У разбіральніцтве «Абромчык супраць Беларусі» Камітэт правоў чалавека ААН устаў на бок Маі Абромчык, піша на Facebook расейскі адвакат Сяргей Галубок.

Мая Абромчык

 

Камітэт вырашыў, што Мая Абромчык назірала за мірным сходам у цэнтры Менску 19 снежня 2010 году (тады пратэставалі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў), была збітая міліцыянтам, які зламаў ёй нагу. У выніку яна правяла 7 дзён у шпіталі. Камітэт лічыць гэтае збіцьцё парушэннем правоў чалавека, а адказныя за яго, адзначаецца ў рашэнні, засталіся непакаранымі.

«Камітэт лічыць, што пададзеныя факты паказваюць, што дзяржава ня здолела адэкватна расследаваць абвінавачанні, — гаворыцца ў рашэнні. — У гэтым выпадку дзяржаўны бок абавязаны: а) правесці поўнае і эфэктыўнае расследаваньне абвінавачаньняў заяўніцы пра жорсткае абыходжаньне, прыцягнуць да адказнасці вінаватых і пакараць іх адпаведнымі мерамі; в) даць адэкватную кампэнсацыю, у тым ліку пакрыццё любых судовых і мэдычных выдаткаў, а таксама нематэрыяльных стратаў заяўніцы; с) прынесці афіцыйныя прабачэнні заяўніцы.

Дзяржава таксама абавязаная прыняць усе неабходныя захады ў прадухіленні аналягічных парушэнняў у будучыні праз свае абавязанні як падпісанта Факультатыўнага пратаколу, каб супрацоўнічаць у духу Камітэту».

Адвакатка Абромчык спадзяецца, што ўлады Беларусі выканаюць рашэнне камітэту ААН

Адвакатка Альвіна Мінгазава, якая бараніла інтарэсы Абромчык, тлумачыць Свабодзе: Беларусь толькі фармальна, але не фактычна абавязаная выконваць рашэнні Камітэту.

«Такія рашэнні абавязваюць найперш выконваць правы і больш не дапускаць парушэнняў. Гэта асноўнае: прыняць да ўвагі, больш не паўтараць, — кажа Мінгазава. — Кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, пошук вінаватых, просьбы прабачыць — усё гэта хутчэй рэкамэндацыі, бо ніякіх рычагоў ціску на дзяржаву ў Камітэту правоў чалавека няма. Ды апрыёры дзяржава павінна гэта выконваць, у міжнароднай супольнасці гэта ўлічваецца».

Адвакатка кажа, што ў гэтым пляне Камітэт ААН адрозніваецца ў горшы бок ад Эўрапейскага суду ў правах чалавека, аднак беларусы ня могуць звяртацца ў Эўрапейскі суд з позвамі супраць сваёй дзяржавы, бо Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы — хіба толькі супраць іншай дзяржавы, «дасяжнай» для гэтага суду.

Мінгазава пакуль не змагла абмеркаваць вынікі разгляду скаргі ў камітэце ААН з самой Абромчык, але мяркуе, што тая будзе рада такому выніку.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: