Сёмы штогадовы форум навукоўцаў зноў прайшоў не ў Беларусі, але і не ў літоўскім Коўне, як заўжды. На час правядзення, з 15-га па 17-га верасня, ён сабраў найбольшую колькасць удзельнікаў за ўсе гады – больш за шасцьсот. Падаспеў і мне час абнародаваць адну сваю працу.

Пленарнае пасяджэнне Кангрэса, фота Яўгена Бяласіна

 

Чаму Варшава

Каб быў беларускім прымальнікам рашэнняў, то санкцыянаваў бы яго правядзенне ў Віцебску, Брэсце або Полацку. У Полацку, бо гэта калыска беларускай дзяржаўнасці, поруч з Наваградкам і Вільняй, якія ўсе былі сталіцамі протабеларускіх дзяржаваў. У Берасьці (Брэсце) таму, што ў свой час тэрыторыі сённяшняга беларускага Палесся вызначыліся на карысць Вялікага Княства Літоўскага, якое папярэднічала Беларусі, а цяпер пачынаецца нейкая незразумелая валтузня пад соўсам, што Беларусі не было і няма, і разліваюць той соўс чамусьці беспакарана. Тое самае можна сказаць і пра Віцебск, толькі там цягнуць на ўсход. Але ў Беларусі арганізаваць нешта мулка. Адзін з арганізатараў Кангрэса даследчыкаў Беларусі Аляксей Ластоўскі патлумачыў: “Мы маглі б паспрабаваць правесці форум у краіне, але шматгадовая практыка паказвае, што гэта занадта рызыкоўна. Для соцень выступоўцаў з усебаковай тэматыкай патрэбныя цягам некалькіх дзён дзясяткі аўдыторый, што ёсць тэхнічнай праблемай, але галоўнае, што іх могуць за тыдзень да пачатку паставіць на рамонт.”

Тэмы

Кангрэс сабраў прыемнае шматтэм’е. Найбольшымі блокамі былі гістарычны, эканамічны, рэлігійны і моўна-літаратурны. Асноўнай тэмай арганізатары, зважаючы на 100-годдзе камуністычнай рэвалюцыі ў Расіі, абралі абмеркаванне яе ўплыву на Цэнтральную і Ўсходнюю Еўропу. Эканамічны блок стракацеў тэмамі лагістыкі – дастаўкі грузаў, гістарычны акцэнтаваў на рознага роду рэпрэсіях, якія зведалі беларусы, седзячы ў геаграфічным цэнтры Еўропы, на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, рэлігійны засяроджваў увагу на практыкі канфесійнай цярпімасці ў ВКЛ, на сённяшнім стане тутэйшых веравызнанняў, на іх дачыненнях з дзяржавай. Моўна-літаратурны блок крыўдна поўніўся банальнасцямі. Цягам удзелу ў форуме мне станавілася ўсё больш уцямна, чаму. Але і наватарскае трапляла. Паколькі пасяджэнні на так званых “панэлях” (тэматычна аб’яднаныя групы аўтараў, дзе выступы коратка абмяркоўваліся) праходзілі ў Варшаўскім універсітэце, Палацы Культуры і Навукі, іншых месцах, адлеглых часам на кіламетры, то паспець на хоць што праблематычна было. Не трапіў на горадабудаўнічае кола, дзе было некалькі тэм, датычных Брэста, у тым ліку і даследаванне дынамікі веласіпеднага руху. У літаратурным блоку не атрымалася паслухаць кандова і падкупальна шчырае, як вынікала ўжо з назвы, даследаванне адной паэткі, прысвечанае раздробленай на тры часткі (!!!) ідэнтычнасці аўтаркі. Тамсама не паспеў на інтрыгуючы, бо традыцыйна з’едлівы выступ былога пасла Беларусі ў Германіі, на перакладчыцкую панэль, блізкую па роду заняткаў. Але суцяшала, што можна будзе прачытаць даследаванні ў надрукаваным выглядзе. А з брэсцкімі дамовіцца пра сустрэчу і паўзаемнічаць, можа нават з карысцю для чытачоў газеты.

Дыскусія ў Нямецкім гістарычным інстытуце, фота Яўгена Бяласіна

 

Сталинский язык

Яшчэ перад пачаткам Кангрэсу знайшоў нагамі палац Карніцкіх, дзе месціцца Нямецкі гістарычны інстытут. Там прайшла дыскусія па спецвыпуску “Yournal of Soviet and Postsoviet Politics and Society” (“Часопіс савецкага і постсавецкага грамадства”) з беларускімі аўтарамі Аленай Мінчэней, Аленай Гапавай, Святланай Палішчук і мешанай камандай Фелікс Акерман\Марк Берман\Вольга Сасункевіч. Аўтары працуюць або стажыруюцца ў розных краінах па-за Беларуссю. Прысутнічалі таксама зацікаўленыя ва ўдзеле замежныя даследчыкі. Былі і некалькі чалавек з Беларусі, збольшага прадстаўнікі сэксменшасцяў, якія, як я зразумеў, адпачывалі тут псіхалагічна. Вядовец Фелікс Акерман чыста гаворыць па-беларуску, вядомы тым, што напісаў кнігу пра Гародню, дзе быў 5 гадоў. Цяпер працуе ў Варшаве.

Аўтары коратка прадставілі свой вугал зроку на беларускае грамадства, прычыны застою і спосабы ажыўлення рэгіёна. Заяўлены “новы падыход” увасобіўся і ў новым тэрміне “агентнасць”. Маецца наўвазе, што беларусы мусяць пачынаць нешта рабіць, каб вылезці з сацыяльнага балота на нейкі сухі горб. Калі фігура каму больш падыйдзе: прарасці скрозь бетон. Дыскурс быў ліберальны, пачуць яго было адхланнем. У нечым як беларус пачуўся раўналежна да прысутных гомасексуалаў, але як выстаяць і размножыцца па вяртанні ў Беларусь… Пагатоў, што ты не ліберал. Даўно хацеў пачуць пра план Маршала для задушанай бальшавікамі радзімы, але гадзіна ў палацы Карніцкіх прайшла пад знакам паліткарэктнасці. Яно і зразумела: у кожнай краіны ёсць свае нацыянальныя інтарэсы; нацыянальныя навукоўцы не ёсць палітыкамі і таму ў плане паліткарэктнасці паводзяць сябе двойчы “правільна”. Інакш палітыкі папросту не дадуць грошай. Тым не менш два плюсы ўзяў сабе і чытачам у актыў. Прагучала, чаму не запрасілі ў Варшаву вядомага сацыёлага-беларусіста Цімаці Снайдэра. Арганізатар паліткарэктна патлумачыў, што людзей такога складу цяжка дастаць. Тэзу паспрабавалі пазбавіць флёру паліткарэктнасці, маўляў, Снайдэр гэта і не навуковец зусім, гэта “снайпер халоднай вайны”, які страляе па ўсяму, што мае чырвоны колер. Што Акерман палічыў вывіхам і ўправіў: “Снайдэр піша не для вузкага кола навукоўцаў, а для масавага чытача, для мас-медыя”.

Сталінскі хмарачос, двайнік маскоўскіх, месца правядзення 7-га Кангрэса даследаванняў Беларусі.

 

Чытайце па тэме:  Поляки протестуют против изменения судоустройства

Па-другое, кандыдат філалогіі Гапава прамовіла спалучэнне “сталінская мова”. Не беларуская, расійская або англійская, на якіх ішло абмеркаванне, а менавіта сталінская! Сталинский язык. Маўляў, беларусы ў масе прывыклі менавіта да яе і звыкла да яе вяртаюцца, пры нагодзе. А што, уцямная заўвага! Так літаратура (бо гэта ж вобраз) служыць навуцы.

Цікавосткі Кангрэса

Кангрэс прайшоў у падоранай палякам акурат Сталінам спарудзе, якая непадзельна дамінавала над горадам да падзення татальных камуністаў у 1990-я гады. Палякі абмяркоўвалі тады, знесці гмах ці не. Пакінулі і пабудавалі побач на некамуністычныя пазыкі штук пяць вышэйшых хмарачосаў. Мудрае рашэнне, як на мой густ. Нашто марнатравіць. У перапынку падняўся на 27-мы паверх, каб сфатаграфаваць, наколькі хмарачосы ўзвысіліся над “сталінкай”. Ды не атрымалася: скрозь там офісы нейкіх багатых фірм. Партфель у мяне быў тоўсты, від незнаёма-рашучы, дык былі ў рэакцыі нават нейкія ноткі, а ці не тэрарыст. Таму вырашыў не набівацца на непрыемнасці і рэціраваўся без фота.

Арганізатары Кангрэса падзякавалі польскаму боку за тое, што быў прадастаўлены менавіта гэты будынак. Маўляў, сімвалічна, што майно сталіністаў паслужыць на карысць вольнага абмеркавання Беларусі. Кангрэс пачалі дыскусіяй пра камуністаў і лесы Еўропы і Беларусі ў ёй. Запрашэнне, дзеля плоднасці дыскусіі, адразу двух нямецкіх экспертаў апраўдала сябе. Сацыёлаг Уладзімір Мацкевіч вызначыў камунізм як абсалютнае, сусветнае і агульнаеўрапейскае зло, якое праз калектывізацыю знішчыла падваліны беларускай нацыі, а ў Курапатах закапала нацыянальную эліту. Фелікс Акерман запярэчыў, што камуністы ў 1920-я гады заклалі падмуркі нацыянальных дзяржаваў у складзе СССР. Праўда, потым самі іх разбурылі, прызнаў ён. Але не здаўся ў самасці: “Рэвалюцыя ў Расіі стала магчымай найперш дзякуючы немцам, якія выпусцілі са Швейцарыі Леніна і далі бальшавікам вялікія грошы на аслабленне ворага, якім была Расія.” Гэта было падважана контраргументам Мацкевіча: нацыянальныя дзяржавы на карце Еўропы паклікала да жыцця Першая Сусветная вайна, а не камуністы. Але самае жорсткае выпрабаванне чакала выступоўцаў галоўнай панэлі нават не ад штатных каментатараў. Устаў прадстаўнік акадэмічных колаў Украіны (а іх прыехала некалькі дзясяткаў) і схавана-з’едліва спытаў, а калі нямецкія ўдзельнікі аналізуюць часы Гітлера, то ці вылучаюць яны плюсы і мінусы? На што быў адказ: па-першае, варта аддзяляць камуністаў і бальшавікоў, па-другое, калі бальшавікі і былі раўналежнымі гітлераўскім фашыстам, то пасля іх засталіся матэрыяльныя набыткі (прадпрыемствы, дарогі), а пасля Гітлера адны руіны. Тут сама мне падумалася пра аўтабаны Гітлера. У нас іх, аўтабанаў, дарэчы, да гэтага часу ніводнага няма. І пра паліткарэктнасць – як далёка яна можа завесці.

Не паўстрымаюся ад таго, каб прывесці чытачу фразу, якую вынес з пленарнай дыскусіі: “Чалавек жыве не ведамі, а асэнсаванымі ведамі. Жывем сэнсамі”.

Значыць, калі не асэнсоўваем, то сэнсу ў нашым жыцці няма? Не жывем зусім? Што ж, мой нядаўна спачылы сябар, доктар тэхнічных навук, не стамляўся паўтараць: “Навокал многа не людзей, муляжоў. Бо не думаюць. Бо няздольныя думаць уласнымі мазгамі.”

Мазаіка Кангрэса

Навечар пятніцы, у суботу і нядзелю даследчыкі Беларусі разбегліся па секцыях і панэлях. Прыкмеціў сабе некалькі цікавых тэм.

Доктар палітычных навук Малгажата Будыта-Будзіньска распавяла пра беларускую меншасць у Польшчы. Фактычна, гэта абсяг Беласточчыны\Падляшша, які Сталін адкрэсліў алоўкам на карце ад БССР пасля вайны, як бы кампенсуючы сваю помсту на паляках 1944 года. Савецкая Армія дачакалася, пакуль немцы не патопяць у крыві Варшаўскае паўстанне – такім быў адказ Сталіна на “цуд на Вісле” 1920 года, паразу Чырвонай Арміі і аднаўленне на месцы былой Рэчы Паспалітай Рэспублікі Польшча. Паводле выкладак пані Будзіньскай, беларусаў напачатку было каля 200 тысяч (мне ў галаве ляжыць каля 300 тысяч). Праз амаль 70 гадоў запісаліся беларусамі каля 50 тысяч, з іх найперш беларусамі сябе вызналі больш за 36 тысяч чалавек, толькі беларусамі 30 тысяч 200, 10 тысяч 400 вызналіся найперш палякамі, па-другое беларусамі. З назіранняў даследчыцы, апошнім часам беларуская меншасць ажывілася, збольшага за кошт людзей, якія адкрываюць у сябе беларускія карані. Нядаўна гміна ў Белавежы пастанавіла дадаць на грамадскія шыльды беларускую мову. Выдаюцца беларускія падручнікі для школ, распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Хваліла за актыўнасць беластоцкае таварыства бацькоў-беларусаў АББА. Але адзначыла і няеднасць беларусаў Польшчы: “Нягледзячы на кампактнае пражыванне і ўсе шанцы скарыстацца з квоты нацыянальным меншасцям, не могуць аб’яднацца ў свой Выбарчы камітэт і ўвайсці ў Сейм, як гэта зрабіла колькасна не такая шматлікая, але больш згуртаваная нямецкая меншасць. У тых і са школьніцтвам лепш справы абстаяць – маюць школы, дзе выкладанне толькі на нямецкай мове. Беларусы мелі пасла ў Сейме – але не ад сябе, ад “чырвонага” палітычнага спектру, ад “Строньніцтва Людовэго””. Спытаў, ці фіксуюцца спробы акрэсліць і разыграць карту Палесся на грунце маўлення. “”Палессе” і Падляшша” гэта розныя абсягі, – быў адказ. – Беларусы ў Польшчы, лічу, кажуць на паўночнаўкраінскай гаворцы. Называюць сябе часта “тутэйшымі”. І гэта даволі размыта. Да іх падыходзяць пад выбары ўкраінцы, кажуць “Вы ж нашы, па мове”. Клічуць да сябе. Бо ўкраінцы жывуць у Польшчы раскідана. Бывае, спрацоўвае. Следам прыходзяць свае, забіраюць назад. А бывае, за “лявіцай” вядуць, як Чыквін або Мірановіч.”

На іншай панэлі даследчыца паказала, як беларуская мова прадастаўленая ў рэкламе і на ўпакоўках тавараў. У святле ўваходжання Беларусі ў Мытны саюз і наступнага прадпісання друкаваць назвы і характарыстыкі тавараў выключна на расійскай (рускай) мове гэтае спавешчанне набыло асаблівы… шарм, ці як. Але пачну з забаўнага. Паказала дакладчыца слайд “ХлебГедыміннарэзаны”. Чапляе, праўда? Так і ўяўляецца славуты князь, паструганы на лусты.

Згадаўся мне адразу брэсцкі хлеб “Вильнюс”, вытворчасці мясцовай суполкі “Дионис”, з рэкламнай прыпіскай “Купляйце беларускае!”. Вось жа ненаўмысля склалася гістарычная праўда! Бо Беларусь, чым больш доўжыцца бальшавіцкая гісторыя, тым больш губляе тэрыторыі. Нават пасля перамогі ў вайне з немцамі краіна-пераможца страціла нямала. Адна Белавежская пушча чаго вартая! Маем цяпер яе ва ўсечаным стане.

Але было паказана і з другіх паверхаў мовы. Прыкладам, беларускія тавары з надпісамі на пяці-шасці мовах, улучна з узбекскай, казахскай або азербайджанскай, аднак без беларускай. Але і імпартаваныя тавары з беларускімі пазнакамі, хай сабе гэта толькі сам надпіс вялікімі літарамі. Асобна перацытую надпіс на пакунку салаты “Yesці”. Пагадзіцеся, крэатыўна, кажучы модным словам! Ці надпіс на пакунку сыру “Расійскі” або “Кастрамскі” “ВІТАЕМ!” Былі таксама і прыклады недыскрымінацыйнага, поўнага ўжытку загалоўнай як-ніяк мовы краіны на таварах, у ёй вырабляемых.

Хацеў быў спытаць, а ці льга карыстацца ў рэкламе тавараў дыялектамі, ці ёсць такія прыклады. Бо калісьці ў Кёльне бачыў білборд з рэкламай на мясцовым дыялекце, “кёльш”, – іхняй “палешукоўцы”. Спытаў у прыгажэннай … немкі, а мо’ “тутэйшай”, якое ў яе ўспрыманне ­ – а добрае такое, кажа, цёплае. А ў Варшаве не паспеў дапытацца – разбегліся. Ну ды забаронена, напэўна. Вынікае з логікі “сталінскай” мовы.

Пра беларускую мову праз суседнія

Тэме, якую дакладаў на Кангрэсе, “Тыпалагічнае (сістэмнае) параўнанне нямецкай і беларускай моў”, хутка стукне 20 гадоў. Давялося да яе дадаць яшчэ і сітуацыю ў адпаведным адукацыйным блоку Рэспублікі Беларусь.

Пасяджэнне панэлі “Беларуская мова ў кантактах з суседнімі мовамі”. Выступае Яўген Бяласін

 

Чытайце па тэме:  Варшавский аэропорт хочет ввести режим тишины

Будзе больш уцямна, калі акрэслю перадгісторыю. Маю дыплом германіста і дваццацігадовы стаж працы ў Брэсцкім педагагічным інстытуце\ўніверсітэце. Пры заснаванні факультэта замежных моў мне выпала пачынаць працу на спецыяльнасці “нямецкая мова з беларускай”. Шмат якія курсы давялося распрацоўваць з нуля. Так атрымалася і з названым курсам параўнальнай лінгвістыкі.

У другой палове 1990-х выкладчыкам, якія выкладалі па-беларуску або ўвязвалі, як я, свой прадмет з гэтай дзяржаўнай мовай, перасталі плаціць 15 адсоткаў наддатку. Але тое-сёе у рацыянальным рэчышчы яшчэ рабілася. Акурат тады мне і прапанавалі распрацаваць названы тэарэтычны курс. І хоць гэта, фактычна, работа для інстытута, я пагадзіўся. Падумаў: “Рабі што можаш, а там хай будзе што будзе”.

Далі месячную стажыроўку ў Мінску. Седзячы ў галоўнай бібліятэцы краіны, пабачыў выставу навучальнай літаратуры Інбелкульта. Кніжкі дасталі са “Спецхрану” КГБ. Шмат што было распрацавана яшчэ ў 1920-я! На бібліятэчнай горцы стаялі дзясяткі падручнікаў па ўсіх прадметах школьнай праграмы на беларускай мове. Але “зніклі” людзей, прыбралі следам плады іх працы. Вытруцілі з гісторыі нават сляды памяці. Потым была выстава паэтаў. Даведаўся пра таленавітага перакладчыка з нямецкай на беларускую Юлія Таўбіна. Пра тое, што ён увайшоў у “беларускую сотню”, калі казаць горкімі тэрмінамі сённяшніх дзён. За адну ноч сотню лепшых літаратараў і дзеячоў культуры расстралялі `каты з НКВД. Тады асэнсаваў велізарную небяспеку, якою ёсць нелюдзі-бальшавікі. Тым не менш сваю працу зрабіў. Напрыканцы стажыроўкі грошай было вобмаль, то купіў на іх падвэнджаны свіны хрыбет і стругаў яго тры дні, запіваючы чаем з батонам. Атрымаў станоўчы водгук на працу ў Лінгвістычным універсітэце. Але на месцы “развіць поспех”, як кажуць спарцмэны, не атрымалася. Людзі з бальшавіцкімі замашкамі раптам пачалі праяўляць пільнасць, баязліўцы рознага калібру паліткарэктнасць. У выніку я ў адпаведнасці з тыпалогіяй людскіх паводзін паўтарыў шлях майго дзеда Язэпа. Той быў справаводам у Варшаўскім універсітэце і быў звольнены адтуль і высланы з Варшавы, бо ў перыяд “санацыі” адмовіўся запісвацца палякам. І вось праз амаль сто гадоў я ва ўніверсітэце, з якога быў звольнены мой дзед, паказваю плён таго, за што мусіў пайсці з Брэсцкага, імя Пушкіна. Шалёныя горкі лёсу, ці не так?

Чаму чыста навуковая, здавалася б, праца дае такія сацыяльныя вынікі? А вось чаму. Перш чым узнавіць перарваную зарабляннем хлеба працу над параўнаннем моў, пацікавіўся лёсам дысцыпліны. Глянуў спачатку ў Брэсцкім, Гродзенскім, потым у Лінгвістычным універсітэтах. Усюды, – УСЮДЫ! – у праграмы студэнтаў, якія вывучаюць замежныя мовы, запісаны курс “Сравнительная типология родного и иностранного языка”. І паўсюль за авечай шкурай “родной язык” хаваецца бальшавіцкае мурло. Беларусам у якасці роднай мовы накідваюць расейскую (рускую). (Нагадаю, з адкрыццём небальшавіцкай гісторыі, наступае пэўная блытаніна, таму што “рускай”, з кансалідавана строгага гістарычна-філалагічнага гледзішча, з’яўляецца старая мова, якою напісаныя Статут Вялікага Княства Літоўскага і Біблія Скарыны.) Дык вось, у адрозненне ад татараў Татарскай Аўтаномнай Рэспублікі у складзе СССР, дзе яшчэ ў 1979 годзе студэнты пачалі вывучаць “Сравнительную типологию родного (татарского) и английского языков “, беларусаў пад чыімсці хітрамудрым “рукамиводительством” завярнулі назад, як табун авец. З нас як з народа робяць недаразвітых прыдуркаў, у якіх, нібыта, няма сваёй мовы! Нават у філолагаў яе забіраюць. Як быццам не адзначаем сёлета 500-годдзе Скарынавага кнігадруку, як быццам не было а ні Янкі Купалы, а ні Якуба Коласа. Як гэта назваць іншым словам, чым этнацыд? А ў спалучэнні з фактычным выморваннем вёскі (пасля калектывізацыі, другі ўдар па ёй аграгарадкамі) не распазнаць у такой палітыцы рысы генацыду?

Заўважу, што працую, як бачым, люстэркам. Адбівае яно, не без пэўнага болю, але і без шкоднай паліткарэктнасці, называнай яшчэ realpolitik, рэальныя з’явы і факты.

Агульнае ўражанне ад Кангрэса

Пра мяне ніяк не скажаш: сядзіць дома, як цвік у бэльцы. Дзве з чатырох прафесійных кваліфікацый абавязваюць актыўна вандраваць па свету. Але апынуцца ў чужым горадзе сярод соцень людзей, і нікога амаль знаёмага, і ўсе яны даследуюць Беларусь, а радзімай яна можа толькі двум з трох прысутных…Вунь беларускамоўная іспанка, а гэта мяне без акцэнту накіроўваў у пошуках секцыі беларускамоўны літовец… Нязвыкла і неверагодна. Але і нейкі гонар ўздымаўся спакваля.

Гледзячы на прадстаўніцтва аўтараў даследаванняў, прыемна было адзначыць удзел супрацоўнікаў афіцыйных беларускіх устаноў. Хоць якая ды ёсць зарука, што будуць чытаць, абмяркоўваць, браць пад увагу, прымаючы рашэнні на Радзіме! З другога боку, асцярожнасць, дробнасць у выбары тэм, звышпаліткарэктнасць фармулёвак ды і проста падвышана жаноцкае прадстаўніцтва некаторых секцый наводзілі на думку, што людзі папросту баяцца страціць кавалак хлеба. А такі страх і навука, – пагадзіцеся, несумяшчальныя рэчы. Нават сталіністы давалі навукоўцам бонусы і – мелі ладнае жніво з плёну чужых рук і галоў. Таму – па`ра Кангрэсу вяртацца ў Беларусь. А можна і так: калі наступны Кангрэс адбудзецца ў Беларусі – значыць, справы тут пайшлі да лепшага.

Тэхнічныя дэталі

Сёмы Кангрэс даследаванняў Беларусі, як і ранейшыя шэсць, рыхтавалі даследчы інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь), навучальна-даследчая ўстанова “Collegium Civitas” (Польшча), Усходнееўрапейскі Цэнтр Дэмакратыі (Польшча), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Літва). Высілкі грамадскіх арганізацый трох краін падтрымалі Каралеўства Нідэрландаў, Фонд імя Гайнрыха Бёля, літоўскае Міністэрства замежных спраў і Нямецкі фонд Маршала, ЗША (GMF). Фінансаванне сёлета атрымалася сабраць настолькі малое, што не хапіла на каву ўдзельнікам. Праезд і пражыванне таксама мусілі аплачваць самі даследчыкі. Ці было падвышэнне масавасці ўдзелу рэакцыяй на пагрозы для беларускай дзяржаўнасці? Думаю, гэта нават і даследаваць няма патрэбы.

Тэкст і фота Яўгена Бяласіна, для Беларускай праўды


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.