Калі вы спытаецеся пра тытунёвую фабрыку ў Гродне, дык гродзенцы вам пакажуць сучасны будынак фабрыкі па вуліцы Гарнавых. Цяпер нават не кожны  гісторык ведае, дзе знаходзіўся будынак знакамітай фабрыкі гродзенскага прадпрымальніка, акцыянера, пецярбуржскага купца Шарашэўскага. 

 

Архіўныя матэрыялы расказваюць гісторыю гэтай вядомай фабрыкі ў Расійскай імперыі. У заключэнні гродзенскага аддзялення Дзяржбанка ў жніўні 1910 года адзначалася: “Адна з самых буйных і паважных тытунёвых фабрык у Расіі. Рэпутацыя фірмы цудоўная, справа пастаўлена правільна, адміністрацыя выклікае поўны давер”.

Пачатак дзейнасці тытунёвай фабрыкі ў адных архіўных дакументах адносяць да 1859 г., у другіх – да 1862 г. Дакладна вядома дата, калі ў гродзенскім губернскім праўленні разбіралася прашэнне купца Абрама Гардона і Ёселя Шарашэўскага аб дазволе адчыніць у Гродне тытунёвую фабрыку – 17 ліпеня 1861 г. Дазвол быў атрыманы Гардонам, бо Шарашэўскі тады не меў яшчэ купецкага пасведчання.

З 1873 фабрыка перамясцілася з Саборнай вуліцы ў трохпавярховы будынак па вул. Маставой. Там было 25 пакояў, светлых праз 32 акны, шкоднае паветра выходзіла праз вентылятар у дымаход, вада паступала з гарадскога вадаправода. Фабрыка мела конны млын і 6 станкоў для рэзкі тытуню. У 1880-1886 гг. былі 3 паравыя машыны (34 кон. сіл), 2 паравыя катлы, 3 прэсы, 3 сталы, 14 станкоў для рэзкі паперы і 18 крышыльных. У 1895 г. было ўжо 5 паравых машын (54 к.с.), у 1910 – 7. Сыравіну (махорку, тытунь) прывозілі з Крыма і іншых мясцін Украіны, вышэйшых гатункаў – з Амерыкі. Выраблялі курыльную і нюхальную махорку, цыгары, папяросы. Склады прадукцыі  знаходзіліся ў Варшаве, Любліне, Лодзі, Радомлі, Вільні, Дзвінску, Ломжы, Сімферопалі.

Чытайце па тэме:  В Гродненском гарнизоне погиб солдат

Колькасць рабочых, занятых на фабрыцы, пастаянна павялічвалася: у 1872 г. працавала 10 майстроў і 20 працаўнікоў, у 1885 г.  – 823 працаўніка, у  1899 г. – 1522 чал. Уладальнік удзяляў пэзную увагу і рабочым: у 1884 г. пры фабрыцы дзейнічала ашчадная каса, у 1885 г. – пазыковая каса. У 1892 г. пачало працу вучылішча для сотні падлеткаў-дзяўчынак, якія працавалі на фабрыцы; быў усталяваны медыцынскі пост, на якім працавалі ўрач і фельчар, а таксама прадавалі лекі з ільготнай аплатай.

З 1 студзеня 1907 г. фабрыка ператварылася ў акцыянернае таварыства тытунёвай фабрыкі “І.Л. Шарашэўскі”. Старшынёю стаў Шарашэўскі, дырэктарам праўлення – гродзенскі купец Ф.Ш. Русота, дырэктарам-распарадчыкам – купец Г.В. Гелер. Статут таварыства быў высачайша зацверджаны 31 снежня 1906 г. Асноўны капітал таварыстваў склаў 2 млн. рублёў, гадавая прадукцыя выраблялася на 4 млн. руб.

У 1913 г. акцыянернае таварыства набыло тытунёвую фабрыку “Нёман”.

У 1914 г. быў падрыхтаваны праект надбудовы чацвёртага паверха асноўнага будынка і пабудовы чатырохпавярховага новага будынка замест паўтарапавярховага будынка па Цагляным завулку ў двары фабрыкі. Паколькі сцены надбудовы былі ўсяго ў паўтары цэглы, дык яе не дазволілі, а новую пабудову можна было рабіць з умовай таўшчыні сцен у 2-3 цэглы.

Што сталася з гэтымі планамі – невядома, бо хутка пачалася Першая сусветная вайна.

Прафесар гісторыі Вячаслаў Швед,

Чытайце па тэме:  Гродненщина расширит сотрудничество с США в сфере туризма, образования и культуры

Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: