Гэты чырвоны сігнал гарыць ужо 23 гады. Мы прызвычаіліся да яго так, што нават не заўважаем. Таму я заклікаю ўсіх, хто неабыякава ставіцца да будучыні Беларусі, часцей заходзіць, напрыклад, на ААНаўскі сайт. Не трэба быць прафесійным дэмографам, каб убачыць, што мы выміраем. За гэты перыяд колькасць беларусаў зменшылася амаль на 1 млн чалавек.

rb

За мінулы 2015 год нас стала менш на 33982 чалавекі. Кожны дзень нас становіцца менш на 45 чалавек. Такім чынам, кожны дзень вымірае невялікая вёска, кожны год — райцэнтр, а за 23 гады – цэлы мегаполіс.

Здаецца, і вайны няма, а краіна вымірае.

Чаму Беларусь аказалася ў ліку лідараў па змяншэнні насельніцтва? Адказаць на гэта пытанне не так проста, і прычын тут не адна.

Каб знайсці хаця б частку іх, паглядзім, якія краіны аказаліся ў гэтай сумнай групе са значным адмоўным натуральным ростам насельніцтва. Гэта Балгарыя, Сербія, Чарнагорыя, Эстонія, Латвія, Літва, Украіна. З развітых краін у гэтай групе знаходзяцца Германія і Японія.

Да нядаўняга часу ў гэту групу ўваходзіла і Расійская Федэрацыя, але ў апошнія гады ёй удалося выйсці на станоўчы натуральны дэмаграфічны рост, хоць і ў значнай ступені за лік каўказскіх рэспублік.

Блізкі да нуля дэмаграфічны рост прысутнічае амаль ва ўсіх краінах Цэнтральнай Еўропы.

У Беларусі максімум нараджальнасці прыйшоўся на 1958 год, гэта быў пік пасляваеннага бэбі-бума, які, дарэчы, меў месца і ў Еўропе і ў ЗША.

Чытайце па тэме:  За 2015 год в Беларуси на 34 тысячи детей стало больше

У ЗША дагэтуль, за выключэннем, Нью-Ёрка, Чыкага і некаторых іншых мегаполісаў, сям’я, у якой трое ці болей дзяцей, з’яўляецца нормай нават сярод белага насельніцтва. Асабліва гэта тычыцца традыцыйных каталіцкіх і пратэстанцкіх сем’яў (іх пакуль што большасць), сем’яў адносна аўтаномных рэлігійных суполак (амішы, мармоны і інш.). Аўтар гэтага артыкула шмат разоў бываў ў розных амерыканскіх сем’ях (пераважна каталіцкіх і праваслаўных), і яго ўразіў той факт, што незалежна ад узроўню дабрабыту сям’я, дзе дзяцей шмат, лічыцца нормай.

Вернемся, аднак, да дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі. Яе, без перабольшвання, можна назваць катастрафічнай.

Нараджальнасць на адну жанчыну каля 1,6 дзіцяці, больш за два мільёны абортаў за апошнія 20 гадоў, перавышэнне працягласці жыцця жанчын над мужчынамі больш за 10 гадоў (адзін з самых высокіх у свеце паказчыкаў), сумныя паказчыкі па скасаваннях шлюбаў, першае месца ў свеце па ўжыванні алкаголю і г.д. Усё гэта паказчыкі таго, што інстытут сям’і ў Беларусі цяжка хворы.

Ці можна палепшыць гэтую сітуацыю? На наш погляд, вельмі цяжка, але штосьці зрабіць можна. Нельга сказаць, што дзяржава нічога не робіць ў гэтым кірунку, яна вымушаная штосьці рабіць: Праграма дэмаграфічнай бяспекі і інш. Але тое, што сітуацыя амаль не лепшае, гаворыць аб тым, што робіцца мала. Тут павінен мець месца комплексны і нестандартны падыход. Дзяржава, грамадства, рэлігійныя суполкі і кожны з нас павінны зрабіць усё, што магчыма для падтрымкі рэпрадукцыйных сямей Беларусі (зразумела, пры роўнасці нараджэння і прыёму дзяцей).

Чытайце па тэме:  Дэмограф: Дзяржава стымулюе нараджэнне трэцяга дзіцяці, а трэба, каб першага

Трэба ўмацоўваць і пашыраць прыватную маёмасць сямей: акрамя іншага, даваць зямлю ў прыгарадах і падтрымліваць будаўніцтва жылога дома (не кватэры), надзяленне капітальнымі актывамі (перадача часткі акцый, якія належаць дзяржаве, так бы мовіць, кропкавая прыватызацыя). Пажадана ўсебакова падтрымліваць сямейны бізнэс сем’яў з дзецьмі.

Трэба падтрымліваць супольныя канфесійныя прыгарадныя паселішчы (праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў ды інш.).

Павінна працаваць кожны дзень на працягу гадоў сацыяльная рэклама здаровых сем’яў.

Пажадана было б распрацаваць новыя формы вячэрне-дыстанцыйнай формы вышэйшай адукацыі на льготнай падставе для маладых жанчын у шлюбе, якія нарадзілі дзіця.

Неабходна перш за ўсё эканамічнымі метадамі весці барацьбу з абортамі і бытавым ужываннем алкагольных напояў.

Пажадана было б заснаваць дадаткова недзяржаўныя фонды падтрымкі сем’яў, дзе нараджаецца трэцяе дзіця.

Тут прапанаваныя толькі некаторыя меры комплекснай падтрымкі сем’яў з дзецьмі. З некаторымі з іх не ўсе пагодзяцца. Але, спадзяюся, пераважная большасць людзей, асабліва, тых хто прымае важныя для краіны рашэнні, пагодзіцца з тым, што трэба зрабіць усё, каб спыніць дэпапуляцыю ў Беларусі. Інакш, калі нічога не зменіцца, нашаму этнасу застанецца 160—180 гадоў, хвіліна для гісторыі.

Сяргей Лябецкі, Еўрапейская даследніцкая асацыяцыя «Oikonomos» (Вільнюс, Літва)

Наша ніва


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.