Нядаўна вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў прэзентаваў у Беларусі і Польшчы сваю новую кнігу “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941 гг.”. Кніга-альбом, якая змяшчае сотні малавядомых і раней нідзе не публікаваных фотаздымкаў і іншых графічных матэрыялаў, расказвае пра міжваенную савецка-польскую мяжу непадалёк ад беларускай сталіцы.

Ігар Мельнікаў                                                                                                                                                       Фота аўтара

 

3 кастрычніка даследчык прадставіў выданне ў мінскай Галерэі TUT.BY, а пасля гэтага кнігу прэзентавалі адразу ў некалькіх польскіх гарадах. У Варшаву Ігара Мельнікава запрасіў “Дом сустрэч з гісторыяй”, у Катовіцы – філіял Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

— Ігар, не баіцеся, што вас могуць назваць польскім агентам, што трапіце ў апалу на радзіме? Менавіта польская амбасада ў Мінску дапамагала вам з арганізацыяй выстаў пра беларусаў, якія змагаліся ў Войску Польскім падчас Другой сусветнай вайны, зараз вось – прэзентацыя кнігі… – задалі мы гісторыку правакацыйнае пытанне.

Чытайце па тэме:  Беларусы ў корпусе Доўбар-Мусніцкага

– Вы жартуеце? Канешне, я не агент, таму што ў мяне цвёрдая прабеларуская пазіцыя, – парыраваў Мельнікаў. – Апала? Ад каго? Ад беларускага грамадства?

Я заўсёды адстойваў і адстойваю беларускі пункт гледжання на нашу гісторыю. Не польскі, не расійскі ці савецкі, а беларускі! Мая жорсткая пазіцыя: 17 верасня 1939 года пайшло на карысць беларускай дзяржаўнасці і нацыі, бо мы атрымалі магчымасць стаць паўнацэннай дзяржавай. Але заўсёды трэба памятаць пра тое, якім коштам далося ўз’яднанне. Пра гэта я і пішу ў сваіх кнігах.

Дзяржава мяне даўно запісала ў апазіцыянеры, але гэта няслушна. Бо я гэтай самай дзяржаве дапамагаю быць беларускай. А што да Польшчы, то гэта наш добры сусед, і ў нас шмат агульнага ў гісторыі.

– Ведаю, што вас запрашаюць чытаць лекцыі ў польскія ВНУ? А ў беларускія?

– На жаль, не. У нашых універсітэтах чытаць мой курс пакуль немагчыма, бо ў афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі яшчэ пануе савецкі погляд на мінулае Беларусі. Але маё ўласнае перакананне: айчынныя даследчыкі павінны рабіць акцэнт на беларускім.

У польскія ВНУ – так, запрашаюць. І я бясплатна там чытаю лекцыі пра беларусаў у Войску Польскім. У нас гэтыя ж лекцыі я даношу падчас прэзентацый сваіх кніг, і гэта таксама выклікае вялікую цікавасць у беларускага грамадства. Бо што тычыцца гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час ці ўдзелу беларусаў у Войску Польскім у барацьбе з нацызмам – гэта сапраўдная Атлантыда. Так, у акадэмічнай гістарыяграфіі выходзяць манаграфіі, публікуюцца артыкулы, але звычайныя беларусы амаль нічога пра гэта не ведаюць.

Чытайце па тэме:  Не пра падзеі, а пра людзей. Прафесар Швед прэзентаваў свой «Рэквіем паўстанцам 1863 – 1864 гадоў»

Я адкрыты для супрацоўніцтва з дзяржавай. І сведчаннем гэтага з’яўляюцца мае выставы “Беларусы ў Войску Польскім”, “Беларусы ў Арміі Андэрса” і “Першы Польскі корпус у Бабруйскай крэпасці”, якія прайшлі ў галоўных беларускіх дзяржаўных музеях. Акрамя гэтага, я распрацаваў сваю экскурсію “Мяжа ля Заслаўя”, абараніў яе ў Міністэрстве спорту і турызму, атрымаў ліцэнзію экскурсавода і раблю экскурсіі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй. Экскурсіі – гэта асобная сфера, таксама вельмі папулярная. Гэта яшчэ адна магчымасць данесці людзям гістарычную праўду І, паверце, такіх беларусаў шмат!

– Калі вярнуцца да вашай нядаўняй прэзентацыі “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941 гг.”, якая адбылася ў Польшчы, як усё прайшло?

– На мой погляд, у Iнстытуце нацыянальнай памяцi Польшчы ў Катовiцах атрымалася выдатна. На сустрэчы быў прадстаўнiк польскай Памежнай аховы. У Варшаве таксама зала была поўная, паслухаць лекцыю прыйшло нямала ўраджэнцаў Беларусі, якія пасля Другой сусветнай вайны засталіся жыць у межах сучаснай Польшчы. Акрамя гэтага, кнігай зацікавіўся польскі Інстытут нацыянальнай памяці. Нядаўна яго спецыялісты правялі эксгумацыю парэшткаў польскіх памежнікаў, якія загінулі 17 верасня 1939 года ў баях на савецка-польскай мяжы ў Беларусі. Мая кніга вельмі зацікавіла польскіх спецыялістаў.

Вельмі спадзяюся наладзіць супрацоўніцтва і з беларускім Дзяржаўным памежным камітэтам. Альбом “Мяжа была пад Мінскам 1921–1941 гг.” – гэта вельмі карыснае выданне і для айчынных “вартавых мяжы”. Дарэчы, беларускія “зялёныя фуражкі” з Гродна ўжо выявілі зацікаўленасць у маёй кнізе. Так што спадзяюся на плённае супрацоўніцтва з імі.

Чытайце па тэме:  Сергей Тарасов: Национальный археологический парк пошел бы Беларуси на пользу

Народная Воля


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.