22 верасня Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў з старшынём Камітэту дзяржкантролю Леанідам Анфімавым праект указу «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці». Галоўны сэнс дакумэнту палягае ў тым, каб у кантрольных органаў стала менш магчымасцяў кашмарыць бізнэс.

Фото: Belsat.eu

 

Ключавая фраза Лукашэнкі падчас сустрэчы была такая: «Мы абмяркоўвалі, што пяройдзем ад карнага ўхілу нашай кантрольнай дзейнасці на прафіляктычную працу. Зробім асноўны акцэнт на прафіляктыцы правапарушэнняў, адыдзем ад плянавых праверак — хоць яны ў вас застануцца, плян ёсць плян».

Заўсёды выклікаў захапленне незвычайны талент Аляксандра Рыгоравіча ўмяшчаць у адну фразу супярэчлівыя, нават узаемавыключальныя тэзы. Так і тут: адыдзем ад плянавых праверак — хоць яны ў вас застануцца (?!) І вось цікава: як павінны рэагаваць чыноўнікі на такія ўказанні, як іх выконваць?

Што тычыцца таго, ці зменіць гэты ўказ радыкальна ролю кантрольных органаў у краіне, то тут ёсць вялікія сумненні. Бо гіпэртрафаваная роля кантрольных органаў у Беларусі — неабходны элемэнт створанага ў краіне палітычнага рэжыму і сацыяльнай мадэлі. Сыстэма комплекснага кантролю павінна падтрымліваць працаздольнасць і жыццядзейнасць усіх дзяржаўных інстытутаў, і перш за ўсё — прымусіць працаваць эканоміку. Бо калі няма эканамічных стымулаў, няма перніка, то патрэбен моцны бізун. Інакш сыстэма працаваць ня будзе.

Лукашэнка фактычна вывеў органы кантролю з падпарадкавання мясцовай вэртыкалі і падпарадкаваў наўпрост сабе. Ён ператварыў іх у апорную канструкцыю дзяржаўнага кіравання, важны фактар эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця краіны. Значэнне чыноўніка-кантралёра аказалася вышэй за чыноўніка-мэнэджара. У краіне дзейнічае каля паўтара дзясятка структур з кантрольнай функцыяй.

Чытайце па тэме:  КГК: до конца этого года точно не будет повышения тарифов на ЖКУ

Аднак гіпэртрафаванае разрастанне кантрольных органаў прыводзіць зусім не да тых вынікаў, якія меркаваліся.

У сфэры эканомікі ўзмацненне кантролю над гаспадарчымі суб’ектамі стала сур’ёзным тормазам эканамічнага развіцця, перашкодай станаўленню рынкавых адносін. Бясконцыя праверкі, якія змяняюць адна адну, проста перашкаджаюць людзям працаваць, заганяюць гаспадарчыя адносіны ў ценявы сэктар. І, дарэчы, памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды ў дакладзе на канфэрэнцыі ў 2015 годзе адзначыў кантрольныя органы як перашкоду рынкавым рэформам. Былы кіраўнік Менскай вобласці Сямён Шапіра таксама публічна выступіў супраць засілля сілавікоў і кантралёраў у эканоміцы. Маўляў, немагчыма працаваць.

У рэальнасці татальны кантроль усё больш становіцца фактарам палітычнай барацбы, спосабам пошуку кампрамату супраць чыноўнікаў, гаспадарчых кіраўнікоў, бізнэсоўцаў, якія не даспадобы.

Акрамя таго, колькасны рост кантрольных органаў прывёў да таго, што яны ўжо перашкаджаюць адзін аднаму, і даводзіцца рабіць усё новыя захады, каб неяк упарадкаваць іх працу. Калісці была створана пры Адміністрацыі прэзыдэнта рада па каардынацыі дзейнасці гэтых структур. Не аднойчы прымаліся прэзыдэнцкія ўказы дзеля скарачэння колькасьці праверак. Але гэта мала дапамагло. У чэрвені 2016 году той самы Леанід Анфімаў, далажыўшы Лукашэнку пра падрыхтоўку заканадаўчага акту аб змяншэнні ціску на бізнэс кантрольных органаў, заявіў: «Сыстэма будзе прыведзена ў нармальны чалавечы стан. І кантролю, і нагляду ў нашай краіне будзе нададзены чалавечы твар, чалавечае аблічча». І вось больш за год рыхтаваўся гэты праект указу, каб надаць органам кантролю «чалавечае аблічча».

Чытайце па тэме:  КГК: до конца этого года точно не будет повышения тарифов на ЖКУ

Але калі зменшыць праверкі, то ўзнікае натуральнае пытанне: чым будзе займацца мноства кантрольных органаў? Сядзець бяз працы? Трэба скарачаць іх колькасьць, іх функцыі, таксама колькасць іх супрацоўнікаў. Бяз гэтага ўсе размовы пра скарачэнне праверак марныя.

Аднак без інстытуту кантралёра патэрналісцкая дзяржава з вялізным дзяржаўным сэктарам, з ручным кіраваннем існаваць ня можа. Таму бяз змены мадэлі гэтая праблема не вырашальная.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.