Рашэнне выйсці з нацыянальнага цэнтра міжнароднай пісьменніцкай арганізацыі нобелеўская лаўрэатка пацвердзіла Радыё Свабода.

alex5-1024x768

Фармальнай падставай для апошняга канфлікту ў Расейскім ПЭН-цэнтры стала выключэнне з яго шэрагаў пісьменніка Сяргея Пархоменкі. Пры канцы мінулага году ён разам з іншымі сябрамі арганізацыі звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай памілаваць украінскага рэжысёра Алега Сянцова. Сянцоў адбывае 20-гадовы тэрмін па абвінавачанні ў экстрэмізме.

Пасля выключэння Пархоменкі ПЭН-цэнтр пакінулі Леў Рубінштэйн, Барыс Акунін і Аляксандр Ілічэўскі. А цяпер і беларуская пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі — Святлана Алексіевіч.

— Спадарыня Святлана, ці падставай вашага рашэння стала сітуацыя з Сяргеем Пархоменкам?

— Справа не ў Сяргею Пархоменку, хоць я яго ведаю і паважаю. Справа ў тым, што гэтая барацьба прагрэсіўнай часткі і цёмнай часткі ідзе ўжо, калі не памыляюся, паўгода. І шмат людзей ужо выйшлі — і Людміла Уліцкая, і Уладзімір Вайновіч. І я хацела сысці. Але мяне папрасілі пабыць разам з імі, бо здавалася, што мы можам перамагчы гэтае цёмнае крыло. Але, на жаль, не атрымалася.

Сёння зло не перамагчы, яно нейкае татальнае. Сёння перамагае «чырвоны чалавек». І можна сказаць, што расейскія пісьменнікі сябе ніколі так не паводзілі, як цяпер, пры Пуціну. Хіба толькі ў сталінскія часы. А я прыхільнік ідэалаў, якія былі закладзеныя заснавальнікамі (ПЭН-цэнтру. — РС) — «мы не толькі пішам, але і служым дабру».

Чытайце па тэме:  Уладзімір Някляеў: Рэўнасць і нянавісць

— У гэтага канфлікту ёсць і фармальная прычына…

— Адна з прычын — гэта Сянцоў. Яны (частка расейскіх пісьменьнікаў. — РС) хочуць ціхенька перачакаць, нешта ва ўлады папрасіць. А некаторыя, можа, і шчыра лічаць, што Расея ўстае з кален і яны мусяць служыць уладзе.

— Няўжо прыклады Фадзеева, Талстога нічому не навучылі расейскіх пісьменнікаў?

— Гэтаксама, як і беларускіх. Паглядзіце, колькі ў Чаргінца (Мікалай Чаргінец — старшыня праўладнага саюзу пісьменнікаў у Беларусі. — РС) пісьменнікаў — тысяча, напэўна. Не ведаю толькі, дзе ён столькі пісьменнікаў набраў.

— Хтосьці з вашых калегаў, сама арганізацыя ўжо адрэагавалі на вашае рашэнне?

— Так, Марына Вішнеўская пісала, што гэта вельмі шкада. Здаецца, Рубінштэйн пісаў у фэйсбуку. Але я не сачу за гэтым. Для мяне важна быць самой сабой і не здраджваць сабе. Рабіць тое, што я лічу важным. Я гэта сказала і зрабіла.

— Вы даўно ў гэтай арганізацыі?

— Яшчэ з часоў перабудовы (Расейскі ПЭН-цэнтар арганізаваны ў 1989 годзе. — РС). Вельмі даўно. У пэўны момант яны мяне хацелі выключыць за нейкія выказванні. Хоць я заўжды казала, што я сябар беларускага ПЭНа. Але светлае крыло было слабое, ім была патрэбная мая дапамога.

— А з тымі расейскімі пісьменнікамі, якія з «цёмнага боку», напрыклад, з Андрэем Бітавым, вы падтрымліваеце стасункі?

Чытайце па тэме:  Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры

— Я не пазнаю Бітава. Гэта іншы чалавек, ня той, якога я ведала і любіла. Я не ведаю, што з імі робяць, чаго яму ўжо баяцца — здаецца, усё ўжо зрабіў і напісаў. Навошта яму гэтыя падачкі, якія з панскага пляча кіне Пуцін. Гэтаксама я як не разумела ўсіх гэтых давераных асобаў, якія былі ў Пуціна на выбарах. Мне гэтая псіхалогія не зразумелая.

— А вы разважалі над тым, чаму творчыя людзі ў Расеі ўсё ж пагаджаюцца на такое супрацоўніцтва з уладамі? Яны добра пачуваюцца ў жыцці, ім ніхто не забараняе рабіць тое, што яны хочуць — адкуль гэтае жаданне?

— Я некалькім знакамітым расейскім рэжысёрам задавала гэтае пытанне. У аднаго — у сына рэстаранчык, у другога — тэатр. Сёння ёсць што губляць, бо ў многіх ёсць грошы. Выпрабаванне лагерам вытрымалі лепш, чым выпрабаваньне далярам. Бо ў людзей нічога не было, апроч ідэі, апроч годнасці. А цяпер ёсць рэстаранчык, ёсць грошы. А грошы арэчаўленыя — цяпер вы можаце абʼездзіць увесь свет, а раней у лепшым выпадку сядзелі дзе-небудзь у Сочы. Гэтая частка матэрыялізавалася.

Што тычыцца Расеі, я шмат сяброў страціла, скажу вам шчыра. Найперш з прычыны майго стаўлення да Украіны. «Русафобка» — як яны мяне называюць. Імперская свядомасць раз’ела і культуру, і эліту.

Чытайце па тэме:  Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да Святланы Алексіевіч

— А што для вас значыла гэтая пісьменніцкая арганізацыя, сяброўства ў ёй?

— У свой час, калі там быў Кандрацьеў, Быкаў, Ліхачоў — сярод гэтых людзей было цікава. Я іх не так часта бачыла, бо не так часта бывала там. Але я ўжо даўно фармальна там лічуся. Гэта ўсё ўжо не маё.

Ужо нават я — чалавек, які вырас на расейскай культуры — чытаю навіны на lenta.ru і адчуваю, што гэта чужое, гэта не маё. І пераходжу на Свабоду. Хоць шчыра прызнаюся, што яшчэ гадоў пяць таму Свабоду глядзела рэдка. Ты разумееш, што гэта ўжо іншы свет.

— Ці вы чакаеце нейкай агрэсіўнай рэакцыі на сваё рашэнне?

— Мы маем справу са складанай псіхалогіяй, лагернай псіхалогіяй. На першай жа прэс-канфэрэнцыі, калі мне задалі пытанне пра Крым, я сказала, што гэта акупацыя. На мяне тут жа вылілі вядро бруду. Не ведаю, што будзе, ізноў нейкі Прылепін нешта напіша. Але мяне гэта не цікавіць.

Важна — не здрадзіць сабе. Не ўсе могуць у наш час. І паспрабуй у вёсцы настаўніку быць незалежным. Але мы з вамі можам сабе гэта дазволіць.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.