Суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў калектыўны пазоў чатырох фігурантаў «справы патрыётаў» да Міністэрства фінансаў Беларусі аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў кожнаму. Прэтэнзіі, адрасаваныя КДБ і Следчаму камітэту, суд не палічыў абгрунтаванымі — на той падставе, што следчыя не прымалі пастановы аб незаконнасці прыцягнення фігурантаў справы да адказнасці.

З пазовам аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў Суд Маскоўскага раёну Менску звярталіся былыя фігуранты «справы патрыётаў» (альбо справы «Белага легіёну») Андрэй ДундукоўВіктар ДанілаўСяргей Стрыбульскі і Віктар Мароз. Разгляд справы адбываўся 27 сакавіка і 3 красавіка.

У судзе былыя падследныя даводзілі, што падчас затрымання ўвесну 2017 году і знаходжання пад арыштам атрымалі маральную шкоду, якая спрычынілася да пагаршэння стану здароўя. Таксама пазоўнікі казалі пра страту працы, страты ў прафэсійнай рэпутацыі ды іншыя нэгатыўныя наступствы ад дзеянняў следчых КДБ і Следчага камітэту, якія арыштавалі іх у межах «справы патрыётаў».

Прадстаўнікі Андрэя Дундукова, Віктара Данілава, Сяргея Стрыбульскага і Віктара Мароза звярнулі ўвагу суду на тое, што следзтва парушыла правы іх кліентаў на абарону і свабоду перасоўвання, у СІЗА КДБ і МУС іх утрымлівалі ва ўмовах, якія прыніжалі іх чалавечую годнасць, а падчас следзтва прымушалі да самаагавору.

Калектыўны пазоў фігурантаў «справы патрыётаў» разглядала суддзя Вольга Гусакова.

На просьбу Свабоды пракамэнтаваць рашэньне суду адзін з пазоўнікаў Андрэй Дундукоў адказаў:

«Што тут камэнтаваць, калі справу закрылі паводле абставінаў, якія рэабілітуюць, а цяпер суддзя вырашае, што наша затрыманне і знаходжанне пад вартай больш за 3 месяцы было, аказваецца, законным. Дык дзякуй, што яшчэ і сёння не арыштавалі! Канешне будзем абскарджваць гэтае рашэнне».

Паводле «справы патрыётаў», якую КДБ распачаў у сакавіку 2017 году, было арыштавана больш за 30 чалавек, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Большасць фігурантаў справы адбылі за кратамі каля двух месяцаў, але некаторыя з іх правялі пад арыштам больш за 3 месяцы, а потым амаль паўгода — пад падпіскай аб нявыездзе. У канцы лістапада мінулага году «справу патрыётаў» канчаткова закрылі, зняўшы з яе фігурантаў усе абвінавачанні. Між тым кампэнсацыі за шкоду ў сувязі з арыштам ніхто не атрымаў.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: