Больш за чатыры месяцы жыхарцы Быхаўскага раёну Вользе Бабашцы афіцыйна не паведамляюць вынікаў праверкі абставінаў сьмерці яе 8-гадовага сына Ягора. На пісьмовыя звароты ў раённую пракуратуру і аддзел Сьледчага камітэту жанчыне не адказваюць, паведамляе Радыё Свабода.

Ягор Бабашка

 

Чатыры месяцы маўчаньня

Трэцяклясьнік Ягор Бабашка памёр у Лутчыцкай школе на ўроку фізкультуры 19 кастрычніка 2018 году.

22 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў аб прызначэньні судова-мэдычнай экспэртызы, якая мела выявіць прычыну сьмерці школьніка, а па выніках праверкі мелася быць прынятае «канчатковае працэсуальнае рашэньне». У паведамленьні гаварылася, што васьмігадовы хлопчык меў сардэчнае захворваньне і сьледчыя павінны вызначыць, ці меў ён абмежаваньні для заняткаў фізкультурай.

За мінулыя чатыры месяцы афіцыйных зьвестак аб прычынах сьмерці вучня ў школе не зьявілася.

Паводле Вольгі Бабашкі, у раённым аддзеле Сьледчага камітэту празь месяц пасьля сьмерці сына ёй сказалі, што «ён памёр праз захворваньне і імгненнае спыненьне сэрца». Дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі высновы сьледзтва, жанчына ня мае. Быхаўскі аддзел ЗАГС выдаў пасьведчаньне аб сьмерці, дзе ў графе «прычына сьмерці» ўпісаны код R99, то бок прычына ня вызначаная.

На пачатку лютага Вольга зьвярнулася ў раённую пракуратуру і аддзел Сьледчага камітэту, каб яе паінфармавалі:

Ці скончана праверка, якія яе вынікі і ці можа яна зь імі пазнаёміцца;

Ці выяўленыя парушэньні адказных асобаў, якія ў сілу сваіх абавязкаў мусілі не дапусьціць сьмерці сына і ці прыцягнутыя яны да адказнасьці;

Ці разглядаецца пытаньне пра завядзеньне крымінальнай справы.

Не атрымаўшы адказу, Вольга пагадзілася на гутарку са Свабодай, спадзеючыся, што яна паўплывае на сытуацыю.

Хваробу выявілі перад школай

Вольга жыве са сваёй маці на ўскрайку вёскі Тайманава. Ад іхнай хаты да шашы, якая вядзе з Быхава ў Рагачоў, тры кілямэтры. У школу суседніх Лутчыц Ягора разам зь вясковай дзятвой гэтай жа дарогай вазіў аўтобус. Ёю вёска праводзіла хлопчыка і ў апошні шлях. Цяпер маці зьбірае грошы на помнік сыну, а ў бацькоўскай хаце на відным месцы яго фатаздымак з чорнай стужкай.

Маці кажа, што пра хваробу, зьвязаную з парушэньнем рытму сэрца (сындром WPW), яна даведалася, калі сын праходзіў мэдычную камісію перад школай. Тады ў яго была кепская кардыяграма.

Да школы відавочных праблемаў са здароўем у хлопчыка родныя не заўважалі. Вольга кажа, што сын быў фізычна актыўным, любіў езьдзіць на ровары. Забаўляўся зь дзецьмі. Імкнуўся не адставаць ад іх ні ў чым.

Двойчы са школы Ягора забірала «хуткая»

Пры канцы першага году навучаньня на ўроку яму стала кепска, яго забрала хуткая дапамога. Пасьля гэтага Ягорупрызначылі раз на год класьціся ў шпіталь, наведваць кардыёляга, а таксама двойчы на год хадзіць да стаматоляга.

На ўроках фізкультуры Ягор займаўся ў падрыхтоўчай групе. У яе трапляюць дзеці з дысгарманічным фізычным разьвіцьцём, якія адстаюць ад раўналеткаў у фізычнай падрыхтаванасьці без адхіленьняў альбо зь нязначнымі адхіленьнямі ў стане здароўя.

У другой клясе Ягора зноў са школы забрала хуткая дапамога. Яму стала кепска на ўроку.

Вольга кажа, што патрабаваньні мэдыкаў яна выконвала. Гэта ж рабілі і ў школе. Разам з тым яна прызнаецца, што мэдыкі ёй не патлумачылі, чым небясьпечны сындром WPW для здароўя і жыцьця дзіцяці.

«Не было гаворкі, ці можна лячыць гэтую хваробу — у нас ці за мяжой. Нас супакойвалі, што з такім дыягназам можна пражыць да 100 гадоў», — дапаўняла аповед сваёй дачкі яе маці, бабуля Ягора.

Родныя хлопчыка сьцьвярджаюць, што за два гады ад выяўленьня хваробы і пастаноўкі на мэдычны ўлік участковая доктарка аніразу не наведала яго дома.

Колькі ехала хуткая дапамога: 40 ці 14 хвілінаў

Паводле Вольгі, сына меліся пакласьці ў больніцу ў жніўні 2018 году, аднак шпіталізацыю адклалі на сьнежань. Лекарка абласной дзіцячай больніцы абгрунтавала рашэньне тым, што ў Ягора ня выяўлена праблемаў са здароўем, якія вымагаюць тэрміновай шпіталізацыі, і тым, што «больніца перапоўненая».

«Я вінаватая, што не настаяла на шпіталізацыі. Калі б Ягор паляжаў у шпіталі, то застаўся б жывым. Ён бы там адпачыў перад школай», — дакарае сябе Вольга.

19 кастрычніка 2018 году Ягору стала кепска на спартовай пляцоўцы падчас бегу. Ён упаў і страціў прытомнасьць. Калі маці прыбегла ў школу, там ужо была хуткая дапамога, якая ня здолела сына выратаваць.

Жанчына сьцьвярджае, што мэдыкі прыехалі на выклік спазьніўшыся. З Быхава, які за дзясятак кілямэтраў ад Лутчыцаў, яны дабіраліся 40 хвілінаў. Вольга настойвае, што мэдычная брыгада не была ўкамплектаваная неабходнымі прэпаратамі. Яна чула, як адна зь лекарак казала другой, «што трэба зрабіць яшчэ іньекцыю адрэналіну», але яго не было.

Вольга кажа, што пасьля пахаваньня сына ёй патэлефанавала доктарка, якая прыяжджала на хуткай дапамозе ў школу.

«Яна выбачалася і пытала ў мяне, як ёй жыць з тым, што ня выратавала майго сына», – згадала суразмоўніца і дадала, што на месца здарэньня раней за хуткую дапамогу прыехалі чыноўнікі і супрацоўнікі Сьледчага камітэту.

Намесьнік старшыні Быхаўскага райвыканкаму ў камэнтары інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН казаў, што «паводле GPS-навігацыі «хуткая» была на месцы праз 14 хвілінаў пасьля рэгістрацыі выкліку».

«Мэдыкі працяглы час рабілі рэанімацыйныя дзеяньні, але запусьціць сэрца не ўдалося. Да прыбыцьця хуткай дапамогі дзіцяці намагаліся дапамагчы настаўнік фізкультуры і мясцовы фэльчар», — казаў чыноўнік. Паводле яго, хлопчык быў дапушчаны да ўрокаў фізкультуры.

Дакумэнты пра лячэньне Ягора забралі

У Вольгі не засталося дакумэнтаў пра лячэньне сына. Яна сьцьвярджае, што іх забрала галоўны пэдыятар раёну ў дзень сьмерці Ягора.

«Пакуль я была ў школе, яна прыехала да маці, а тая, разгубленая ад таго, што здарылася зь Ягорам, аддала ўсё ёй. Цяпер у нас няма нічога на руках», — кажа Вольга.

Зь яе словаў, доктарка спрабавала забраць дакумэнты і ў школе, але дырэктар адмовіўся ёй аддаць, спаслаўшыся на тое, што ідзе сьледзтва.

«Імгненнае спыненьне сэрца»

Празь месяц пасьля сьмерці Ягора Вольга патэлефанавала сьледчаму і сказала, што хоча пазнаёміцца з вынікамі экспэртызы. Іх ёй паказалі. З заключэньня пра сьмерць вынікала, што Ягор памёр ад «імгненнага спыненьня сэрца». Копіі дакумэнтаў жанчыне зрабіць не далі. Паабяцалі, што дашлюць ёй самі. Паводле Вольгі, сьледчы даў ёй зразумець, што ходу справе ня будзе, бо «гэта ёй ніяк не дапаможа», а сынава хвароба не паддавалася лячэньню.

«Ягора сапраўды ня вернеш, але ёсьць іншыя дзеці з такімі ж праблемамі. Пакараньне адказных асобаў за сьмерць майго сына будзе навукай іншым. Калі ж я акажуся вінаватай, то з гэтым буду жыць», — тлумачыць сваю пазыцыю жанчына. Паводле яе зьвестак, у раёне такі самы дыягназ, як у сына, маюць яшчэ чацьвёра дзяцей.

Не дачакаўшыся дакумэнтаў, Вольга пісьмова зьвярнулася ў раённую пракуратуру і аддзел Сьледчага камітэту, але адказу за месяц чаканьня не атрымала.

«Хацеў стаць міліцыянтам»

21 кастрычніка 2018 году Ягора пахавалі на вясковых кладах побач з прабабкамі і дзедам. Магіла васьмігадовага хлопчыка ў вянках і цацках. Іх прынесьлі на разьвітаньне зь ім сябры і аднаклясьнікі.

Вольга кажа, што Ягор марыў стаць міліцыянтам. Аднойчы нават дапамог міліцыі выкрыць зладзейку, якая скрала ў аднавяскоўкі пэнсію. Хлопчык любіў чытаць казкі. З бабуляй займаўся фізычнымі практыкаваньнямі. Вучыўся добра. Перажываў за ацэнкі, якія яму не падабаліся. Стараўся выправіць іх на лепшыя. Да свайго 9-годзьдзя Ягор не дажыў 2 месяцы. Нарадзіўся ён 17 сьнежня 2009 году.

Вольга кажа, што ня ведае, як жыць далей бяз сына.

Экспэрты: «Сардэчная анамалія абвастрылася „у спалучэньні зь фізычнай нагрузкай“»

Сындром WPW (Wolff-Parkinson-White) названы імёнамі навукоўцаў, якія ў 1930 годзе яго ўпершыню апісалі. Гэта прыроджаная анамалія будовы сэрца. Найчасьцей яна праяўляецца ў арытміі (парушэньні чысьціні, рытмічнасьці і пасьлядоўнасьці ўзбуджэньня ды скарачэньня сэрца). Разьвіваецца прыхавана і выяўляецца з дапамогай электрафізіялягічнага дасьледаваньня.

Мэдыкі, якія пагадзіліся пабыць ананімнымі экспэртамі, кажуць, што WPW-сындром лечыцца або яго праявы блякуюцца мэдыкамэнтозна. Разам з тым яны адзначылі, што першы прыпадак гэтага сындрому можа быць апошнім для хворага, нават калі побач рэаніматоляг.

На іхную думку, у выпадку зь Ягорам Бабашкам сардэчная анамалія абвастрылася «ў спалучэньні зь фізычнай нагрузкай». Яны настойваюць: каб выявіць усе абставіны сьмерці дзіцяці, неабходнае грунтоўнае дасьледаваньне і вывучэньне многіх «калямэдычных нюансаў».

Сьледчы камітэт: прычына сьмерці вызначаная

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова на запыт Свабоды паведаміла:

«Праверка яшчэ ня скончаная. Чакаем заключэньня камісійнай судова-мэдычнай экспэртызы, якую праводзіць Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў. Сьледзтва кантактуе з маці, якіх-небудзь скаргаў не паступала.

Прычына сьмерці вызначаная, пры гэтым, з улікам наяўнага ў дзіцяці захворваньня, дадаткова правяраецца пэўная інфармацыя ў рамках комплекснай экспэртызы. Напярэдадні прызначэньня комплекснай экспэртызы сьледчыя размаўлялі з маці».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: