Журналіст называе сябе “спонсарам” рэжыму Лукашэнкі: за 10 гадоў грамадскай і журналісцкай дзейнасці гамяльчанін сплаціў дзяржаве каля 24 тысяч долараў.

21 ліпеня ў Гомелі Кастуся Жукоўскага затрымалі з прымяненнем фізічнай сілы і прыкавалі наручнікамі да дрэва, БелаПАН

 

Не праходзіць і тыдня, каб журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага не судзілі ці брутальна не затрымлівалі. Аднак апошні інцыдэнт перайшоў усе межы разумнага і дазволенага нават у цяперашняй Беларусі. Кастусь Жукоўскі з тэлеаператарам Андрэем Толчыным ехалі ў вёску Зялёныя Лукі Гомельскага раёна, каб спраўдзіць інфармацыю пра ўспышку афрыканскай чумы свіней (АЧС), а невядомы абпырскаў абодвух невядомым хімічным рэчывам… Каб схаваць праўду, дазволеныя любыя сродкі?

Кастусь Жукоўскі – госць Беларускай праўды.

-21 жніўня судовыя выканаўцы прыйдуць да вас апісваць маёмасць. За якія грахі?

-Спадзяюся, што ў пятніцу ўсё ж атрымаю ганарары і сплачу штрафы.

На мне вісяць два штрафы (каля тысячы рублёў), абвінавачваюць па арт. 22.9 КаАП  – праца на Белсат без акрэдытацыі, выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Сапраўды, як журналіст-фрылансер я дасылаю свае матэрыялы на Белсат, у іншыя апазіцыйныя СМІ, але не вырабляю ўласную прадукцыю, у чым мяне вінавацяць.

-Колькі вы ўжо сплацілі штрафаў  дзяржаве?

-Па факту я з’яўляюся спонсарам гэтага рэжыму. За апошнія гадоў 10, якія я займаюся грамадскай і журналісцкай дзейнасцю, думаю, аднаму міліцыянеру дакладна аплаціў службу – ад пачатку да канца. Выплаціў за гэты час каля 24 тысяч долараў.  Гэта катастрофа насамрэч. Безумоўна, можна аплаціць штраф, але “донарам рэжыму” зрабілі многіх журналістаў: нас пераследуюць і на тым зарабляюць. А  за мяне проста ўчапіліся…

-Чаму ўчапіліся менавіта за вас?

-Існуе адна версія (яе праўдзівасць ацэньваць не буду), а іншых тлумачэнняў не маю.

Напачатку года КДБ мусіў паказаць вынікі працы па выяўленні нелегальнай міграцыі, а выйшла – паказаць-то няма чаго. У канцы зімы да мяне звярнуўся чалавек з інфармацыяй, што да яго звяртаюцца нелегальныя мігранты. Я за ручку адвёў гэтага чалавека ў КДБ, дзе ён напісаў заяву. А КДБ, відаць, чакаў, што чалавек клюне на прыманку. Падобна, што я паламаў КДБ іхнюю схему – пасля таго відавочна пачалі кляваць мяне.

-Штрафы штрафамі, але сітуацыя відавочна нагнятаецца. Вас разам з аператарам Андрэем Талочыным абпырскалі хімікатамі ў на свінаферме “Добрая хрушка” ў вёсцы Зялёныя Лукі… Грошы – гэта адно, але здароўе – зусім іншае.

-Фельчар “хуткай дапамогі”, які праехаў па выкліку, зафіксаваў павышаны ціск – 160, тэмпературу 37,4. Сам інцыдэнт вельмі напружыў мяне, бо я не ведаў, што ў нападніка было ў балоне.  Мой стан да вечара нармалізаваўся, і, па словах фельчара (якому я не веру, бо сіплы голас сведчыць пра атручванне), я здаровы, мне трэба “работа и покой”. За час, пакуль мяне з тэлеаператарам Андрэем Толчыным везлі да бальніцы “хуткай дапамогі”, фельчару званілі разоў сем: то з міліцыі, то з дзяржаўных органаў.

Атручванне яўна было, хоць і не вельмі моцнае. Я чалавек вясковы, часам, кропячы бульбу, труціўся больш. Але важны сам факт: сёння атруцілі невядомым рэчывам, заўтра могуць абліць кіслатой.

-Ці збіраецеся вы давесці гэты інцыдэнт да лагічнага канца?

-Мы з Толчыным ужо накіравалі адпаведныя скаргі, дапамогу нам аказаў юрыст РЭП Леанід Судаленка. Вялікі дзякуй яму за гэта!

Дарэчы, супрацоўнікі комплекса пацвердзілі: свіней перарэзалі ўсіх, ёсць запіс. Калі я паказаў ім фота чалавека, які абпырскаў мяне з балона, то супрацоўнікі свінафермы адзначылі, што ён не з’яўляецца ахоўнікам. Магчыма, гэта супрацоўнік міліцыі, таму міліцыянты могуць і сказаць, што нападніка проста не знайшлі.

Адзін бытавы прыклад. Аднойчы грамадзяінін Расіі насупраць майго пад’езда  проста спраўляў малую патрэбу, зневажаў і беларусаў, і Лукашэнку, і мяне. Я напісаў заяву ў міліцыю, адкуль прыйшоў адказ: правапарушальніка не знайшлі. А я ведаю, што гэты чалавек там і жыве…

Я не здзіўлюся, калі з міліцыі прыйдзе адказ: асобу нападніка не ўстанавілі. Але я зраблю ўсё магчымае, каб устанавіць асобу нападніка і падаць іск у суд.

-Журналіст – асоба публічная; журналіст працуе не толькі і не столькі на сябе, колькі на грамадства. Вас штрафуюць, абліваюць хімічнымі рэчывамі – а якую ўдзячнасць вы атрымліваеце з боку грамадства?

-Я пачынаў працаваць журналістам у 2008 годзе, з  вялікімі перапынкамі. Магу сказаць, што мне дапамагаюць сябры, знаёмыя і незнаёмыя людзі з апазіцыйнага кола.

Беларуская асацыяцыя журналістаў, праваабарончы цэнтр “Вясна”, прафсаюз РЭП, камітэт “Салідарнасць” – усе заўжды дапамагалі ў цяжкія часы. Толькі дзякуючы іхняй падтрымцы, юрыдычнай дапамозе і атрымліваецца працаваць у цяперашніх складаных умовах.

Але гэтым разам праблема не ў арганізацыях, а ў канкрэтным чалавеку. Адзін чалавек паабяцаў дапамогу; пагадзіўшыся на дапамогу аднаго, я не меў маральнага права прасіць пра дапамогу іншых. А чалавек знік…

Я сам пазваніў судовым прыставам, бо атрымаў другі ліст  ад судовых выканаўцаў. А чаго чакаць?..

Людзі чакаюць новага цара, месію, які зноў павядзе іх у пустыню. Не трэба чакаць месію – не прыйдзе, трэба самому станавіцца гаспадаром, і адказваць за свае ўчынкі.

-Вас аблажылі з усіх з усіх бакоў – то штрафамі, то затрыманнямі, то іншымі праблемамі. У вас не ўзнікала жадання полюнуць на ўсё і сысці ў іншую сферу дзейнасці? Якое выйсце бачыце вы?

-Сапраўды – абклалі з усіх бакоў, і сітуацыя пагоршылася пасля гісторыі з кантрабандыстамі. Нават не прыхозяць адказы – ні з КДБ, ні з міліцыі. Часам прыязджаеш па выкліку – дапамагчы людзям, а яны  тут жа жаюць задні ход: баяцца. І тады думаеш: якога чорта!  Маю галаву, рукі, магу зарабіць сабе на жыццё. І добрыя грошы. У любой краіне свету патрэбныя працоўныя рукі; зорак з неба хапаць  не буду, але на годнае жыццё зараблю.

Але калі пачынаюць ціснуць, тады ты не маеш права саступіць, трэба ісці наперад. Паддацца ціску – здрадзіць сабе самому.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...