельмі дзейсны спосаб не дапусціць беспарадкаў.

Чытайце па тэме:  Былы міністр абароны Казлоўскі: Пра сто загінулых салдат Макараў хлусіць

— Хлопец, які загінуў у Пячах, скардзіўся маці і сябрам на збіванне, здзекі. За кожны дзень знаходжання ў медсанчастцы з яго вымагалі грошы — 15 рублёў на суткі, банкаўскую картку забраў прапаршчык і здымаў грошы, якія маці рэгулярна дасылала хлопцу. У нашай рэдакцыі ёсць фатаздымкі цела — паўсюль гематомы. Як такое можа адбывацца ў войску? Няўжо нельга знайсці і пакараць гэтых прапаршчыкаў і сяржантаў?

— Можна і неабходна разабрацца. І прымаць самыя жорсткія захады. Мне цяжка патлумачыць такія дзікія рэчы. Такі прапаршчык даўно павінен быць вылецець з войска. Куды глядзелі камандзіры? Паверце, у мяне вельмі цяжкі асадак ад гэтага дзікунскага выпадку.

— Але прапаршчыкі і сяржанты некалі таксама пачыналі служыць. Што адбываецца ў іх у мазгах, які пералом, на якім узроўні, калі яны становяцца камандзірамі? Можа, нейкія псіхалагічныя тэсты трэба ўвесці для камандзіраў малодшага звяна, перад тым як давяраць ім маладых салдатаў?

— Не ведаю, мабыць, адбываецца нешта ў мазжачку незразумелае… Псіхалагічныя тэсты таксама варыянт.

— А хто канкрэтна павінен несці адказнасць за такія рэчы?

— Адказнасць павінен несці камандзір часткі. Адназначна. Бацькі яму дзяцей даверылі. Ён павінен вярнуць сына такім жа здаровым, нармальным, якім прыйшоў у войска. У смерці хлопца вінаваты камандзір. Гэта ўсё ад бяздзейнасці чалавека, які павінен адказваць за парадак.

Чытайце па тэме:  «Кто послал генерала на передовую?»

Такога камандзіра часткі з пасады трэба здымаць адназначна. Я ў свой час з такімі камандзірамі не цырымоніўся. Я б яго ўжо даўно зьняў. Нават не разбіраўся б і не размаўляў, звольніў.

— Афіцэр, які мае гонар і годнасць, павінен у такім выпадку зняць пагоны і сысці, але камандзір часткі ў Пячах нават пасля такога розгаласу гэтага не зрабіў. Хто павінен яго зняць з пасады, на якім узроўні?

— Міністр абароны, вядома.

— Чатыры выпадкі быццам бы самагубства салдат былі летась у Барысаве. Сёлета яшчэ два. Гэта, на вашу думку, нармальна?

— Безумоўна, ненармальна. Трэба разбірацца.

— Здаецца, што прасцей за ўсё навесці парадак у войску. Там жа «загад камандзіра — закон для падначаленага». Няўжо гэта так цяжка?

— Усё правільна. Я гэтымі пытаннямі — дысцыплінай і парадкам — займаўся штодзённа. Не ва ўсім войску непарадак. Хто добрасумленна працуе, там усё нармальна. Усе ўсё разумеюць, але не ва ўсіх атрымліваецца. У каго атрымліваецца, павінен служыць, у каго не — сысці. Трэба штосьці рабіць.

— Пра «вучэбку» ў Пячах ужо дзесяцігоддзямі ходзіць дрэнная слава. Бацькі баяцца адпраўляць дзяцей у войска. Няўжо нельга навесці парадак канкрэтна ў Пячах?

— Можна і неабходна. Гэта вучэбнае падраздзяленне, там наагул павінен быць ідэальны, узорны парадак. Гэта ж не страявая частка, а вучэбнае падраздзяленне, дзе рыхтуюць спецыялістаў. Адназначна можна навесці парадак. Безумоўна, у гэтым падраздзяленні нешта не тое. Але не ва ўсёй арміі. Што да Пячэй, трэба прымаць самыя жорсткія захады.

Чытайце па тэме:  Трое падазраваных у справе аб смерці салдата тэрміновай службы ў Печах: хто яны?

***

Валер Гайдукевіч нарадзіўся у 1953 годзе ў Бягомлі. Скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную вучэльню, Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ і Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Прайшоў усе прыступкі вайсковай службы, быў намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў Беларусі. З 1979 па 1982 год праходзіў службу ў Афганістане. Генерал-маёр. Намеснік пастаяннай старшыні камісіі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.