Што будзе, калі грамадзяне пастановяць самастойна добраўпарадкаваць возера і зарыбіць яго? Падзяка? Не, штраф! Якім коштам абышлося жыхарам Гомля навядзенне парадку ў любімым месцы адпачынку?

Жыхары Гомля распавядаюць Белсату:

«Раней у гэтым возеры столькі ціны, столькі раскі, столькі гэтага ўсяго дзярма, прабачце за выраз, не плавала».

Бо раней раску і ціну елі рыбы. Цяпер рыбы няма, за яе запуск жыхарам Гомля пагражае штраф. А пачыналася ўсё даволі аптымістычна, з суботніку. Юлія Ганісеўская, жыхарка мікрараёну 104, успамінае:

«Пасля гэтага суботніку людзі так натхніліся… гэтага смецця колькі вывезлі. О, чысціня, будзем падтрымліваць, будзем наводзіць парадкі. Давайце працягнем добрую справу, будзем на возеры наводзіць парадкі».

Людзі хацелі ўстанавіць на беразе столікі і лаўкі, але ўзнікла пытанне: ці законна гэта? Пастанавілі закупіць малькоў карасёў і карпаў ды зарыбіць імі возера, каб яны паелі раску і ціну.

«Мне падабалася, калі мы ўсіх папярэдзілі, што будзем рыбку запускаць, там яшчэ па раёне людзі хадзілі, аб гэтым гаварылі, тут сабраўся вялікі натоўп, падаецца, чалавек 100 было. І потым, калі выпусцілі дрон, чалавек прыйшоў нават з дронам. Фатаграфавалі. Натуральна, было нейкае свята для нашага раёну. Людзі натхніліся, усё добра: рыбка, плыві, рыбка, жыві!» – гаворыць спадарыня Юлія.

Але хутка малькоў пачалі цягаць сеткамі рыбакі. Жыхары звярнуліся ў адміністрацыю Навабеліцкага раёну, каб на беразе ўстанавілі шыльды, якія б часова забаранялі лавіць рыбу.

«Я, канечне, сам рыбак. І разумею, што рыба ў возеры ёсць. Але я гатовы быў бы хоць два гады пачакаць, каб рыба падрасла, каб яна з’ела ўсю гэтую раску. Карась і карп, я мяркую, што гэта не небяспечная рыба. Не драпежная. Аніякай шкоды экалогіі не павінна прынесці», – кажа Максім Брылевіч, рыбак, жыхар мікрараёну 104.

Адказ, які прыйшоў з адміністрацыі, напалохаў людзей. Замест усталявання шыльдаў пачалі правяраць законнасць запуску малькоў у возера. А гэта пагроза адміністратыўнай адказнасці і магчымасць штрафу.

«Ага, вы зрабілі добрую справу, наце вам за гэта. Бо ў нашай краіне ініцыятыва каральная. Вы нічога агулам не павінны рабіць, вы павінны рабіць тое, што скажа вам дзядя-чыноўнік», – абураецца Юлія Ганісеўская, жыхарка мікрараёну 104.

Адно што гэтае правіла датычыць і чыноўнікаў. У Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Гомельскай вобласці нам адмовілі ў каментары: маўляў, пакуль не дазволіць начальства.

Калі правяранне пацвердзіць факт самастойнага зарыблення, то гомельцы будуць вымушаныя заплаціць штраф да пяцісот дзесяці рублёў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...