Пастаянныя перапрацоўкі, адсутнасць гарачай вады,пакояў для пераапранання і прыбіральняў, мізэрныя заробкі — кіроўцы паскардзіліся на дрэнныя ўмовы працы, якія, як мяркуецца, давялі да спробы суіцыду іх калегу, — і аўтапарк звольніў іх.

«Звольнены ў сувязi з учыненнем вінаватых дзеянняў, якія з’явіліся падставай для страты даверу наймальніка» — такі запіс з’явіўся ў працоўнай кніжцы кіроўцы Гродзенскага аўтапарка пасля таго, як ён паставіў свой подпіс пад калектыўным зваротам са скаргай на парушэнні аўтапаркам працоўных правоў работнікаў.

Няма гарачай вады, няма раздзявалак і прыбіральняў для кіроўцаў на канчатковых прыпынках; да кожнай змены дадаюцца гадзіны дзве няўлічанай перапрацоўкі — на гэтыя і многія іншыя парушэнні працадаўцы, якія і прывялі да спробы суіцыду іх калегі, паскардзіліся ў звароце ў Адміністрацыю Прэзідэнта, пракуратуру і іншыя інстанцыі кіроўцы аўтобуснага парка Гродна.

Кіраўніцтва парку імгненна адрэагавала на незадаволенасць работнікаў — і звольніла аднаго з кіроўцаў, прычым па знакамітым «артыкуле»: на думку начальства, скарга на дрэнныя ўмовы працы з’яўляецца «вінаватымі дзеяннямі», якія прывялі да «страты даверу наймальніка».

Звольнены кіроўца звярнуўся да кіраўніка грамадзянскай ініцыятывы «Гародня», актывіста прафсаюзу РЭП Анатоля Мышкевіча:

— Спачатку кіроўца звярнуўся ў камісію па працоўных спрэчках, але яна не знайшла парушэнняў. Тады юрыст склаў іскавую заяву, і мы звярнуліся ў суд з патрабаваннем звольніць кіроўцу не за «страту даверу», а ў сувязі з тым, што наймальнік парушаў умовы працоўнага дагавора, з выплатай трох сярэднямесячных акладаў. І ўжо на папярэднім пасяджэнні юрыст аўтапарка прапанаваў міравое пагадненне.

Аднак пытанне было вырашана ў пазасудовым парадку: як распавёў Анатоль Мышкевіч, звольненага кіроўцу выклікалі на размову ў аўтапарк, пасля чаго змянілі запіс у працоўнай кніжцы: цяпер мужчына лічыўся звольненым па пагадненні бакоў. Аб тым, якое было гэта пагадненне, застаецца толькі здагадвацца.

З астатнімі кіроўцамі гродзенскага аўтапарка, якія адважыліся змагацца за свае правы, кіраўніцтва таксама «папрацавала»:

— Там ужо палову кіроўцаў, якія падпісвалі зварот, выгналі з з працы, але людзі не звярталіся ў незалежны прафсаюз за абаронай. І перасталі адказваць на мае званкі, — удакладніў Анатоль Мышкевіч.

Па яго перакананні, кіроўцаў запалохалі:

— Ім пагражалі КДБ, пагражалі вялікімі штрафамі за паклёп … І многія з тых, хто падпісаўся пад зваротам, адмовіліся ад сваіх подпісаў.

Аднак бунт вадзіцеляў не прайшоў дарэмна: гарадзенскі аўтапарк часткова выправіў парушэнні, ды і сам інцыдэнт выклікаў пільную ўвагу мясцовых уладаў:

— Пасля нашага ўмяшання людзям у аўтапарку на 20% паднялі заробкі, паставілі краны з гарачай вадой, распранальні, прыбіральні… Сёе-тое выправілі. У аўтапарк двойчы прыязджаў мэр. І мяне самога выклікалі на размову да мэра: нібыта па іншаму пытанню, а на справе каля гадзіны распытвалі пра аўтапарк, таму што ведалі, што я займаюся гэтай справай.

Тым не менш, не ўсе кіроўцы гродзенскага аўтапарка змірыліся з парушэннямі іх працоўных правоў. У РЭП звярнуўся яшчэ адзін кіроўца, якога звольнілі ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракта — але за месяц да таго ён патрабаваў звольніць яго па арт. 41, за парушэнні наймальнікам умоў дагавора з выплатай трох сярэднямесячных акладаў. Судовае пасяджэнне адбудзецца на наступным тыдні, і Анатоль Мышкевіч упэўнены, што працаўнік даможацца рашэння на яго карысць:

— Не ўсяго мы дамагліся, але ёсць і адчувальныя вынікі нашай працы. Вядома, яны былі б значна больш, калі б людзі добраахвотна не адмаўляліся ад барацьбы за свае правы, — кажа Анатоль Мышкевіч.

Новы Час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: