Імя кіраўніцы руху «Маці 328» Ларысы Жыгар фігуруе на сайце па продажы наркотыкаў, да якога яна не мае дачынення, паведамляе “Радыё Свабода“.

Ларыса Жыгар

 

Жанчына, якая бярэ ўдзел у галадоўцы з патрабаваннем лібералізаваць антынаркатычнае заканадаўства, кажа, што «правакацыя» скіраваная на дыскрэдытацыю ўсіх удзельніц пратэставай акцыі.

«Сайт зарэгістраваны ў польскай даменнай зоне .pl, і на ім фігуруе маё імя. Гэта так званая інтэрнэт-крама, якая гандлюе наркотыкамі. Пры гэтым кошты ўказаныя ў расійскіх рублях. Я не маю да гэтага ніякага дачынення — гэта хлусня і правакацыя!» — кажа Ларыса Жыгар.

Яна мяркуе, што адной з прычын правакацыі стала галадоўка, якую праводзяць актывісткі руху «Маці 328» і ў якой яна бярэ ўдзел.

«Значыць, мы некаму вельмі моцна перайшлі дарогу, раз яны пайшлі на такія брудныя рэчы. Відаць, баяцца, што наша барацьба выйдзе ім бокам, што нашы ўлады нарэшце звернуць увагу не толькі на шарагоўцаў-наркаманаў, але і на тых, хто завозіць гэтую атруту ў краіну», — кажа Ларыса Жыгар.

Паводле актывістак руху «Маці 328», у інтэрнэце дзейнічае шэраг крам па продажы наркотыкаў у Беларусі.

«Адных зачыняюць, другія ўзнікаюць на іх месцы, знаходзяцца ў „спячым“ рэжыме, і ў нас уражанне, што гэта не надта хвалюе нашы ўлады», — кажуць актывісткі.

Удзельніцы галадоўкі з руху «Маці 328» у Пухавіцкім раёне

 

Чытайце па тэме:  Вольга Кавалькова: Наркаманаў трэба лячыць, а не саджаць на 10 гадоў

Ці гэта першая падобная правакацыя?

У арганізацыі «Маці 328» ведаюць сама меней пра два выпадкі, калі актывісткі атрымлівалі праз інтэрнэт прапановы аб супрацоўніцтве з падобнымі крамамі па продажы наркотыкаў.

«Нашаму сакратару Антаніне Ляпёхінай таксама прапаноўвалі такую працу. То бок гэта ўжо не першая правакацыя адносна нас, мы гэта адсочваем», — сказала Ларыса Жыгар з руху «Маці 328».

Адносна нібыта «сваёй» крамы ў інтэрнэце Ларыса Жыгар будзе звяртацца ў КДБ, МУС і пракуратуру Беларусі: «Пагляджу, ці будуць разбірацца».

З 27 красавіка ў розных месцах Беларусі праходзіць галадоўка актывістак грамадскага руху «Маці 328», які аб’ядноўвае жанчын, чые сыны і сваякі асуджаныя за распаўсюд наркотыкаў на вялікія тэрміны. Маці дамагаюцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, просяць стварыць адмысловую камісію, якая б перагледзела крымінальныя справы іхніх родных, а таксама прапануюць лібералізаваць антынаркатычны артыкул 328 Крымінальнага кодэксу і ўдасканаліць практыку яго ўжываньня.

4 траўня ў галадоўцы бралі ўдзел не менш за 14 жанчын у Калінкавічах, Пухавіцкім раёне і Віцебску.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: