У сацыяльных сетках з’явіліся дакументы, якія “выкрываюць” сапраўдныя матывы актывістаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.

euroradio.fm

 

Матывы арганізатараў пратэстаў, калі верыць зместу дакументаў, фінансавыя: на “ахову навакольнага асяроддзя ў сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода” выдаткаваныя… 6500 еўра! Атрымальнік ― Раман Кісляк, мясцовы праваабаронца і адзін з арганізатараў акцый пратэсту. Фінансуе “ахову навакольнага асяроддзя” Брэста польскі Цэнтр экалагічнага права.

Гэта што ж атрымліваецца, у людзей нічога святога няма? Нават за здароўе сваіх дзяцей яны не могуць змагацца бясплатна!

Пачуць апраўданні Рамана Кісляка не атрымліваецца ― недаступны. Таму тэлефануем прэзідэнту Цэнтра экалагічнага права Магдалене Бар, чый подпіс нібыта стаіць пад рашэннем аб выдаткаванні грошай Раману Кісляку.

“Не прыгадаю, каб нешта такога кшталту падпісвала… Але мы дакладна не можам мець з гэтым нічога агульнага. Гэта нехта капае пад нас! Пачулі недзе назву нашага цэнтра ці маё прозвішча, але я не ведаю, хто такое мог зрабіць. Я ніколі нічога не чула пра будаўніцтва такога завода. Ды ў нас ніхто б такога ліста не падпісаў, бо ён бессэнсоўны.

Так, мы займаемся аховай навакольнага асяроддзя, але нікога не фінансуем. Мы больш уяўляем з сябе такую навуковую арганізацыю: выдалі некалькі кніжак, выступаем у ролі экспертаў у пытаннях аховы асяроддзя. Але не фінансуем ніякіх там пратэстаў, увогуле нікога не фінансуем! Не рабілі б гэтага, нават калі б мелі такую магчымасць, але ў нас яе і няма. Мы з гэтым не маем нічога агульнага, бо наша скіраванасць ― навуковая”, ― здзіўляецца сваёй датычнасці да фінансавання акцый пратэсту ў беларускім Брэсце Магдалена Бар.

Пасля азнаямлення з “дакументам” спн. Магдалена адназначна заяўляе: ён дакладна паходзіць не з яе арганізацыі. А подпіс ― не яе, “і нават не падобны”.

Можа, яна проста праўду казаць не хоча? У заяўцы на грант пазначана, што “партнёр праекта” ― праваабарончы цэнтр “Вясна”. Юрыст цэнтра Валянцін Стэфановіч здзіўляецца не менш за Магдалену Бар.

“Адназначна магу сказаць: як прадстаўнік Рады арганізацыі я не ведаю нічога ні пра якія праекты, сумесныя з Кісляком. І цэнтра гэтага экалагічнага польскага я не ведаю ― ніколі не чуў пра яго. Таму, для мяне гэта вельмі цікавая інфармацыя”, ― кажа Стэфановіч.

Праваабаронца перакананы: апублікаваныя ў сацсетках “дакументы” несапраўдныя.

Такім чынам, выглядае, што дакументы гэтыя ― фальшыўка. Прычым, зробленая не ў Польшчы. Не верыце? Як вы думаеце, ці зрабілі б сапраўдныя палякі столькі памылак у афіцыйным дакуменце? Асабліва з улікам таго, што, як мы ўжо высветлілі, “Цэнтр экалагічнага права” аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах навукоўцаў ― людзей адукаваных і граматных.

Якую мэту пераследуюць стваральнікі фальшывак, здагадацца не складана, кажа праваабаронца Андрэй Стрыжак.

“Можам адсачыць ланцужок падзей. Ключавыя фігуры ў брэсцкіх пратэстах ― блогеры Кабанаў і Пятрухін і праваабаронца Раман Кісляк. Супраць Пятрухіна здзейснілі моцны крок ― у яго канфіскавалі камп’ютарную тэхніку і відэакамеру. І таму тут бачная кампанія супрацьдзеяння, каб паказаць, што гэтыя людзі працуюць за заходнія грошы і ўсе падзеі ў Брэсце раскручваюць са сваіх меркантыльных інтарэсаў. Такое вось супрацьдзеянне на народныя пратэсты ў Брэсце”.

Але ці могуць стаць хай і сабе і фальшывыя дакументы падставай для адкрыцця сапраўднай крымінальнай справы?

“Я не думаю, што гэтага дастаткова, каб распачаць справу супраць Кісляка. Бо трэба даказаць, што быў дакумент, які ён пісаў, і што ён нейкія грошы атрымліваў. Без доказаў, што нейкія грошы былі пералічаныя на пэўны рахунак, і што рух гэтых грошай быў па тым рахунку, цяжка нешта прад’явіць”, ― лічыць Валянцін Стэфановіч.

Але калі дакументы фальшыўка, зробленая не ў Польшчы, дык ці не варта нашым праваахоўным органам высветліць, хто такімі “жартамі” займаецца?

Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: