Заснавальнік і дырэктар кампаніі StringersHub Якаў Бута публічна папрасіў прабачэньня за відэасюжэт на расейскім Першым канале, дзе мянчук Віталь Юрчанка выдаваў сябе за жыхара Крывога Рогу Кірыла Чубенку, паведамляе Радыё Свабода.

Якаў Бута, VOA

 

Раней Бута ўжо тлумачыў Свабодзе прычыны інцыдэнту:

«Мы ад уласнага ўдзелу ў вытворчасьці здымак аддаляемся максымальна, каб такія кейсы ня здараліся. Тут працаваў прадусар на фрылансе. Інфармацыі сапраўды пакуль мала».

Што адбылося

Расейскі блогер Ільля Варламаў выявіў фэйк расейскай прапаганды ў дачыненьні да Ўкраіны, у якім узяў удзел і беларус Віталь Юрчанка.

21 лістапада, да пятай гадавіны Эўрамайдану, на расейскім Першым канале выйшаў сюжэт пра жыцьцё Ўкраіны, у якім нібыта ўкраінец Кірыл Чубенка расказвае пра жахі, якія яму даводзіцца цярпець пасьля Майдану.

Хто такія StringersHub

StringersHub — беларуская кампанія, якая перадала расейскаму Першаму каналу відэа зь беларусам, які выдаваў сябе за ўкраінца. Кампанія вядомая як пасьпяховы беларускі стартап, летась яна трапіла ў амэрыканскі аксэлератар Starta (Нью-Ёрк).

Заснавальнік кампаніі StringersHub — былы журналіст Белтэлерадыёкампаніі Якаў Бута.

StringersHub рыхтуе відэаматэрыялы на замову разнастайных тэлеканалаў.

«Ганарары стрынгераў вар’іруюцца ад 20 да 1500 даляраў за здымку, у залежнасьці ад лякацыі і тэхнічнага заданьня… Месячная выручка сэрвісу пераваліла за 10 тысяч даляраў. Увесь прыбытак інвэстуем у разьвіцьцё», — распавядаў Якаў Бута парталу bel.biz у сакавіку.

Сам Бута, прадстаўляючы сэрвіс StringersHub, казаў, што мае базу ў 1500 стрынгераў з усяго сьвету. Сярод замоўцаў — мэдыйныя кампаніі з постсавецкай прасторы.

На пачатку году Бута казаў, што асноўная задача сэрвісу — «падрыхтаваць плятформу для працы на амэрыканскім рынку».

Ня першы скандал StringersHub

Сёлета ў красавіку стала вядома, што беларуская кампанія супрацоўнічае з расейскім тэлеканалам НТВ. Тады зьявілася інфармацыя, што StringersHub узяў інтэрвію ў сястры тагачаснай народнай дэпутаткі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі — Веры. Тая адмаўляла ў інтэрвію расейскім тэлеканалам, але на прапанову беларускай кампаніі пагадзілася.

Свабода высьветліла, што інтэрвію зь ёй запісвалася на замову кампаніі StringersHub — відэаагенцтва з офісам у Менску, якое займаецца вытворчасьцю відэакантэнту зь любых рэгіёнаў. Кіраўнік менскага офісу Аляксей Лапцёнак паведаміў, што размову зь Верай Саўчанкай запісвалі для польскай аўдыторыі на замову польскага прадусара.

Журналістка, якая выконвала замову, таксама пацьвердзіла, што працавала на беларускую кампанію StringersНub і замову атрымала менавіта зь Менску.

Раней у публікацыі на расейскім РБК паведамлялася пра супрацоўніцтва сэрвісу з тэлеканалам ТВЦ.

Хто такі Якаў Бута

Бута нарадзіўся ў Сьветлагорску, скончыў факультэт журналістыкі і Інстытут бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій БДУ. Больш за 6 гадоў адпрацаваў на тэлеканале «Беларусь-1». Быў эканамічным аглядальнікам, асьвятляў тэмы транспарту, інфраструктурныя праекты, сельскую гаспадарку, навіны менскага рэгіёну. Як журналіст Бута таксама вядомы па праекце «Знай нашых».

У 2012 годзе журналістка «Народнай газеты» пыталася ў Буты: «А некаторыя спэцыялісты сьцьвярджаюць, што чорны піяр ня можа пайсьці на карысьць?» «Я так не лічу», — адказаў Бута.

У 2011 годзе ў беларускіх гарадах адбываліся «маўклівыя пратэсты», калі беларусы выходзілі на цэнтральныя вуліцы і пляскалі ў ладкі. Чарговая акцыя была заплянаваная на Кастрычніцкай плошчы Менску, але тая аказалася занятая актывістамі БРСМ і агароджаная турнікетамі.

Карэспандэнт БТ Якаў Бута ў рэпартажы з Кастрычніцкай плошчы заявіў, што там сабраліся некалькі тысяч шчасьлівых студэнтаў. Хоць зь відэа бачна, што іх там значна меней. Пазьней Бута публічна прызнаўся ў сваім ВК, што гэта быў «фэйл».

«Так, хлопцы, вы маеце рацыю, гэта эпік фэйл, апраўдвацца ня буду, але абяцаю, што гэта больш не паўторыцца».

У Буты ёсьць іншы праект — камунікацыйнае агенцтва Like Media, заснаванае ім у 2013 годзе. Асноўны кірунак дзейнасьці — здымкі рэклямы на замову беларускіх тэлеканалаў.​

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...