Былы высокапастаўлены чыноўнік сыстэмы аховы здароўя разважае, чаму ў галіне квітнее карупцыя; чаму ў Беларусі цэны на лекі значна вышэйшыя, чым у суседзяў; наколькі празрыстая сыстэма закупаў. І не камэнтуе, ці можа кіраўнік ня ведаць, што адбываецца ў ягоным ведамстве.

люстрацыйнае фота ©Shutterstock

 

Месяц таму старшыня КДБ Валеры Вакульчык паведаміў пра выкрыццё маштабнай карупцыйнай схемы ў сфэры аховы здароўя. У справе аб злоўжываннях чыноўнікаў больш за 60 фігурантаў, 37 з іх затрыманыя, сцьвярджае старшыня КДБ. Выяўлены злачынныя схемы закупаў мэдтэхнікі за бюджэтныя сродкі. Чыноўнікам і кіраўнікам буйных клінік выставілі абвінавачанні ў хабарніцтве і ўхіленні ад падаткаў.

На пытаньні Свабоды адказвае былы высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства аховы здароўя.

«У людзей крадуць надзею»

— Як у цэлым вы ацэньваеце апошнія гучныя затрыманні мэдыкаў і чыноўнікаў? Нядаўна намеснік генэральнага пракурора Аляксей Стук назваў лічбу: 114 выпадкаў карупцыі ў галіне за 5 месяцаў.

— Па-першае, мне вельмі прыкра, сытуацыя непрыемная.

Па-другое, у людзей крадуць надзею. Кожны чалавек спадзяецца, што з кожным годам будзе лепш, з’явіцца новае мэдычнае абсталяванне. Што азначаюць гэтыя вялікія сумы, канфіскаваныя ў чыноўнікаў і кіраўнікоў мэдычных устаноў? Гэта азначае: штосьці з новага абсталявання не купілі, а людзі маюць права на надзею, што мэдыкамэнты будуць таньнейшыя, што іх раённая бальніца будзе лепш абсталяваная.

І трэцяе. Нягледзячы на дзве сумныя высновы, дзяржаўная сыстэма адстойвае тое, што дэкляруе. То бок сказаў кіраўнік дзяржавы, што будзе наводзіцца парадак — і гэта адбываецца. Канчатковая мэта — навесці парадак. Каб лекі былі таньнейшыя, пашыраліся магчымасці атрымліваць бясплатную агульнадаступную мэдычную дапамогу.

«Я ня думаю, што старшыня КДБ сядзеў за друкарскім станком і друкаваў тыя купюры»

— Простых грамадзян вельмі ўразілі сумы, якія канфіскавалі ў чыноўнікаў і кіраўнікоў, фігуравалі лічбы ў 620 тысяч даляраў, 500 тысяч, 140 тысяч. Ці верыце вы, што сумы «адкатаў» могуць быць такія вялізныя?

— Я да ўсіх гэтых сэнсацыйных навінаў і карцінак стаўлюся так: ідзе следзтва, і яно зробіць высновы, якія ў бальшыні выпадкаў будуць аб’ектыўныя. Спадзяёмся на гэта. Трэба дачакацца вынікаў.

А што тычыцца касмічных сум, я ня думаю, што старшыня КДБ Вакульчык сядзеў за друкарскім станком і друкаваў тыя купюры. Мне падаецца, гэта аб’ектыўная рэальнасьць.

Але мне спадабалася адна фраза Вакульчыка, што гэта не адносіцца да тых спэцыялістаў, якія аказваюць мэдыцынскую дапамогу штодня.

«У сыстэме закупаў было шмат непразрыстага і незразумелага»

— Ці празрыста праводзяцца закупы, як было пры вашым кіраванні галіной?

— Калі я стаў кіраўніком, мы сутыкнуліся з тым, што ў сыстэме закупаў было шмат непразрыстага і незразумелага. І мы падрыхтавалі шэраг пастаноў па гэтым пытанні. Мы зрабілі прэфэрэнцыі айчынным вытворцам на таргах пры дзяржаўных закупах за кошт дзяржбюджэту.

Так, я выкрываў факты — перш за ўсё на ўзроўні тых людзей, якія рыхтавалі тэхнічныя заданні, на ўзроўні экспэртаў. І склаў табліцу: прозвішча экспэрта, якое ён даваў заключэнне і куды ён потым ездзіў і за чый кошт.

Я ня следчы, але заўважыў, што ў шэрагу выпадкаў тэндэрныя таргі выйгравала толькі адна фірма. Я выкліка́ў, гутарыў і задаваў адно пытанне: што мне з гэтым рабіць? Гэта была прафіляктычная гутарка. Большасць людзей аказваліся з добрым разуменнем.

