Беларускаму рэжыму хапіла ледзь-ледзь аслабіць шрубы, каб сітуацыя у стане дэмакратаў пайшла ў разнос. Як быццам на самой справе ў краіне адбыліся, нарэшце, дэмакратычныя перамены, пачаў набіраць дынаміку палітычны працэс, які спарадзіў канкурэнцыю і абудзіў тэмперамент прадстаўнікоў палітычных партыяў і плыняў.

І адно што засталося – жорстка паміж сабой канфрантаваць, весці ідэалагічныя і светапоглядныя войны, высвятляць адносіны, хто левы, хто правы, хто марксіст, хто камуніст, хто ліберал, хто гамафоб, хто гей, хто хрысціянін, хто веруючы, а хто не. Так і хочацца знайсці нейкую нагоду справакаваць дзейсны рэжым з мэтай зноў вярнуць звычайны ціск і рэпрэсіі на сваіх апанентаў, які прымусіў бы іх да кансалідацыі, без якой немагчыма выжыванне дэмакратычных сілаў і магчымасць разлічваць на доўгачаканыя пераўтварэнні.

Неяк няёмка яшчэ раз напамінаць, паважаныя калегі, што мы з вамі як былі, так і да гэтай пары застаемся ў гета. І ніхто пры гэтай уладзе не збіраецца нас адтуль выпускаць. А, каб пусціць пыл у вочы, злёгку аблягчае ўмовы нашага там знаходжання. І зусім неабавязкова гэтую палёгку выкарыстоўваць як нагоду для канфрантацыі паміж сабой, сваімі рукамі знішчаючы адзін аднаго і давер да сабе з боку грамадзянскай супольнасці краіны.

Няёмка нагадваць, што, калі ў краіне пануе жорсткі аўтарытарны рэжым, які выключыў усялякі палітычны працэс, шэраговы грамадзянін ўспрымае рэальнасць у чорна-белым фармаце, як процістаянне дзвюх сілаў, дзвюх партый – партыі ўлады і партыі дэмакратаў. І што яму ніколі не будзе па вялікім рахунку цікавым, да якой палітычнай сілы мы з вамі належым і якая ў яе ідэалогія. І што ўсё нашыя ўнутраныя жарсці звонку выглядаюць як бура ў шклянцы вады, як блазнюковыя забавы тых, хто не ведае чым заняцца.

Смешна, але і сумна чуць разважанні аб КДБэшным уплыве на арганізацыі дэмакратаў. Ні адзін агент КДБ, як і ўся гэтая структура ў цэлым, не здольныя нанесці столькі шкоды, колькі мы наносім самі сабе сваімі дзеяннямі. І ніякія прычыны тут не могуць быць апраўданнем, паколькі пачуццё адказнасці перад Беларуссю не павінна саступаць эмоцыям, якімі бы моцнымі яны ні былі.

На вялікі жаль, не засталося зараз ніякіх маральных аўтарытэтаў, ніхто нікому не ўказ, ніхто нікога не святкуе. І кожны ставіць свае інтарэсы вышэй за інтарэсы агульныя, ніхто не лічыць жыццёва неабходным аб’ядноўвацца. Тым самым максімальна спрашчае для ўлады задачу свайго захавання падчас будучых прэзідэнцкіх выбараў.

Не стаўлю сабе на мэце рабіць нейкія заклікі ці маралізаваць, паколькі ўяўляю, наколькі далёка зайшлі працэсы дэградацыі і абасаблення ў дэмакратычным асяроддзі. Проста хачу папярэдзіць, што надыйдзе час несці адказнасць за ўсё – як зробленае, так і не зробленае намі.

Аляксандр Ярашук

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...