«У Чачэніі шмат людзей, якім неабходны палітычны прытулак. Беларускія спэцслужбы менавіта такіх людзей вельмі дакладна адпрацоўваюць і дапамагаюць чачэнскім спэцслужбам вяртаць іх у Чачэнію. Што небяспечна для жыцця гэтых людзей», — кажа расейская журналістка Алена Мілашына.

Карэспандэнтка “Новой газеты” Алена Мілашына

 

Апошнім часам Беларусь двойчы гучна выдавала грамадзян Расеі праваахоўным органам Чачэніі. 4 верасня Луіза Дудуркаева, якую пачалі пераследаваць у Чачэніі паводле падазрэнняў у «амаральных паводзінах», мела вылецець з Менску ў Нарвэгію, дзе атрымала палітычны прытулак. У выніку дзеянняў праваахоўных органаў Беларусі яна вярнулася ў Чачэнію. 9 чэрвеня ў Чачэнію быў высланы баец мяшаных баявых майстэрстваў Мурад Амрыеў, раней затрыманы на беларускім памежным пункце Весялоўка.

У дзень візыту ў Беларусь кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава аўтарка расследаванняў масавага пераследу ЛГБТ у Чачэніі, тэрарыстычнага акту ў Бэслане, забойства Анны Паліткоўскай карэспандэнтка «Новой газеты» Алена Мілашына апавядае, што адбываецца ў сучаснай Чачэніі і навошта чачэнскім спэцслужбам супрацоўнічаць з КДБ.

Паміж спэцслужбамі Чачэніі і КДБ выстраіліся вельмі шчыльныя стасункі

Чачэнскія ўцекачы на вакзале ў Берасці

 

Гэтыя стасункі сканцэнтраваныя на кантролі плыні ўцекачоў, якія праз тэрыторыю Беларусі спрабуюць заехаць у Польшчу. Беларусь рэгулярна — пад ціскам альбо на просьбу спэцслужбаў Чачэніі, найперш паліцыі — парушае міжнароднае міграцыйнае заканадаўства, калі выдае чачэнцаў, якіх паводле міжнародных нормаў ня мае права выдаваць. І выдаюць іх менавіта прадстаўнікам чачэнскай паліцыі.

​Мы бачым, што ўзаемадзеянне чачэнскіх і беларускіх спэцслужбаў нагадвае ўзаемадзеянне дзьвюх незалежных дзяржаваў. Удзелу Расеі мы асабліва не назіраем. Следу ФСБ тут няма, дырэктывы з Масквы няма, а ёсць наўпроставы кантакт. Нібыта прызнаецца незалежнасць чачэнскіх спэцслужбаў у іхных спробах кантраляваць усіх чачэнцаў і плынь чачэнскіх уцекачоў, якая праз Беларусь праходзіць у Эўропу.

Як чачэнскія ўцекачы дабіраюцца да Беларусі

 

Гэта вельмі нас турбуе, бо паказвае, што чачэнскі рэжым знаходзіць кантакты з краінамі, вельмі ўразлівымі з гледзішча дэмакратычных нормаў. Беларусь і краіны Блізкага Ўсходу ў гэтым сэнсе падобныя: завязваюцца нефармальныя кантакты, пашыраюцца сфэры ўплыву чачэнскіх сілавікоў і ўладаў на ўлады гэтых краінаў. Яны там могуць рабіць усё, што хочуць. Гэта дэманструе, што працэс уплыву чачэнскага рэжыму разрастаецца паміма волі ці кантролю з боку Масквы.

Беларусь — транзытная тэрыторыя для чачэнскіх уцекачоў яшчэ з часоў першай чачэнскай вайны

І так было да апошняга часу, бо гэта самы танны і самы накатаны шлях. Цяпер мы бачым, што ўсё менш чачэнскіх уцекачоў едзе ў Беларусь, бо яны асцерагаюцца сумесных дзеянняў чачэнскіх і беларускіх спэцслужбаў супраць іх. Іншыя шляхі знайсці складана.

Чачэнскія ўцекачы на памежным пераходзе ў Берасці. Жнівень, 2016

 

Чытайце па тэме:  Протесты нетунеядцев-2017: последствия и новые угрозы. Стрижак ответил Царику и Сивицкому

Чачэнскім уцекачам, на жаль, нідзе ня радыя. Калі шчыра, яны ўсе стаміліся. Многія з іх паводзяць сябе не зусім адэкватна. У чачэнцаў захоўваецца сувязь з Чачэніяй, сем’ямі, сваякамі. Некаторыя з іх, нягледзячы на атрыманы прытулак у Эўропе, наладжваюць добрыя кантакты з чачэнскімі ўладамі. Тыя вельмі заахвочваюць вяртанне ўцекачоў, хаця б часовае. Праз іх распаўсюджваецца ўплыў чачэнскіх уладаў у Эўропе. Усё гэта ў сваю чаргу моцна напружвае эўрапейскія міграцыйныя ўлады і ўплывае на стаўленне да чачэнскіх уцекачоў.

У жніўні 2016 чачэнскія ўцекачы ад адчаю разбілі пратэставы лягер на беларуска-польскай мяжы

 

У Чачэніі шмат людзей, якім фізычна неабходны прытулак. Яны сутыкаюцца з праблемай яго атрымання, нават з тым, каб перайсьці мяжу. Беларускія спэцслужбы менавіта такіх людзей вельмі дакладна адпрацоўваюць і дапамагаюць чачэнскім спэцслужбам вяртаць іх у Чачэнію. Што небяспечна для жыцця гэтых людзей.

Апошні выпадак з Луізай Дудуркаевай. Яна знаходзіцца ў Чачэніі, яе дапытвалі, пакуль яе сям’я там. Ня думаю, што для яе ёсць фізычная пагроза, хаця гэты момант нельга выключаць. Ад яе цяпер спрабуюць атрымаць інфармацыю пра тыя праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцаў, якія дапамагалі ёй з’ехаць з Чачэніі і з Расеі.

Луіза Дудуркаева

 

Кадыраў выкарыстоўвае ў Чачэніі «сталінскі» мэтад калектыўнай адказнасці

Калі дзесяць год таму Рамзан Кадыраў быў прызначаны кіраўніком, Чачэнія ўяўляла з сябе рэгіён з дзейным «тэрарыстычным падполлем». Для барацьбы з ім фэдэральны цэнтар дэлегаваў Кадыраву вялізныя паўнамоцтвы і гарантаваў беспакаранасць. Якімі б мэтадамі ні змагаўся Кадыраў з так званымі тэрарыстамі і баевікамі іслямісцкага падполля, яму і ягоным сілавікам гарантавалі, што іх ня будуць прыцягваць да адказнасці.

Мэтад, якім ён пачаў змагацца, аказаўся вельмі дзейсным. Гэта мэтад калектыўнай адказнасці — калі за аднаго чалавека адказвае ня проста сям’я, а цэлы род. Ён наклаўся на традыцыйны ўклад чачэнскага грамадзтва, бо калі ідзецца пра жыццё самога чачэнца, то ён вельмі смелы чалавек. Але калі ідзецца пра жыццё ягоных дзяцей, сям’і, сваякоў, то для чачэнца лічыцца вялікай бядой, калі ён накліча на іх нейкія пакаранні.

Рамзан Кадыраў на стадыёне ў Грозным, 2014

 

У гэтым сутнасць калектыўнай адказнасці. Яна актыўна ўжывалася за Сталінам, калі за так званых ворагаў народу адказвалі іхныя сем’і, дзеці, жонкі. Гэты мэтад быў увасоблены ў Чачэніі ды аказаўся эфэктыўным.

Мы перажылі пік іслямісцкага супраціву на Каўказе ў цэлым і ў Чачэніі ў прыватнасці. Вельмі моцна гэтаму спрыялі дзеянні сілавых фэдэральных структураў, алімпіяда ў Сочы. І вайна ў Сырыі, калі было прынята рашэнне, што мы ўсяляк спрыяем сыходу баевікоў іслямісцкага супраціву ў Сірыю, на «святую» вайну — кшталту «ваюйце дзе заўгодна, толькі не ў Расеі». Былі адкрытыя межы, і велізарная колькасць удзельнікаў падполля туды сышла.

Рамзан Кадыраў і Магамед Даўдаў

 

Чытайце па тэме:  Россия: к Сталину - с любовью

З 2010 году зніжаецца тэрарыстычная актыўнасць на Каўказе, ува ўсіх рэгіёнах, што працягваецца дагэтуль. Клясычнага іслямісцкага падполля на Каўказе ўжо няма. Але ў Чачэніі, на жаль, усе гэтыя мэтады кантролю над насельніцтвам і беспакаранасць працягваюцца. Гэтая мадэль прывяла да таго, што ў Чачэніі ўсталяваўся таталітарны рэжым, які сапраўды кантралюе ўсе нормы і сфэры жыцця грамадзтва. Пачынаючы ад таго, як людзі мусяць сябе паводзіць, як яны мусяць думаць, апранацца, гаварыць, ці разводзіцца ім, ці жаніцца. Гэта клясычна таталітарны рэжым.

Вясельле 17-гадовай Луізы Гойлябіевай з начальнікам Нажай-Юртаўскага РУУС 57-гадовым Нужыдам Гучыгавым. У Гучыгава ўжо была жонка і сын. Рамзан Кадыраў назваў падзею «вяселлем тысячагоддзя» і наведаў асабіста. 2015

 

Гэтаму таталітарнаму рэжыму ўвесь час трэба сілкаванне ў выглядзе ўнутраных ворагаў. Праява нязгоды з гэтым рэжымам жорстка караецца ізноў жа з выкарыстаннем прынцыпу калектыўнай адказнасці, які дагэтуль ужываўся ў барацбе з іслямісцкім тэрарыстычным падполлем.

Рэжым ня мае абмежаванняў з боку фэдэральнага цэнтру, і ўсе рэпрэсіі прымаюць масаваы і маштабны характар.

Фэдэральны цэнтар паставіў задачу: кантроль над сэпаратысцкім рэгіёнам. Любой цаной

Рамзан Кадыраў быў прызначаны кіраўніком Чачэніі ў 2007 годзе, пасля таго, як у 2004 годзе быў забіты ягоны бацька Ахмат Кадыраў, на якога Крэмль рабіў стаўку ў другой ваеннай кампаніі ў Чачэніі. Рамзан Кадыраў абсалютна ляяльны асабіста прэзыдэнту Пуціну , і дзеля ўсталявання кантролю ў Чачэніі гатовы рабіць рэчы, якіх, магчыма, ня быў гатовы рабіць нават ягоны бацька. Гэта два асноўныя моманты, якія паўплывалі на выбар Пуцінам Рамзана Кадырава.

Плякат на сцяне разбуранага дома ў Грозным. 2005

 

​Іншая рэч, што ў той момант у Чачэніі прэтэндэнтамі на гэтую пасаду былі таксама іншыя людзі, якія жорсткасцю мала саступалі Рамзану Кадыраву, а можа і пераўзыходзілі яго. Я кажу пра тых жа Ямадаевых і іншых чачэнцаў, якія мелі ўзброеныя групы (як і Рамзан Кадыраў на той час) і ўплыў. На жаль, выбар у Крамля быў ня вельмі вялікі, бо што да «фэдэральных» чачэнцаў, як Алу Алханаў, прызначаны прэзыдэнтам пасля гібелі Ахмата Кадырава ў 2004 годзе, то ён ня змог утрымаць уладу. Ён быў яўна слабым. І Крэмль пабачыў, што Чачэнія будзе слухацца вельмі жорсткай рукі — чалавека, гатовага чачэнцаў забіваць.

Быў прызначаны Рамзан Кадыраў. Ён цудоўна даваў рады той задачы, якую фэдэральны цэнтар яму ставіў. Гэта, безумоўна, кантроль за сэпаратысцкім рэгіёнам. А цана? Любой цаной. Рамзана Кадырава добра прымаюць у краінах Блізкага Ўсходу, дзе ў яго цудоўныя дыпляматычныя стасункі, бізнэс. Але ён неўязны ў эўрапейскія краіны. Фінансы ў Чачэнію большай часткай паступаюць з фэдэральнага бюджэту. Але тое, як яны выдаткоўваюцца, зусім ніяк не кантралюе фэдэральны цэнтар.

Чечня. Центр Грозного после боев. Фото Владимира Гурина /ИТАР-ТАСС/

 

Чытайце па тэме:  КГБ подтвердил задержание замдиректора "Трайпл" и замминистра Минсельхозпрода

Чачэнія ёсць адным з лідэраў так званага рэкетнага ці рэйдэрскага бізнэсу — «наездаў», стварэння праблемаў бізнэсмэнам рознага ўзроўню, у тым ліку расейскім. За гэта чачэнцы атрымліваюць вялікія адкаты і сродкі. Усё гэта ідзе ў нефармальны бюджэт Чачэніі. Гэта вялізныя грошы, якіх ніхто не кантралюе і якія дазваляюць сям’і Кадырава і яго асяроддзю быць вельмі заможнымі людзьмі.

Рэжым у Чачэніі перайшоў усе межы чалавечнасці

Сёлета мы ўвесь час пішам пра напад групы моладзі на паліцыянта. Паліцыянт быў забіты. Грозненскую моладзь затрымалі і пераважна забілі падчас спэцапэрацыі. Пасля гэтага рушыў рэпрэсіўны каток, была затрыманая вялізная колькасць людзей — паводле нашых звестак, больш за 200. І частку з іх расстралялі. Проста таму, што сілавікі мелі нічым не абгрунтаваныя падазрэнні, што яны належаць да іслямісцкага тэрарыстычнага падполля, якога ў Чачэніі ўжо не існуе. І чачэнскія ўлады ня раз заяўлялі, што тэрарыстаў у Чачэніі няма. У канцы лютага здарылася яшчэ адна рэпрэсіўная кампанія, ужо ня супраць тэрарыстаў ці нязгодных з рэжымам. Быў затрыманы чалавек, у якога была вялікая база чачэнскіх геяў. Кіраўніцтву Чачэніі гэтая сытуацыя страшна не спадабалася. Яны публічна заявілі, што такія людзі ня маюць права на існаванне.

Рамзан кадыраў на фэстывалі турызму і адпачынку. Грозны. 2017

 

Да нас інфармацыя прыйшла ў сярэдзіне сакавіка, мы вельмі доўга яе правяралі, гэта было складана праз спэцыфіку тэмы. Тым ня менш мы змаглі гэта зрабіць, апублікавалі матэрыялы пра рэпрэсіўную кампанію. Значны міжнародны рэзананс, які выклікалі гэтыя публікацыі, дазволіў націснуць на расейскі ўрад. І ўпершыню яны санкцыянавалі нейкія дзеянні па фактах масавых пазасудовых смяротных караў, ахвярамі якіх толькі сёлета сталі дзясяткі людзей з абсалютна розных матываў. Хтосьці гей, хтосьці падазраецца ў тэрарызме, хтосьці прымае наркотыкі…

Матыў абсалютна розны, а мэтады барацьбы і са з’явамі, і з людзьмі аднолькавыя. Гэта затрыманне, надзвычай жорсткія катаванні, незаконнае шматмесячнае ўтрыманне ў так званых сакрэтных турмах. Насамрэч гэта проста асобныя памяшканні, якія напэўна мае кожны аддзел паліцыі ў Чачэніі. І пазасудовыя смяротныя кары. Яны былі і раней, але сёлета неверагодны ўзровень жорсткасці.

Рамзан Кадыраў у Грозным. 9 траўня 2015

 

Мы перадалі ў следчыя органы імёны людзей, забітых без суду і следзтва. Іх затрымалі ў студзені, і яны зніклі. І нашае следзтва спрабуе зрабіць так, каб гэтыя людзі альбо літаральна «ажылі», альбо выдаць іх за тых, што памерлі з натуральных прычынаў. Альбо выдаць іх за сырыйскіх тэрарыстаў: маўляў, яны сышлі ў Сырыю, хаця замежныя пашпарты ў іх ува ўсіх засталіся дома.

Расейскі ўрад ізноў не рэагуе на жалезныя факты, на тое, што рэжым у Чачэніі перайшоў усе межы чалавечнасці. Хто наступны будзе мішэнню, складана меркаваць. Атрымліваецца, што чалавек валодае абсалютнай уладай, велізарнымі фінансавымі рэсурсамі і вырашае, каму жыць і каму ня жыць.

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.