Беларускі Следчы камітэт затрымаў двух расійскіх грамадзянаў, якія прыехалі паказаць “как в пушку заряд забивать”. Рускія гэта ведаюць: “Туго!” Так, як яшчэ дзядзька паэта Лермантава іх вучыў. І прыкладна гэтак, як пачалося следства следчага камітэта.

Дарэчы, у Міністэрстве абароны Беларусі пра тое, як рускія снарады ў пушкі забіваюць, не чулі? У школе не вучыліся? Таму з 2008 года толькі ў рускіх снарады для салютаў з феерверкамі купляюць?

Але вернемся да следства.

Пошук вінаватых у трагедыі, у забойстве, у чалавечай смерці пачынаецца з пытання: “Каму гэта выгадна, каму трэба было?..” Вось і пачнем з яго:

Каму патрэбная была смерць беларускі на фееверку ў дзень, які Лукашэнка прызначыў Днём незалежнасці Беларусі? Затрыманым прадстаўнікам кампаніі «Пиро-Росс»? Не, яны загінулую Наталлю Мікалаеўну, бабулю дваіх унукаў, знаць не зналі, а ў кампаніі «Пиро-Росс» някепска зараблялі. Самой кампаніі? Не, яна загінулую Наталлю Мікалаеўну знаць не знала, а на продажы піратэхнікі Міністэрству абароны Беларусі някепска зарабляла. Міністэрству абароны Беларусі? Не. Міністэрства загінулую Наталлю Мікалаеўну знаць не знала, а мяркуючы па тым, што закупкі піратэхнікі ў кампаніі «Пиро-Росс» абыходзіліся даражэй, чым у іншых, нехта ў Міністэрстве на адкатах някепска зарабляў. Раз на год. На парадах з салютамі і феерверкамі ў дзень, які Лукашэнка прызначыў Днём незалежнасці Беларусі.

Як бачым, гэтым шляхам мы нікуды не прыйшлі. Нібы няма вінаватых. Трагічны выпадак.

У такім разе ёсць іншы шлях з іншым пытаннем:

Каму патрэбныя былі салюты з феерверкамі, якія сталіся прычынай трагічнага выпадку? Без каманды таго, каму яны патрэбныя, купіла б снарады з феерверкамі ў кампаніі «Пиро-Росс» Міністэрства абароны? Каму ўвогуле ўсё гэта трэба было: няўцямны дзень незалежнасці 3 ліпеня, які адмяніў свята вызвалення Мінска ад нямецкіх захопнікаў, парад з трыбунай, на якой стаіць галоўнакамандуючы у невядомай вайсковаму свету форме, што не замінае яму камандаваць у гэтай краіне не толькі парадамі, Міністэрствам абароны, а ўсімі і ўсім?.. Каму гэта ўсё трэба?!.

Адказаўшы на гэтае пытанне, Следчы камітэт паўпрост выйдзе на аднаго вінаватага ў смерці Наталлі Мікалаеўны, бабулі дваіх унукаў. І адпусціць дваіх рускіх. Але Следчы камітэт гэтага не зробіць. Бо снарад забіты “в пушку туго!” А ў “пушкі” адкаты.

Уладзімір Някляеў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...