Што тычыцца чыноўнікаў. Бухгальтэрыя Міністэрства аховы здароўя праплаціла грошы за адзін прэпарат, які быў вельмі важны для развіцця неданошаных дзетак. А смяротнасць немаўлят — гэта палітычны паказнік. Мне кажуць, што вельмі доўга грошы не паступаюць. Ёсць у Міністэрстве аховы здароўя Кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне, і я папрасіў правесці праверку. Аказалася, што гэтыя грошы былі патрачаныя на мікстуру ад кашлю імпартнай вытворчасці. Я выклікаў тых, хто гэта зрабіў, і кажу: «Ёсць тры шляхі. Першы — я справу перадаю ў праваахоўныя органы. Другі шлях — на аркушы фармату А4 вы пішаце заявы па ўласным жаданні. І трэці шлях — я вас звальняю за недавер і грубае парушэнне фінансавай дысцыпліны». Ішлі па другім шляху, людзі звальняліся.

«Я купляю ўсе мэдыкамэнты ў Расеі альбо ў Літве, бо там танней»

— Чаму ў Беларусі лекі даражэйшыя, чым у суседніх краінах? Вось толькі адзін канкрэтны прыклад: францускі прэпарат для зніжэньня ціску прэстарыюм у Беларусі каштуе 37 рублёў 87 капеек, у Вільні ў 3 разы танней — 5 эўра? Да таго ж некаторыя лекі зніклі з аптэк (да прыкладу, канкор) — працэс рэгістрацыі вельмі доўгі?

— Я ня ведаю, але магу здагадвацца, чаму так адбываецца.

У свой час мы распрацавалі досыць дакладную сыстэму аптовых і рознічных нацэнак. Яна ўсіх задавальняла. Трэба было, каб было выгадна і фірме — яна ж ня будзе працаваць сабе на страту.

Але потым некаму (я ня буду казаць, каму канкрэтна) нешта не спадабалася. Адбыліся змены, і мы маем тое, што маем. У нас шмат якія лекі значна даражэйшыя, чым у суседніх краінах.

Я купляю ўсе мэдыкамэнты ў Расеі або ў Літве, бо там танней.

Рэгістрацыя мэдыкамэнтаў павінна быць празрыстая, хуткая і дакладная. Мы не павінны прапускаць на рынак няякасныя лекі, але рэгістрацыя ня можа праходзіць па некалькі месяцаў.

Аднак ня трэба забывацца, што ў РФ зарэгістравана 15,5 тысячы найменняў мэдыкамэнтаў. У нас значна менш. І камэрсанты думаюць: «Навошта я тут прэпарат буду рэгістраваць? Рынак вялікі. Я зарэгіструю ў РФ, дзе 144 мільёны насельніцтва, і буду там яго прадаваць». Але ў Літве насельніцтва — 3 мільёны, і там лекі таннейшыя, хоць гэта Эўразвяз.

І гэта вельмі прыкра, што ў нас мэдыкамэнты каштуюць больш, чым у суседзяў. Дзякуй богу, цяперашні міністар стварыў адмысловую камісію, якая цяпер працуе і якая павінна высветліць сапраўдныя прычыны, чаму такія дарагія лекі.

Трэба думаць пра экспарт мэдыкамэнтаў. Для таго каб распрацаваць новы інавацыйны прэпарат, патрэбны 1 мільярд даляраў. У нас такіх грошай няма. Таму трэба выпускаць джэнэрыкі, але рабіць іх добра, паводле міжнароднага стандарту GMP (Good Manufacturing Practice​ — стандарт належнай вытворчай практыкі — РС). І каб ня мы самі сэртыфікавалі, а прыйшла кампанія, якая мае адпаведнае права, ліцэнзію. Так, гэта каштуе грошай, аднак на гэта трэба ісці. У цэлым эканоміка не прайграе, яна выйграе за кошт абароту.

«Ня ведаю. Не камэнтую»

— Ці можа міністар ня ведаць, што робіцца ў ягоным ведамстве? Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, былы міністар аховы здароўя, заявіў журналістам, што нічога ня ведаў, «ён узрушаны», і ў тым, што адбылося, ён сам вінаваціць «чалавечы фактар».

— Я ня ведаю. Я не камэнтую.

— Ёсць жа пры Міністэрстве аховы здароўя камісія па закупах, ёсць антыкарупцыйная камісія — як такое наагул магло здарыцца, гэта ж не адзін эпізод?

— Я не камэнтую.

— А чаму не называюцца прозвішчы камэрсантаў, бізнэсоўцаў, а толькі галоўных лекараў, кіраўнікоў мэдычных установаў, чыноўнікаў?

— Я ня ведаю. Што да мэдыкаў, усіх затрыманых я ня ведаю, але з некаторымі знаёмы, нават добра знаю, сутыкаўся па працы. І я быў вельмі здзіўлены — што з людзьмі адбылося? Магчыма, час мяняецца, іншыя каштоўнасці з’яўляюцца — лібэральныя: «Ідзі і грабі». Спадзяюся на аб’ектыўнае расследаванне. Калі чалавек ні ў чым не запэцканы — я спадзяюся, следзтва разбярэцца.

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: