Каля 400 індывідуальных прадпрымальнікаў выйшлі ў Гомелі на пачатку 15 гадзіны да будынку аблвыканкама на праспекце Леніна, 2. Людзі патрабуюць адмены ўказу № 222, які спаралізаваў іхнюю працу.

svaboda.org

svaboda.org

Жанчына ў гадах, якая прыйшла да аблвыканкама з сабачкам, заяўляе:

«Мы таксама хочам есці! Прыйшлі сюды патрабаваць адмены ўказу № 222. Хочам працаваць. Мне год застаўся да пенсіі — на працу мяне ніхто не бярэ. Што мне рабіць? Як карміць сваю сям’ю? Улады нас не чуюць — мы вошы на целе дзяржавы».

Прадпрымальніца Аляксандра кажа, што сем’і прадпрымальнікаў засталіся бяз сродкаў да існавання. Працаваць яны не могуць, бо без сертыфікатаў і таварна-транспартных накладных прадпрымальнікам пагражаюць вялікія штрафы і канфіскацыя тавару:

«Спадзяёмся, што ўлады нас пачуюць і зразумеюць, у якім становішчы мы апынуліся».

Некаторыя прадпрымальнікі ўжо не даюць веры, што ўлады пойдуць на саступкі.

«Першае патрабаванне — адмена ўказу № 222. Другое патрабаванне, якое, магчыма, трэба зрабіць першым, — адстаўка Лукашэнкі. Няхай людзі вучаць гісторыю. Я прыйшоў сёння да аблвыканкама не таму, што тут нешта вырашыцца. Не, я прыйшоў дзеля масавасці. Мясцовыя ўлады ніводнага з нашых пытанняў не вырашылі й не могуць вырашыць, бо гэта залежыць толькі ад аднаго чалавека, які жыве ў Драздах. Нядаўна старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што прадпрымальнікі — гэта пчолы, а трутні — гэта чыноўнікі», — кажа прадпрымальнік Уладзімір.

Чытайце па тэме:  Илья Добротвор подал заявку на пикет "налоги - с прибыли, а не убытков"

Суразмоўца скрытыкаваў пазіцыю лідэра грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, які на форуме прадпрымальнікаў у Мінску не даў выслухаць палітыкаў — тыя прапаноўвалі выходзіць на плошчу, каб дамагацца адмены ўказу № 222 і пастановы № 666, якія завялі дробны бізнэс у тупіковую сітуацыю.

Многія прадпрымальнікі, аднак, спадзяюцца, што ўзніклыя праблемы можна яшчэ вырашыць. Але рабіць гэта трэба як мага хутчэй, бо запасы, на якія жывуць беспрацоўныя прадпрымальнікі, хутка мялеюць.

«Калі сем’і карміць не будзе чым, тады прадпрымальнікі й будуць гатовыя да актыўнага пратэсту. І гэта ўжо не за гарамі. Чаму? Ды таму, што мы цяпер рэальна сядзім бяз справы і праядаем грошыкі, які калісьці зарабілі. Але ж яны заканчваюцца», — заяўляе прадпрымальнік сярэдняга веку, які назваўся Сяргеем.

А палове на 15 гадзіну да пратэстоўцаў выйшаў намеснік старшыні аблвыканкама Баляслаў Пірштук. Яго сустрэлі стрымана. Адзін з прадпрымальнікаў гучна патлумачыў чыноўніку, што цярпець ужо няма сіл.

Баляслаў Пірштук нагадаў, што пасля таго, як прадпрымальнікі мінулым разам прыйшлі да аблвыканкаму, сфармавана працоўная група з ліку прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў улады дзеля ўзгадненьня пазіцыяў. І прапанаваў пратэстоўцам кіравацца ў палац творчасці дзяцей і моладзі «Юнацтва», каб працягнуць размову.

Усе, хто сабраўся каля аблвыканкаму, рушылі ў палац — літаральна за дзвесце метраў ад галоўнага «вертыкальнага» будынку абласнога цэнтра.

Чытайце па тэме:  Гомельскі гарвыканкам забірае градкі ў старога дзеда (відэа)

Пірштук патлумачыў журналістам, што сапраўды ёсць пытанні з атрыманнем прадпрымальнікамі дакументаў нават у суседняй Расіі, ёсць пытанні наконт празмерных адміністрацыйных санкцыяў. Над гэтым адпаведныя службы працуюць, каб нармалізаваць сітуацыю.

«Цярпенне, канечне, можа скончыцца… Мы й мінулы раз казалі пра гэта. Ёсць розныя групы прадпрымальнікаў — адны маюць дакументы, яны мацней стаяць на нагах. І ёсць праслойка, якая, мякка кажучы, працуе слабавата ў плане набыцця дакументаў. Мы цяпер вывучаем досвед Мінска — там вастрыні няма. Горад велічэзны, шмат гандлёвых комплексаў, а вастрыні няма. Пытанне: чаму? Яны ездзяць на такія ж рынкі Расійскай Федэрацыі, у іх ёсць дакументы, і яны працуюць спакойна. Гэта сведчыць пра тое, што існуюць шляхі выйсця. Трэба іх пашукаць разам. І рух гэты павінен быць з абодвух бакоў. Не тое, што — нам прынясуць. Абодва бакі павінны працаваць».

Намеснік старшыні аблвыканкама прапанаваў прадпрымальнікам, перш чым гандляваць, спраўдзіць у інспекцыі Дзяржстандарту, сапраўдныя тыя ж сертыфікаты якасці ці не. У сваю чаргу, прадпрымальнікі звярнулі ўвагу на тое, што ў тэхрэгламенце Мытнага саюзу пазначана: сертыфікаваць прадукцыю могуць толькі вытворцы ды імпарцёры. Прадпрымальнікі легальна набываюць тавар у той жа Расіі, плацяць за яго свае грошы, а таксама 20-працэнтны падатак на дададзеную вартасць за ўвоз тавару ў Беларусь. І калі пасля гэтага яны самі бяруцца нешта сертыфікаваць, то гэта выглядае як сертыфікацыя кантрафактнай прадукцыі. Беларусь усе нестыкоўкі павінна ўрэгуляваць на міждзяржаўным узроўні, бо іначай навошта той Мытны саюз, ад якога стогнуць дзясяткі тысяч прадпрымальнікаў?

Чытайце па тэме:  Маньяк-убийца задержан в Гомеле

Масавая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла сёння ў Гомелі, — другая па ліку за апошнія сем гадоў. 18 студзеня, пасля таго як да гарвыканкама выйшлі некалькіх сотняў прадпрымальнікаў, была створана сумесная працоўная група па вырашэнні спрэчных пытанняў. Аднак выглядае, што ў гэтым напрамку яна пакуль не прасунулася.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: