“Выбарчыя каруселі” сталі самай сур’ёзнай праблемай для дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты.

inform-progulka.by

 

Дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты і незалежныя назіральнікі фіксуюць бум “выбарчых каруселяў”: невядомыя асобы групамі па 5-10 чалавек перамяшчаюцца ад выбарчага ўчастка да ўчастка і галасуюць.

-У самы першы дзень з маіх выбарчых участкаў паступалі сігналы пра карусельшчыкаў: адны і тыя ж людзі групамі ходзяць-ездзяць па выбарчых участках і галасуюць. У той жа дзень я зайшоў у раённую камісію, паставіў перад фактам, што ўсе парушэнні зафіксаваныя, і, калі такія спробы не спыняцца, мы апублічым усе факты. Пасля майго візіту колькасць такіх фактаў значна зменшылася, можа, сталі рабіць гэта больш акуратна ці памянялі тактыку: у любым выпадку яўных карусельшчыкаў па 8-12 чалавек мы больш не назіраем, – распавядае кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета па Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 Юрась Губарэвіч.

Кандыдат мяркуе, што ў-за нізкай яўкі ўлады проста не ведаюць, што рабіць:

-Улады не ведаюць, за што хапацца, каб атрымаць патрэбны вынік. Самы вялікі козыр – напісанне пратаколаў па выніках падліку галасоў: можна пісаць любыя лічбы. Але камісіі вырашылі скарыстаць увесь магчымы спектр правапарушэнняў і фальсіфікацый. Каруселі выкарыстоўваюцца для таго, каб візуалізаваць яўку, бо яўка не проста завышаецца па пратаколах: учора на ўчастку №8 назіральнік налічыў 50 прагаласаваўшых, камісія напісала 238. Калі б не было яўкі, тады цяжка было б забяспечыць нават яўку па 50 чалавек у часе датэрміновага галасавання. Асабліва на тых участках, дзе няма магчымасці выкарыстаць адміністратыўны рэсурс: дзе кампактна не пражываюць студэнты або рабочых з прадпрыемстваў, – перакананы Юрась Губарэвіч.

Чытайце па тэме:  В Беларуси одним бомжом не стало больше. Квартиру Магонова вернули в разряд социальных

Кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета па Карбышаўскай выбарчай акрузе №50 Аляксей Сігаеў два дні запар фіксуе незразумелае масавае перамяшчэнне асобаў па сваёй акрузе. 15 лютага Аляксей Сігаеў заўважыў мікрааўтобус з надпісам “Ахова прыроды”, які належыць “Зелянбуду” Першамайскага раёна Мінска.

Учора чацвёра невядомых пад’ехалі да школы, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак, на звычайнай машыне, якая належыць таварыству ўласнікаў (Мінск, Багдановіча, 140).

-Акрамя відэа людзей, якія перамяшчаюцца ад школы ў школу, іншых доказаў асабіста ў мяне няма. Каруселі – адзін з самых нахабных прыёмаў, якія прымяняюцца сёлета. Раней выбарчыя каруселі фіксаваліся, але не настолькі вялікія. А можа, проста за імі не так уважліва сачылі. Пазаўчора я зафіксаваў мікрааўтобус, які належыць “Зелянбуду” Першамайскага раёна, а сёння чатыры чалавекі прыехалі ў школу на звычайнай машыне, – паведаміў Аляксей Сігаеў.

Аднак найбольшы грамадскі рэзананс вылікала затрыманне групы карусельшчыкаў кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета па Старавіленскай акрузе №41 Мікалаем Казловым. Спачатку каманда кандыдата выявіла групу жанчын, якіх прывезлі да гімназіі № 34 у Мінску, дзе знаходзяцца ўчасткі № 33 і № 34, для ўкідвання бюлетэняў там, дзе яны не пражываюць і не маюць права галасаваць. “Карусельшчыкамі”, паводле Мікалая Казлова, аказаліся супрацоўнікі РУП “Белтэлекам”.

А 16 лютага лідэр АГП Анатоль Лябедзька разам з кандыдатам Мікалаем Казловым зноў злавілі фальсіфікатараў. Цяпер на ўчастках № 29 і № 30 таго ж, што і ўчора Старавіленскай акругі № 41.

Чытайце па тэме:  Национальный аэропорт Минск определил самые пунктуальные авиакомпании июня

У Мінску актывіст “Дзеі” Дзяніс Краўчук фактычна раскрыў схему “выбарчых каруселяў”.

Як адзначае кампанія незалежнага назірання “Права выбару-2018”, каруселі ўпершыню дабраліся да абласных цэнтраў. У Магілёве ў памяшканні сярэдняй школы №17, дзе знаходзіцца тры выбарчых участкі, 15 лютага ў 10:30 з’явілася арганізаваная група выбаршчыкаў у колькасці каля 10 чалавек, якая прагаласавала адразу на трох участках. Праз гадзіну з’явілася яшчэ адна група, якая паўтарыла той жа сцэнар.

Не дзіва, што за чатыры дні датэрміновага галасавання (13-16 лютага) пры наяўнасці такіх “тэхналогій” ужо прагаласавалі 27% усіх выбаршчыкаў у краіне.

Беларуская праўда

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: