Дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў назваў Беларусь часткай Расіі, а беларускую мову запісаў 1926 годам “нараджэння”.

kr

Леанід Рашэтнікаў, дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў, які забяспечвае аналітыкай адміністрацыю Уладзіміра Пуціна, адзначыў, што ў Беларусі «ўсё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнару».

«Працэсы вельмі падобныя. І, на жаль, не бачым працэсаў, якія б ім супрацьстаялі. Лінія на аддзяленне беларусаў ад расійцаў, стварэнне плоту паміж беларусамі і расійцамі ў ідэалігічным, гістарычным, ідэйным і духоўным плане відавочная». Спасылаючыся на расійскую газету «Правда» за 1926 год, Леанід Рашэтнікаў сказаў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэння аргбюро ЦК ВКП(б)».

«Гэтая бомба, закладзеная тады, цяпер ірванула. Атрымліваецца, што мы прычыніліся да стварэння беларускай мовы. І беларускай мове цяпер толькі 90 гадоў».

Рашэтнікаў адзначыў, што кіраўніцтва Расіі, занятае праблемамі Сірыі і Украіны, а таксама прыходам да ўлады Трампа, забылася пра Беларусь.

«Нельга забываць пра Беларусь. Гэта гістарычная частка вялікай Расіі, частка нашага народу».

Таксама Рашэтнікаў раскрытыкаваў кіраўніцтва Беларусі за намаганні аддаліцца ад Крамля і выглядаць незалежнай дзяржавай:

«Пра што яны думаюць? Незразумела. Ці то пра ўласны стан, ці яшчэ пра нешта. Нібыта хочуць аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму. Вось што атрымліваецца. Але, спадарства, немагчыма ў гэтым свеце такім маленькім краінам існаваць без апірышча на нейкую сілу. Калі вы разрываеце сувязь са сваёй прыроднай апорай, то будзеце абапірацца на ўбітую іншай дзяржавай палю. Але ўсё роўна будзеце чапляцца за нешта. Якая ж Беларусь незалежная ад Масквы і як гэта Масква ёй нічога дыктаваць не можа?»

Чытайце па тэме:  Часопіс "Спецназ" пра беларускіх фанатаў: "Скрозь бандэраўшчына і русафобія"

Леанід Рашэтнікаў — савецкі і расійскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў, генерал-лейтэнант службы замежнай выведкі Расійскай Федэрацыі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў у інтэрв’ю Радыё Свабода назваў выказванні Рашэтнікава “лухтой”, “і не варта займацца гэтым барахлом”:

«Я ведаю адно, што ў расійскім перапісе 1897 году беларуская мова як мова народаў Расіі стаяла, і запісалася 6 мільёнаў чалавек. Няхай глядзіць расійскія кніжкі і не дурыць нам галавы, няхай возьмуць перапіс 1897 году ў Расійскай імперыі. Нават шляхта запісалася, што родная мова беларуская. Уся Смаленская губерня запісалася, што па-беларуску гаворыць. І толькі чатыры паветы напісалі, што на „вялікарускім нарэчыі“ гавораць».

Пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў лічыць, што Леанід Рашэтнікаў сваімі словамі прадэманстраваў неадукаванасць, бо беларускую мову выкарыстоўваў ананімны аўтар «Слова пра паход Ігара» і Францішак Скарына, якія выдаў Біблію з прадмовамі па-беларуску:

«Апроч усяго іншага, праблема нашага часу палягае ў тым, што на самыя высокія ўзроўні кіраўніцтва трапляюць невукі. Леанід Рашэтнікаў, які ачольвае нібыта паважаную інстанцыю, — самы сапраўдны невук. Таму што як мінімум беларуская мова ўзнікла ў кнігах Скарыны, а яшчэ раней яна ўзнікла ў Тураве. Калі б Рашэтнікаў не быў невукам і прачытаў «Слова пра паход Ігара», — паэму, напісаную ў Тураве ў канцы XII стагодзьдзя, што змяшчае 70% беларускіх лексем, якіх сучасны расеец не зразумее».

Чытайце па тэме:  В России объявили конкурс селфи с трупами

«Гэта шавіністычная пыха, вялікадзяржаўны расійскі шавінізм. Ён праяўляецца паступова: ад нікому невядомых журналістаў на „Регнуме“ да ўплывовых дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам з маргінальнай пазіцыі гэтая думка становіцца прафесарскай і навуковай. Але гэта ўсё звёны аднаго і таго ж ланцуга, які называецца „імперскі расійскі шавінізм“, які не хоча прызнаваць, што ёсць краіна Беларусь, беларускі народ і беларуская мова», – кажа Някляеў.

Беларускі лінгвіст, прафесар Генадзь Цыхун лічыць недастойным свайго гонару каментаваць такую лухту: “Я не магу каментаваць такія ненавуковыя выказванні. Гэта ніжэй майго навуковага гонару”.

“Некаторыя лічаць, што на ўсходзе славянскага арэалу, быццам бы, пэўны час існавала старажытнаруская ці агульнаруская мова. Але не ўсе лінгвісты прытрымліваюцца гэтай думкі, таму што ў паўднёвых славян не было такой агульнай мовы, у заходніх таксама не было. Іншая справа, што племянныя мовы на ўсходзе маглі разысціся пазней. Але гэта неістотна. Некаторыя беларускія лінгвісты, напрыклад, Воўк-Левановіч, казалі, што быццам бы існавала гэтая ўсходнеславянская моўная супольнасць, з якой потым атрымаліся руская, беларуская і ўкраінская мовы, але даказаць гэта нейкімі навуковымі аргументамі цяжка. А я думаю, што беларуская мова існуе з таго самага часу, як і ўсе астатнія славянскія мовы, якія паступова разышліся ад агульнай праславянскай мовы”, – мяркуе Генадзь Цыхун.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: