Стала вядома ўжо пра трэці за апошнія два месяцы выпадак самагубства грамадзяніна Расеі, зьвязаны, як мяркуецца, з пагрозай высылкі зь Беларусі. 31 сьнежня 2018 году добраахвотна скончыў жыцьцё 68-гадовы жыхар Брагінскага раёну Мікалай Дземідзенка, паведамляе Радыё Свабода.

Ілюстрацыйнае фота. Штамп аб высылцы ў беларускім пашпарце

 

«Ён меў яшчэ савецкі пашпарт, ніяк ня мог зрабіць новы. Раней Мікалай жыў у Карэліі, то маглі выслаць у Расею, бо ў яго былі тут адміністрацыйныя правапарушэньні», — зазначыла адна з крыніц Свабоды, блізка знаёмая з сытуацыяй.

Ён нарадзіўся тут

Мікалай Дземідзенка нарадзіўся ў вёсцы Вуглы Брагінскага раёну. Потым пераехаў жыць у Карэлію. Каля дванаццаці гадоў таму вярнуўся на радзіму — у вёску Старыя Хракавічы. Тут жыў старэйшы брат. Мікалай меў яшчэ савецкі пашпарт, новы ніяк ня мог зрабіць.

У яго былі праблемы з алькаголем.

«Паперы яму зьбіралі, каб атрымаў пашпарт. Міліцыя нават запыты дасылала ў Расею, па апошнім яго месцы жыхарства. Пашпарт жа ягоны быў аформлены ў Расеі. Але ён злоўжываў алькаголем, таму ня мог даць рады аформіць дакумэнты.

У яго былі штрафы за адміністрацыйныя правапарушэньні — зьяўленьне ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы. Перш трэба было штрафы сплаціць», — кажуць у Чамярыскім сельскім савеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска Старыя Хракавічы.

«Нікому ён шкоды не рабіў, быў ціхім п’яніцам»

У сельсавеце зазначылі, што Старыя Хракавічы знаходзяцца ў чарнобыльскай зоне, за 5-6 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

«Самі разумееце, тут памежная зона, заканадаўства зьмяняецца, узмацняецца. Пасьля аварыі на ЧАЭС у нас тут набудавалі дамкоў для перасяленцаў, і таму сюды цягнула людзей, якія недзе бадзяліся па сьвеце, а тут маглі асесьці», — кажуць у сельскім савеце.

Там дадаюць, што Мікалай нікому не рабіў шкоды, быў «ціхім п’яніцам». Дапамагаў вяскоўцам з апрацоўкай агародаў, займаўся іншымі сельскагаспадарчымі работамі.

«Ён нікога не турбаваў, ніхто на яго ў вёсцы не скардзіўся. Каб ён краў ці буяніў, дакучаў каму — такога не было. Мы казалі — рабі пашпарт, будзеш пэнсію атрымліваць, але ён абяцаў, а потым нап’ецца, і ўсё. Каб не алькаголь, то не было б такіх праблем. Але мы хрысьціяне, нам шкада людзей, усіх.

Куды яму было высяляцца, ды сярод зімы? У чыстае поле? Тым больш тут брат, у Рэчыцы брат, у Гомлі сястра ў яго. Ну пра такое не казалі, што яго вывезуць у чыстае поле. Хаця адну жанчыну пасадзілі неяк у цягнік і адправілі на Піцер», — патлумачылі ў сельскім савеце.

Рэакцыя праваахоўнікаў

У прэсавай службе Гомельскай міліцыі Свабодзе адмовілі праверыць і даць інфармацыю пра такога чалавека.

«У гэты момант інфармацыяй не валодаем, рабіце афіцыйны запыт ці зьвяртайцеся ў СК, у кожным выпадку там будуць праводзіць праверку», – сказаў супрацоўнік.

Прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава заявіла, што ёй пра гэты выпадак пакуль нічога не вядома, абяцала ўдакладніць і паведаміць пазьней.

Выслаць могуць за адно пратакольнае парушэньне

Праваабаронца Леанід Судаленка зьвярае ўвагу, што за апошні час гэта трэці выпадак самагубства, зьвязаны з пагрозай высылкі з Беларусі.

У сьнежні 2018 з прычыны высылкі зь Беларусі ўчыніў самагубства 35-гадовы жыхар Лоева (Гомельская вобласьць) Сяргей Барысаў.

У студзені ў Буда-Кашалёўскім раёне таксама ўчыніў самагубства грамадзянін Расеі. Віталь жыў у Беларусі 14 гадоў, меў тут жонку і шэсьць дзяцей, працаваў на мясакамбінаце. За адміністрацыйныя правапарушэньні яму пагражала высылка. Дзеці засталіся сіротамі.

«Ёсьць інструкцыя МУС для тых, хто атрымлівае від на жыхарства, — тлумачыў раней у інтэрвію Свабодзе кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак. — Асобаў зь іншым грамадзянствам папярэджваюць, што трэба паважаць Канстытуцыю, выконваць законы. Таксама ставіцца ўмова, што ў выпадку прыцягненьня да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці зьяўляюцца падставы ўзьняць пытаньне аб высылцы ці дэпартацыі. І ня важна, на чырвоны сьвятлафор перайшоў, ці ў пікеце стаяў. Цягам году пратакольнае парушэньне — ужо падстава».

«Заканадаўцы, зьмяняйце закон, калі ён ідзе не ад жыцьця»

«Калі такое здараецца, ужо б мянялі законы, якія дазваляюць за адно правапарушэньне высылаць чалавека, як у выпадку з украінцам Сяргеем Працэнкам. Ён мае жонку, малых дзяцей, працу, станоўчыя характарыстыкі. Хто выйграе, калі яго вышлюць ва Ўкраіну? — кажа праваабаронца Леанід Судаленка. — Рушыцца сям’я — рушыцца ўсе.

Для мужчыны гэта вельмі стрэсавая сытуацыя. Працэнка кажа: што я, сяду на вакзале ў Чарнігаве і буду сядзець? Яму няма куды ісьці ва Ўкраіне. Ён траціць сацыяльныя сувязі, сямʼю», — падкрэсьліў праваабаронца.

Праваабаронца заклікае заканадаўцаў «ня спаць у шапку».

«Калі закон ідзе не ад жыцьця, то трэба зьмяніць закон, бо людзі, як мы бачым, ня могуць самастойна справіцца з праблемай і накладаюць на сябе рукі», — дадаў Судаленка.

Рашэньне пра ўкраінца Сяргея Працэнку, якому пагражае высылка, будзе вынесенае 7 лютага ў Гомельскім абласным судзе.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...