Першы Беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум адкрываецца сёння ў Нью-Йорку. Беларусь разлічвае на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з ЗША.

iosub

Кіраўнік беларускай дэлегацыі, прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч ужо запэўніў, што прыехаў на форум не з пустымі рукамі:

«У нас ёсць дастаткова важкія аргументы, каб актывізаваць працу з амерыканскімі кампаніямі, банкамі. Нам трэба актыўна заходзіць сюды на фінансавыя рынкі, якія, на жаль, пакуль яшчэ асвоеныя недастаткова», — адзначыў ён.

Шанцы на эканамічны прарыў беларускай дыпламатыі ў Нью-Йорку ацэньвае фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Минску Вадзім Іосуб:

«У нас з гэтымі інвестыцыйнымі форумамі ўзнікае досыць супярэчлівая ситуацыя. З аднаго боку, улады спрабуюць праводзіць такія мерапрыемствы — раней было ў Лондане, Франкфурце-на-Майне, цяпер вось у Нью-Йорку — трацяцца пэўныя грошы на піяр, але пры гэтым не так шмат, як хацелася б, аддаецца ўвагі рэальнаму інвестыцыйнаму клімату ў Беларусі. Па некаторых фармальных рэйтынгах, у прыватнасьці, згодна з рэйтынгам Сусветнага банка, Беларусь рэгулярна атрымлівае ўсё больш высокія месцы. Тым не меней бальшыні інвестараў патрэбныя вельмі простыя рэчы: гарантыя недатыкальнасці іх уласнасці, іх інвестыцый, а таксама незалежная судовая сістэма, якая рэальна працуе.
Пра незалежную судовую сістэму ў нашых рэаліях пакуль гаварыць не выпадае. Што тычыцца інвестклімату, на жаль, выкарыстоўваюцца спробы рэанімаваць такі інструмент, як „залатая акцыя“: адносна нядаўна, па сутнасці, нацыяналізаваныя акцыі „Камунаркі“ і „Спартака“, цяпер вельмі незразумелая гісторыя адбываецца з „Мілавіцай“. На сёння гэта цалкам, 100-працэнтна прыватнае акцыянернае таварыства, але дзяржава ў асобе Мінгарвыканкама спрабуе ўвайсці ў склад акцыянераў. Пакуль такія гісторыі ў Беларусі паўтараюцца, думаю, што многія інвестары будуць ставіцца з вялікай насцярожанасцю да магчымасці зайсці на беларускі рынак».

Беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум падзелены на тры блокі. У першым будуць абмяркоўвацца пытанні інвестыцыйнага клімату ў Беларусі, нацыянальных інвестыцыйных праектаў, магчымасці супрацоўніцтва ў прыярытэтных сектарах. Другі блок складуць IT-сфера і навука, трэці ўключае ў сябе перавагі супрацоўніцтва з Беларуссю з улікам функцыянавання адзінай эканамічнай прасторы і стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.

Крыніца: Радыё Свабода

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...