Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч выйшаў на волю 31 жніўня пасля 5 сутак арышту. Але таксама Статкевічу было прысуджанае пакаранне ў 15 сутак — жонка абскардзіла прысуд, яго маюць пераглядаць 7 верасня, за дзень да анансаванай Статкевічам «акцыі папярэджання»,паведамляе Радыё Свабода.

«Мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны»

«Гэты арышт нікуды ня дзеўся, — кажа Статкевіч пра „дадатковыя“ 15 сутак. — У іх ёсць фармальная зачэпка, якую яны маглі б і не скарыстоўваць, могуць не скарыстаць да канца. Калі стала вядома, што я атрымаў 15 сутак і магу быць „прэвэнтыўна“ ізаляваны ад „акцыі папярэджання“, даў дазвол жонцы, і яна накіравала скаргу ў гарадзкі суд.

Лепш было бы адседзець за адзін раз, як па мне. Мабыць, і для маіх блізкіх было б лепш, чым зноў недзе будуць лавіць, невядома ў які час і дзень, зноў везці, абшукваць, забіраць рэчы. Гэта прынясе дадатковы стрэс ня столькі мне — бо мне пасля дзьвюх „крытых турмаў“ гэта здаецца дзіцячымі гульнямі, — колькі маім блізкім.

Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны. І дом зносяць, і пазбавілі права вадзіць машыну, арыштавалі тэлефон, штрафы за дэманстрацыі, палову вайсковай пэнсіі вылічваюць за тыя штрафы, што не плачу, судовыя выканаўцы… За першыя дні жніўня мы ўдваіх з жонкай атрымалі пяць адміністрацыйных спагнанняў: у жонкі два штрафы па 500 даляраў, у мяне штраф 600 даляраў, 5 і 15 сутак. Гэта мэтанакіраванае выцісканне з краіны.

Але я хачу сказаць гэтым людзям, што выціснуць з краіны нас ня ўдасца. Мы з Беларусі ня з’едзем».

«Улада ўжывае сваю тактыку 90-х»

Статкевіч кажа, што «ўлада ўжывае сваю старую тактыку, якую ўжывала ў другой палове 90-х»: тады пратэстоўцы бачылі пагрозу далучэння Беларусі да Расеі, выходзілі на дэманстрацыі, шэраг якіх узначальваў Статкевіч, а ўлады спрабавалі знясіліць арганізатараў арыштамі і штрафамі, да таго ж прапаноўвалі «імітацыйны пратэст» на плошчы Бангалор, далёка ад цэнтру гораду. Таксама Статкевіч згадвае, што калі яго затрымалі напярэдадні Дня Волі, то ўлады не прызнавалі гэтага, і толькі больш як праз месяц Следчы камітэт прызнаў, што ён быў за кратамі.

«Гэта запалохвае людзей, запалоханым дае магчымасьць адмовіцца: вунь Статкевіч пазваў, а не прыйшоў, што ж я пайду? Гэта лёгіка вычварэнская, лёгіка баязліўцаў, але яна таксама прысутнічае. Таксама ж у 90-я выкарыстоўвалася тактыка „імітацыйнага пратэсту“, калі даваўся дазвол на плошчу Бангалор, некаторыя туды хадзілі. Усё гэта зноў ужываецца, бо ўлада напалоханая».

Таксама, мяркуе Статкевіч, «суткі» маглі «раскідаць», каб паглядзець на рэакцыю «новых заходніх сяброў Лукашэнкі»: маўляў, пакуль тыя ў адпачынках, даць 5 сутак, паглядзець на рэакцыю, а калі рэакцыя будзе спакойная, дадаваць далейшы арышт.

На мэце — акцыя 8 верасьня

Вызваленне ён бачыць як магчымасць папрацаваць на падрыхтоўку акцыі 8 верасня і заклікаць усіх патрыётаў выйсці на акцыю, не зважаючы на тое, ці будуць лідэры пратэсту за кратамі, ці на акцыі.

«Гэта лёс краіны — і мы няспелая нацыя, калі лёс краіны залежыць толькі ад таго, ці на свабодзе адзін чалавек, ці не, — кажа Статкевіч. — Гэты пэрыяд, калі амаль за 5 год майго зняволення не было амаль ніводнага мітынгу апазыцыі, гэта ганьба. Такога больш не павінна быць.

А калі нехта лічыць, што абавязкова, каб я прысутнічаў на акцыях заўсёды, то калі ласка, выходзьце 8 верасьня, і калі я не змагу дайсці, патрабуйце там майго вызвалення. Пакажыце, што зняволенне лідэраў акцыі прыводзіць толькі да павелічэння колькасці ўдзельнікаў акцыі — і тады ўлада памяняе тактыку».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...