Беларускі інтэрнэт абмяркоўвае загадкавы ўказ Лукашэнкі ад 6 снежня №446 «Аб праекце міжнароднай дамовы», які апублікаваны на сайце Pravo.by.

alfa-3-ley7o

Тэкст прадугледжвае пагадненне паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй аб удзеле падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў контртэрарыстычных аперацыях, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расійскай Федэрацыі.

Пры гэтым гаворка вядзецца пра ўжо гатовы праект (тэкст не апублікаваны), які мусіць падпісаць беларускі КДБ.

Апублікаванне гэтага ўказа выклікала паніку ў беларускіх сацыяльных сетках і на некаторых сайтах.

У прыватнасці, у суполцы «Тактычнай групы «Беларусь» з’явілася паведамленне, што гэты ўказ узаконіць знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, што азначае здачу суверэнітэту.

Журналіст Андрэй Пачобут таксама напісаў, што гэты дакумент — фактычная легалізацыя прысутнасці «зялёных чалавечкаў», прычым дэманстратыўна: маўляў, грамадскасць праінфармаваная свядома.

Некаторыя СМІ мяркуюць, што беларускіх вайскоўцаў цяпер могуць адправіць у гарачыя пункты на тэрыторыі Расіі.

Але як яно ёсць насамрэч?

Як патлумачылі «Нашай Ніве» крыніцы, блізкія да спецслужбаў, гаворка ідзе пра замацаванне тэхнічных аспектаў узаемадзеяння спецслужбаў у асаблівых выпадках.

«Уявіце сітуацыю, не дай Бог, што наш самалёт у аэрапорце Масквы захоплівае нейкая тэрарыстычная групоўка. Па нормах міжнароднага заканадаўства, тэрыторыя паветранага судна — гэта тэрыторыя Беларусі. Каб контртэрарыстычныя падраздзяленні РФ маглі ажыццяўляць аперацыі ў такіх выпадках — а сюжэты могуць быць абсалютна розныя, самалёт толькі прыклад, — то для гэтага такія дамовы і заключаюцца, а перыядычна — перазаключаюцца», — патлумачыла нам крыніца.

Чытайце па тэме:  В Польше зафиксирован подозрительно "высокий уровень" активности российских спецслужб

Здагадкі пра тое, што беларускіх вайскоўцаў зараз змогуць пасылаць у гарачыя пункты ў Расію таксама не маюць пад сабою падстаў: у праекце дамовы гаворка ідзе пра КДБ і той спецназ, які ў падпарадкаванні гэтага ведамства. А сілы спецыяльных аперацый Беларусі знаходзяцца ў юрысдыкцыі Міністэрства абароны — іх выкарыстанне рэгулюецца іншымі дакументамі.

Кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў таксама не падзяляе панікёрскіх настрояў інтэрнэт-супольнасці.

«Такія дамовы — заведзеная міжнародная практыка, — сказаў Паротнікаў. — Яны звычайна прадугледжваюць некалькі пунктаў: алгарытм звяртання па дапамогу бакоў пагаднення ў выпадку тэрарыстычнай агрэсіі, пералік ці вызначэнне сітуацый, калі такі зварот будзе разглядацца — не кожны выпадак падпадае пад такое пагадненне. Трэці момант — сістэма кіравання аперацыяй, звычайна гэта нацыянальны рэжым — замежныя сілы падпарадкоўваюцца тым структурам, якія ствараюцца згодна з унутраным антытэрарыстычным заканадаўствам (у Беларусі гэта КДБ). Чацвёрты момант — увоз узбраення і спецтэхнікі, рэгламент іх выкарыстання. Ну і яшчэ там прапісваецца адказнасць у такіх выпадках, калі цягам антытэрарыстычнай аперацыі церпіць цывільнае насельніцтва альбо маёмасць трэціх асобаў — звычайна замежныя ўдзельнікі вызваляюцца ад любой адказнасці, яе нясе ўрад прымаючага боку».

Паротнікаў дадаў, што згодна з сусветнай практыкай, любыя замежныя ўдзельнікі антытэрарыстычнай аперацыі могуць прыбываць у краіну толькі па запрашэнні ўрада, любы іншы фармат з’яўлення — гэта інтэрвенцыя.

Чытайце па тэме:  Лукашенко пожаловался на нежелание России укреплять вооруженные силы Беларуси

Іншы вайсковы эксперт, Аляксандр Алесін, звярнуў увагу «Нашай Нівы» на тое, што тэарэтычна, паводле дамоваў АДКБ, браць удзел у антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Беларусі могуць нават спецслужбы некаторых краін Азіі, таму дамова, якая напалохала інтэрнаўтаў — гэта наадварот пазітыўны момант, бо яна будзе рэгуляваць узаемадзеянне сілавікоў у крытычнай сітуацыі, калі ўсе алгарытмы мусяць працаваць без прамаруджвання.

«Падрыхтоўкі да «зялёных чалавечкаў» я тут не бачу, — сказаў Алесін. — Звычайна, калі хочуць распачаць гібрыдны канфлікт, то ў прымаючага боку не пытаюцца. Сёння беларускае вышэйшае кіраўніцтва спрабуе дыстанцыянавацца ад сумнеўных ініцыятыў Расіі, наўрад ці Лукашэнка падпіша дамову ў шкоду сабе, якая пахісне юрысдыкцыю беларускага ўрада на тэрыторыі Беларусі».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: