Цукерняй году прызнаная кандытарская Le Délice, адкрытая менш за два гады таму сям’ёй Даўжэўскіх з Менску.

Зьміцер Даўжэўскі, Вольга Даўжэўская і вядомая польская сьпявачка Сарса Маркевіч (пасярэдзіне).
Фота са старонкі кандытарскай Le Délice ў сацсетцы Facebook.

 

Кандытарская, створаная сям’ёй маладых беларусаў, была названая найлепшай цукерняй-кавярняй году ў польскім горадзе Гданьску. Цукерня Le Délice ўпэўнена перамагла ў галасаваньні «Чэмпіёны смаку», арганізаваным мясцовай газэтай Dziennik Bałtycki. Званне найлепшай цукерні году – гэта толькі першая прыступка да кандытарскага алімпу, Le Délice мае амбітныя пляны – кажуць уласнікі кандытарскай Вольга і Зміцер Даўжэўскія.

Кандытарская Le Délice размешчаная непадалёк ад цэнтру Гданьску – аднаго з самых буйных і папулярных сярод турыстаў гарадоў Польшчы. Стварылі яе напрыканцы 2015 году Вольга й Зьміцер Даўжэўскія – сям’я маладых беларусаў, якія прыехалі з Менску. А ўжо менш чым праз два гады іх кандытарская перамагла ў конкурсе на званне найлепшай цукерні польскага гораду. Цяпер Даўжэўскія рыхтуюцца прыняць удзел у польскіх агульнанацыянальных кулінарных спаборніцтвах і міжнародных конкурсах кандытараў.

Кандытарская Le Délice ў Гданьску.                                                                                         Фота сям’і Даўжэўскіх.

 

Мара ствараць дэсэрты ў сям’і Даўжэўскіх была даўно. Яны паспрабавалі рэалізаваць яе ў Беларусі, але маруднасць і назойлівасць беларускіх чыноўнікаў, а таксама эканамічны крызыс прымусілі іх перанесці свой невялікі бізнэс за мяжу.

Вольга Даўжэўская паводле адукацыі – інжынэр тэхноляг. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і Міжнародную кулінарную акадэмію ў Кіеве, наведвала курсы вядомых францускіх і бразыльскіх кандытараў.

Вольга займаецца стварэньнем дэсэртаў, а выпечкай, а таксама ўсімі адміністрацыйнымі справамі займаецца яе муж Зміцер – юрыст паводле адукацыі. Як кажуць сталыя кліенты цукерні Даўжэўскіх, яны робяць найлепшыя круасаны й францускія булачкі на ўсім польскім узьбярэжжы. Працоўны дзень уласьнікаў кандытарскай пачынаецца а 4 гадзіне раніцы й працягваецца аж да 20 вечара.

«Le délice» у перакладзе з францускай мовы азначае «асалода». Сям’я вырашыла адкрыць кандытарскую ў францускім стылі, таму што кандытарская школа гэтай краіны лічыцца найлепшай у свеце й «менавіта за ёй будучыня» – тлумачыць Зміцер.

Дэсерт «forêt noire».                                                             Фота са старонкі кандытарскай Le Délice ў Facebook.

 

Беларуска-француская кандытарская ў польскім Гданьску частуе гасцей шакаляднымі тортамі, шакаляднымі й фруктовымі пірожнымі. Ёсць у мэню й беларускія матывы. Le Délice – хіба што адзіная цукерня ў Польшчы, якая сама вырабляе зэфір.

Зьміцер Даўжэўскі: Галоўныя нашыя дэсэрты – гэта шакалядныя торты з вішняй «forêt noire» («чорны лес»), труфэлі, а таксама экзатычныя пірожныя са смакам манга, маракуі ды банана. Акрамя таго, мы падаем сэзонныя дэсэрты – традыцыйныя польскія пірожныя «ягадзянкі» з чарніцай, мус на аснове маліны, чарніц, белага шакаляду з аліўкавым маслам, таксама мы падаем арэхавыя дэсэрты «каштан». Акрамя ўсяго, мы робім тое, чаго ў Польшчы не вырабляе ніхто – наш беларускі зэфір, які мы гатуем на месцы.

Гданьскі конкурс «Чэмпіёны смаку» (Mistrzowie Smaku) – ня першае спаборніцтва, у якім прымае ўдзел кандытарская сям’і Даўжэўскіх. У гэтым годзе Le Délice прыняла ўдзел у конкурсе Expo Sweet у Варшаве, дзе заняла 6 месца ў катэгорыі смаку, і 9 – у катэгорыі дэкарацыі тортаў.

Даўжэўскія мараць перамагчы ў агульнапольскім конкурсе і патрапіць на міжнародныя спаборніцтвы вытворцаў дэсэртаў.

Фірмовы зэфір.                                                                      Фота са старонкі кандытарскай Le Délice ў Facebook.

 

Зьміцер Даўжэўскі: Мы хочам заняць першае месца на Expo Sweet, бо гэта самы прэстыжны конкурс у Польшчы, які дае магчымасць удзельнічаць у міжнародным кандытарскім конкурсе ў італьянскім Мілане.

Перад пераездам у Польшчу Зміцер аналізаваў законы, якія датычаць вядзеньня малога бізнэсу, вучыў польскую мову. «Мова далася лёгка. Неабходнасьць вырашаць адміністрацыйныя пытанні, справы, звязаныя з рамонтам памяшкання, проста прымушаюць хутка навучыцца гаварыць па-польску. Цяжэй за ўсё вырашыцца на пераезд і радыкальна змяніць сваё жыццё», – прызнаецца кандытар. Рашэнне пераехаць у Польшчу было няпростым і таму, што Даўжэўскія выхоўваюць траіх малых дзяцей.

«Пераехаць у новую краіну, дзе цябе ніхто не чакае й не дапамагае, з трыма дзеткамі вельмі цяжка. Але мы гэта зрабілі, бо мы шлі да сваёй мары», – тлумачыць Вольга Даўжэўская.

Аднак выдаткі, якія зрабіла сям’я Даўжэўскіх, кампэнсаваліся нашмат лепшымі ўмовамі вядзення бізнэсу ў Польшчы – мяркуе Зьміцер.

Зьміцер Даўжэўскі: У Польшчы адчуваецца тое, чаго няма ў Беларусі – дзейнасць рыначных мэханізмаў і павага да прыватнай уласнасці. Калі ты ставіш перад сабой мэту, табе ня будуць перашкаджаць, ня будуць душыць праверкамі. Калі ты сапраўды нешта можаш прапанаваць на рынку, то вырашаць будуць кліенты – патрэбны ім твой прадукт ім ці не. Тут будуць працаваць рэальныя эканамічныя законы, а не загады плянавай эканомікі.

Фота з сайта кандытарскай Le Délice.

 

Кандытарская Le Délice паволі становіцца месцам, якая гуртуе выхадцаў з Беларусі. Беларускім гасцям тут рады – кажа Зьміцер Даўжэўскі. Уласнікі цукерні гатовыя падзяліцца досведам з тымі, хто нядаўна пераехаў у Польшчу, а турыстам – расказаць пра цікавыя мясціны Гданьска й канешне, запрапанаваць пачастунак.

Зьміцер Даўжэўскі: Мы паціху становімся месцам, дзе збіраюцца мясцовыя мігранты. У Гданьску хапае беларусаў. Да нас прыходзяць сябры й знаёмыя, стараемся адзін аднаму дапамагаць – пачынаючы ад маральнай падтрымкі, заканчваючы парадамі па юрыдычных пытаннях, парадамі тым, хто збіраецца прыехаць у Польшчу й простай дапамогай – напрыклад, пазычаем машыну падчас пераезду. Калі ёсць магчымасць, мы дапамагаем, не адмаўляем людзям.

Зьміцер і Вольга Даўжэўскія выказваюць вялікую падзяку ўсім беларусам, якія пранялі ўдзел у галасаванні й падтрымалі землякоў. Яны запрашаюць турыстаў з Беларусі й беларусаў Польшчы ў сваю кандытарскую, якую можна знайсці на вуліцы Partyzantów у Гданьску.

Вольга Даўжэўская на Sweet Expo 2017. Фота са старонкі кандытарскай у Facebook.

 

Аляксандар Папко, Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...