На пытанне, чаму ў выбарчых камісіях амаль няма апазыцыі, беларускія улады звычайна даюць аднолькавы адказ: у іх няма досведу такой працы, а таму яны могуць нарабіць шмат памылак. Аднак цяперашняя кампанія па абранні дэпутатаў мясцовых саветаў паказвае, што памылкі робяць «дасведчаныя і правераныя таварышы».

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

 

Памыляецца нават Ярмошына

На сайце ЦВК Беларусі была змешчаная інфармацыя, якая ўводзіла ў зман патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, сцвярджае прэсавая служба Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Наяўнасць памылкі выявіла каардынатарка кампаніі «Права выбару» ад БХД Вольга Кавалькова.

«У Цэнтравыбаркаме, як звычайна, „высокакваліфікаваны“ пэрсанал. Паводле інфармацыі на іх сайце, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыццяўляецца адпаведнай тэрытарыяльнай, акруговай камісіяй з 9 па 18 снежня 2017 году ўключна. На самой жа справе згодна з заканадаўствам рэгістрацыя кандыдатаў праходзіць з 9 па 18 студзеня 2018 году», — сказала Вольга Кавалькова.

У сувязі з гэтым яна вымушана была напісаць зварот у ЦВК. Пазначыўшы памылку, каардынатарка «Права выбару» падкрэсліла: «Прашу выправіць памылку і прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў, адказных за распаўсюд інфармацыі, якая дэзінфармуе кандыдатаў і выбарнікаў».

Неўзабаве інфармацыю выправілі. А праз дзень старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нават падзякавала «за апэратыўнае рэагаванне на недакладную інфармацыю, якая мела месца».

«Апэратыўнасць ЦВК мяне радуе, а вось прафэсіяналізм пакідае жадаць лепшага», — кажа актывістка БХД.

У Магілёве блытаніна з межамі тэрыторыяў выбарчых акругаў

У Магілёве міжпартыйная кампанія «Права выбару-2018» ня можа разабрацца з межамі выбарчых акругаў. Паводле рэгіянальнага каардынатара Алега Аксёнава, яны вызначаныя недакладна, а гэта стварае прэтэндэнту на дэпутацкі мандат небяспеку.

Калі прэтэндэнт на дэпутацтва, кажа спадар Аксёнаў, наважыцца збіраць подпісы ў сваю падтрымку на пэрыфэрыі акругі, то можа памылкова падпісаць тых, хто не жыве на яе тэрыторыі. А гэта дасць падставы выбарчай камісіі прызнаць падпісныя лісты несапраўднымі і адмовіць яму ў рэгістрацыі.

«Гэтую сытуацыю можна разглядаць як хібы ў падрыхтоўцы выбараў чыноўнікамі, якія адказваюць за іх правядзенне. Але я дапускаю і яшчэ горшае: няпэўнасць у апісаньні тэрыторыі акругаў зроблена наўмысна, каб мець яшчэ адну падставу адсейваць непажаданых прэтэндэнтаў на дэпутацтва», — лічыць Алег Аксёнаў.

Ён кажа, што ў гарадзкіх акругах хібаў з недакладна вызначанымі межамі нямала. Афіцыйнае апісанне тэрыторыі акругі, паводле актывіста, не дазваляе пазначыць яе межы нават на мапе.

У абласной выбарчай камісіі кажуць, што адказнасць за апісанне тэрыторыі акругі ляжыць на выканкамах. Але з крытыкай з боку Алега Аксёнава тут не пагадзіліся.

«У нас ёсць мапа з пазначанымі на ёй тэрыторыямі акруг. Я праглядала сёлетняе апісанне і не сказала б, што ў ім блытаніна. Проста апісанне трэба правільна чытаць і ўдумвацца ў тое, што чытаеш», — сказала Аксёнаву супрацоўніца камісіі.

Каб цалкам разабрацца ў заблытанай сытуацыі, кампанія «Права выбару-2018» накіравала зварот у абласную выбарчую камісію.

Крыўдны старт Сяргея Вакуленкі

Сябра руху «За свабоду» Сяргей Вакуленка, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Берасці, паскардзіўся ў абласную выбарчую камісію на дзеянні акруговай камісіі. Актывіст ня змог зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, бо не было журналу ўліку, паведамляецца на сайце руху.

Праз нейкі час Вакуленку патэлефанавалі з акруговай камісіі. Яе старшыня пачала тлумачыць, што адбылося непаразуменне. Затрымка з рэгістрацыяй у выніку склала некалькі гадзін.

«Сытуацыя, зразумела, некрытычная. І тым ня менш крыўдная, бо ў кожнага чалавека ёсць свае пляны. Дый пачынаць так кепска выбарчую кампанію не хацелася», — сказаў Сяргей Вакуленка Свабодзе.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: