Запланаваная на 4 лютага ля Дому ўраду ў Мінску акцыя пратэсту грузаперавозчыкаў не адбылася. Напярэдадні прэвентыўна быў затрыманы і асуджаны ініцыятар пратэсту Сяргей Штода, іншыя пайсці ягоным шляхам не рызыкнулі. Удзельнікі рынку грузаперавозак не згодныя з памерамі штрафаў за тры першыя месяцы карыстання ў тэставым рэжыме платнымі дарогамі сістэмы BelToll, па выніках якіх фірмам выстаўленыя рахункі да 100 тысяч еўра.

Падчас запланаванай акцыі грузаперавозчыкаў ля Дому ўраду

Падчас запланаванай акцыі грузаперавозчыкаў ля Дому ўраду
Ад раніцы плошча Незалежнасці была ачэпленая шматлікімі міліцыянтамі ў форме і цывільным, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі аглядалі аўтамабілі змяшчальнасцю больш за 3,5 тоны, уключна з тымі, якія абслугоўваюць падземны гандлёвы комплекс «Сталіца». Улады яўна былі напалоханыя пагрозамі незадаволеных грузаперавозчыкаў спаліць машыны ля Дому ўраду, калі іх пытанне не будзе вырашанае. Паказальна, што адзін з актывістаў руху супраціву Сяргей Штода быў арыштаваны 3 лютага акурат у той момант, калі накіраваўся ў Савет міністраў на запланаваную сустрэчу з віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім.
Аднак здавацца прадпрымальнікі не збіраюцца. На бліжэйшыя два тыдні асуджанага нібыта за «хуліганства» калегу заменіць Алег Новікаў. На раніцу 6 лютага ён запісаўся на прыём да чарговага ўрадавага чыноўніка і, памятаючы лёс Сяргея Штоды, не выключае аналагічных мераў прэвентыўнага рэагавання ў адносінах да сябе:
«Чалавек, які ў мяне прымаў заяву, што ён мог сказаць? Так, чыноўнік, які мусіў ладзіць прыём, не прыйшоў, а хто будзе тлумачыць, чаму ён не з’явіўся? Не прыйшоў і не прыйшоў, быдла пачакае, якія праблемы? Што тычыцца Сяргея, я б не сказаў, што ён занадта гарачы, нястрыманы, але калі ў цябе адбіраюць бізнэс, ставяць на мяжу выжывання, ведаеце, пакінуць розум халодным досыць складана. Напэўна, ён там пагарачыўся, магчыма. Але ж гэта не падстава скруціць і пацягнуць у суд. Я, дарэчы, сёння там быў, меры перасцярогі неадэкватныя: амапаўцы, міліцыянты, кадэбэшнікі, „ціхары“, дэпээснікі — поўны набор. Сфатаграфаваў, як на пад’ездах спынялі ўсе машыны, крыху большыя за мікрааўтобус. Адмыслова паставілі нарад ДПС, якія тармазіў усіх: і камунаркаўскі шакалад падвозілі, і яшчэ нешта. То бок у людзей звычайная руцінная праца, а іх спыняюць, баяцца: а раптам едуць падрываць, раптам акцыя якая адбудзецца? Вось цяпер я пайду на прыём. Ну, што ж, няхай саджаюць усіх…»
У 2013 годзе ў Беларусі была ўведзена сістэма платных дарог. Яшчэ на этапе рэалізацыі праекту Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвестару пачаць паралельна выкарыстоўваць сістэму ў тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаванні, не паклапаціўшыся, каб навучыць кіроўцаў імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўнення рахункаў і г.д. У выніку тысячы машын выходзілі на маршруты, а гаспадары не падазравалі, што нешта парушаюць. Пачаўшы атрымліваць штрафы, перавозчыкі прапанавалі профільным ведамствам амніставаць спагнанні прынамсі за тэставы перыяд. Але ніякага зацікаўлення з боку чыноўнікаў няма. У выніку блізу 5 тысяч юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусяць сплачваць непад’ёмныя штрафы — і, як кажа Алег Новікаў, альтэрнатывы пакуль не прадбачыцца:
«Зразумела, калі едзе транзітны аўтамабіль, яму кажуць: аміга, ты парушыў. Вах-вах, вінаваты. Ён плаціць 100 еўра, яму тлумачаць, у чым ён не меў рацыі, і той паехаў далей. Калі ён прыедзе наступным разам — ніхто не ведае. А я жыву тут, на мяне можна міліцыю нацкаваць, транспартную інспекцыю, выканаўцаў — куды я падзенуся, куды дзяцей забяру? Нікуды. Разлік на гэта. А тое, што Саўмін замацаваў умовы карыстання платнымі дарогамі такім дзіўным чынам, што гэта не адносіны дзяржавы і нейкага суб’екта гаспадарання, а адносіны двух прадпрыемстваў, — гэта мала хвалюе. То бок гаспадарчае права сюды не стасуецца, тут нейкая грамадзянская справа. Спецыяльна складзены нарматыўны дакумент на парозе прававых калізіяў, каб заблытаць любога, хто спрабуе разабрацца ў сутнасці. Іншымі словамі, незразумела: ці табе грамадзянскі пазоў падаваць, ці эканамічны. Як увогуле змагацца за свае правы? Адказ адзін: плаціце грошы, штраф, а потым разбірайцеся. Як я магу заплаціць, калі мне паведамілі пра гэта праз 3 месяцы? То бок вы чакалі, пакуль у людзей па 80–100 тысяч еўра набярэцца штрафаў, а потым вырашылі пра гэта ўзгадаць? Дык а што ж вы не хочаце, сябры мае, салідарна адказаць за гэта? Гэта ж ваша халатнасць».
У выніку за тры першыя месяцы эксплуатацыі платных дарогаў беларускія перавозчыкі «папалі» на вялізныя штрафы, ажно да 100 тысяч еўра. У кагосці 10 тысяч, у кагосці 50 тысяч, а ў некага і 100 тысяч. У дачыненні да шмат каго ўжываецца так званы метад прымусовага спісання сродкаў, калі грошы здымаюцца з рахункаў нават без паведамлення гаспадарам.
З чаго складаюцца такія вялізныя штрафы? Ці залежыць гэта ад колькасьці машын у аўтапарку? Гаворыць Алег Новікаў:
«З аднаго боку, ад колькасці машын таксама. З іншага боку, да няправільнага карыстання дарогай прыраўноўвалася як нясплата, так і няпоўная аплата. На зары станаўлення ўсяго гэтага бізнэсу былі ўсяго 2–3 пункты, дзе можна было ўнесці грошы. Пры гэтым ніхто з чыноўнікаў не з’ездзіў туды, не паглядзеў, якія былі чэргі, колькі трэба было чакаць, каб аплаціць, якія праблемы былі з гэтымі „таблеткамі“. Дарэчы, да гэтага часу нельга аплаціць па картцы, толькі наяўнымі ці праз аператара „Беларуснафты“ ці нейкіх іншых паліўных эмітэнтаў. То бок абстаўлена так, каб як мага сур’ёзьней усё ускладніць».
Карэспандэнт: «Спачатку гучалі абяцанні, што першыя месяцы сістэма будзе працаваць у тэставым рэжыме, але пакаранні зусім не тэставыя».
«А навошта? Яны першы дзень запусцілі і адразу ж адрапартавалі: 120 тысяч еўра атрыманыя за 12 гадзін працы. Які дурань захоча нават на 15 хвілін адпраўляць машыну ў такім „тэставым рэжыме“? Гэта ж жывыя грошы. Ну як да гэтага ставіцца? Форменнае „кідалава“. Пры тым, што паўтара года нам казалі: хлопцы, мы ўсё разумеем, крыху „лажануліся“, трэба было сапраўды пускаць у тэставым рэжыме. І далей вось у такім вінаватым тоне. І разам з тым дасылаюць фінансавую прэтэнзію, што мы нешта парушалі. Або яны лічаць, што людзі настолькі тупыя, калі робяць па 80–90 парушэнняў, а ў кагосці нават 200 парушэнняў набралася? Няўжо 200 разоў нехта будзе ездзіць, каб падмануць кагосці? Нават школьніку зразумела, што нешта тут не так, праўда?»
Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе знішчыць недзяржаўны сектар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесці абяцаную амністыю па штрафах за карыстанне платнымі дарогамі BelToll. Для невялікіх арганізацый і прадпрымальнікаў фактычна запушчаная працэдура банкруцтва, на вуліцы рызыкуюць апынуцца тысячы людзей.
Пакрыўджаныя прадпрымальнікі лічаць, што сістэма платных дарогаў ці з-за сваёй недасканаласці, ці праз загадзя прадуманы сцэнар аказалася, з аднаго боку, нескладаным спосабам знішчэння дробных перавозчыкаў, а з іншага боку — лёгкай крыніцай папаўнення дзяржаўнага бюджэту.
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...