Суд Маскоўскага раёна Менску вынесе рашэнне па справе Змітра Крамянецкага 14 снежня.

Фігурант «справы патрыётаў» Зміцер Крамянецкі ў судзе

 

Трэцяе судовае паседжанне па справе Змітра Крамянецкага, які патрабуе ад дзяржавы кампэнсацыю нанесенай яму маральнай шкоды, прычыненай дзеяннямі КДБ, прайшло ў судзе Маскоўскага раёна. На ім у якасці адказчыкаў прысутнічалі прадстаўнікі КДБ і Міністэрства фінансаў, якія адмовіліся прызнаць позву Крамянецкага абгрунтаванай.

Падчас разбіральніцтва прадстаўнік КДБ заявіў, што прызнаваць права Крамянецкага на кампэнсацыю павінен Следчы камітэт, якому была перададзеная «справа Белага легіёну».

На думку прадстаўніка Змітра Крамянецкага Марыі Колесавай-Гудзілінай, прызнаваць права Крамянецкага на кампэнсацыю маральнай шкоды павінен менавіта КДБ, так як закрываў справу ў дачыненні да Крамянецкага гэты орган, а не СК (гэта адбылося яшчэ 2 чэрвеня). Раней Крамянецкі атрымаў ад Следчага камітэту паведамленне аб тым, што адказ аб магчымасці кампэнсацыі ён павінен атрымаць у КДБ.

«Атрымліваецца, што кожны можа быць затрыманы, пасля яго справу закрыюць, матэрыялы перададуць у іншы орган і ён згубіць права на кампэнсацыю», — сказала Колесава-Гудзіліна падчас паседжання.

Крамянецкі падаў позву аб кампэнсацыі нанесенай яму маральнай шкоды яшчэ ў жніўні, пакуль гэта адзіны фігурант «справы Белага легіёна», які спрабуе атрымаць кампэнсацыю ад дзяржавы.

«Я хачу кампэнсацыі маральнай шкоды, — расказаў у размове са Свабодай сам Зміцер Крамянецкі. — Мы параіліся з юрыстамі, з адвакатам і вырашылі, што кампэнсацыя павінна быць такой. 10 тысяч беларускіх рублёў. У мяне была пастанова аб спыненні справы са Следчага камітэту. Аднак пазней там сказалі, што памыліліся і я павінен атрымаць такую паперу з КДБ. КДБ маўчыць».

Справу разглядае суд Маскоўскага раёну Менску, дата наступнага паседжання пакуль невядомая.

***

Актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка і правёў за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага 9,5 сутак. Па «справе Белага легіёну» ён знаходзіўся ў статусе падазраванага, абвінавачванні Крамянецкаму выстаўленыя не былі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: