Служба бяспекі Украіны паведаміла пра дэпартацыю беларускага грамадзяніна Паўла Карназыцкага. Яго вінавацяць у распаўсюджванні антыўкраінскай прапаганды, піша Новы час.

Павел Карназыцкі, YouTube

 

Як паведамляецца, аператыўнікі спецслужбы ўсталявалі, што іншаземец, які пражываў ва Украіне нелегальна, публічна распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю. У прыватнасці, падчас выступаў на некаторых тэлевізійных каналах ён ставіў пад сумнеў прызнаныя міжнароднай супольнасцю доказы прысутнасці войскаў краіны-агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.

Таксама П. Карназыцкі неаднаразова публікаваў антыўкраінскія матэрыялы на медыя-рэсурсах, падкантрольных тэрарыстычным арганізацыям «ДНР» і «ЛНР».

Старшыня СБУ Васіль Грыцак адзначыў, што пасля ўвядзення абмежаванняў на ўезд расійскіх грамадзян у Украіне спецслужбы РФ усё часцей прыцягваюць да правакацый замежнікаў. «Дзейнасць падобных праплочаных Расіяй прапагандыстаў уяўляе пагрозу не толькі нацыянальным інтарэсам Украіны, але і супярэчыць заканадаўству краіны іх паходжання», — адзначыў Старшыня СБУ.

2 студзеня Карназыцкага дэпартавалі ў Беларусь і забаранілі ўезд ва Украіну на тры гады.

Імя Паўла Карназыцкага ўнесена ў базу сайта “Міратворац”, які займаецца маніторынгам прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны.

Рэдакцыя беларускай службы InformNapalm з дапамогаю выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) назбірала дадатковую інфармацыю пра дэпартаванага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — актыўнага прапагандыста «русскаго міра».

Павел Карназыцкі нарадзіўся 4 чэрвеня 1975 года ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Навучаўся на журфаку БДУ. У 1998 годзе быў абраны старшынём моладзевай арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (“Маладая Грамада”). З канца 1990-х нелегальна жыў ва Украіне.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Бедарусь 13-га склікання і палітычны аглядальнік Павел Знавец сцвярджае, што пасля абрання Карназыцкага старшынём Маладой Грамады, Мікола Статкевіч — на той час лідар БСДП — паведаміў яму інфармацыю, што Павел Карназыцкі наўпрост звязаны з КДБ РБ і нават пазначыў двух ягоных куратараў (Чыж і Угляніца).

Актывістам “Маладой Грамады” давялося тэрмінова рыхтаваць новы пазачарговы з’езд пры супрацьдзеянні Карназыцкага і ягоных людзей. 28 лютага 1998 году замест яго быў абраны Сяргей Марцэлеў. Адразу пасля гэтага Карназыцкі даў інтэрв’ю “Радыё Свабодзе”, у якім распавёў, што быў завербаваны КДБ, меў агентурную мянушку “Ралан”.

Паводле сведчання колішняга кадравага афіцэру, падпалкоўніка КДБ Беларусі Валера Косткі, вербоўка Карназыцкага была скіраваная на тое, каб здзейсніць ягоную “раскрутку”, падняць ягоны рэйтынг сярод сваіх партыйных калегаў і паставіць на пасаду старшыні моладзевай арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, што і адбылося ў 1998 годзе.

Апроч гэтага спецслужбы выкарыстоўвалі яго для збору кампрамату на палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Павел Карназыцкі пазіцыянаваў сябе ва Украіне як палітычны аглядальнік, журналіст і багаслоў. Практычна не выходзіў з эфіру тэлеканалаў News One і 112, звязаных з буйнымі ўкраінскімі фінансава-прамысловамі групамі, што маюць прарасійскую скіраванасць. Актыўна выкарыстоўвае галоўныя штампы расійскай прапаганды ў дачыненні ваеннай агрэсіі РФ супроць Украіны, аспрэчвае забарону трансляцыі тэлеканалаў дзяржавы-агрэсара, актыўна падтрымлівае УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

Валанцёры InformNapalm не выключаюць, што расійскія спецслужбы могуць выкарыстоўваць Карназыцкага для правядзення дэструктыўнай дзейнасці і ў дачыненні нашай краіны. Менавіта ў гэты момант адбываецца рэалізацыя намераў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ што да прававой імплементацыі і паўнавартаснага разгортвання так званага “Союзного государства” з наступным непазбежным паглынаннем тэрыторыі Беларусі. Прапагандысты з беларускім рэгістрацыяй, якія на працягу гадоў здзяйснялі падрыўную дзейнасць супроць Украіны, відавочна будуць актыўна застасоўвацца і на беларускім стратэгічным напрамку.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: