Валянціна Мельнікава кіраўніца Саюзу камітэтаў салдацкіх маці Расеі . Яна заяўляе, што ў Расеі фактычна перамаглі дзедаўшчыну, і тлумачыць, як і ў выніку чаго гэта адбылося, лічыць, што афіцэраў за факты прыніжэння салдат трэба звальняць з арміі з воўчым білетам, і раіць скардзіцца ў пракуратуру пры першых жа прыкметах дзедаўшчыны.

Валянціна Мельнікава, архіўнае фота

 

— Тэма дзедаўшчыны ў беларускім войску стала ці не галоўнай у грамадзка-палітычным жыцці Беларусі ў апошнія тыдні. Я ведаю, што вы перад інтэрвію азнаёміліся з нашай сытуацыяй. Ці ёсць падставы тут праводзіць нейкія паралелі з Расеяй?

— Гэтая страшная смерць Аляксандра Коржыча — тыповая для савецкай армейскай гісторыі. Гэта імітацыя самагубства, давядзенне да самагубства, вымаганне грошай. І самае галоўнае і страшнае — што ніхто ня скардзіўся, ані самі салдаты, ані іхнія бацькі.

У гісторыі расейскай арміі было шмат такіх выпадкаў, і ўсё гэта было звязана з вымаганнем грошай. Але апошнія гады ў расейскай арміі не адбываецца масавых і цяжкіх прыніжэнняў, якія могуць давесці да самагубства. Як правіла, гэта матэрыяльныя і грашовыя вымаганні — адбіраюць тэлефоны, забіраюць банкаўскія карткі. І, мне здаецца, вельмі справядліва, што здымаюць камандзіраў. Я лічу, што ў кожным такім выпадку трэба судзіць камандзіраў часткі. Бо менавіта камандзір адказвае за ўсё. Ніякі сяржант ня можа нічога зрабіць, калі камандзір часткі не захоча гэтага.

У Расеі ў 2006 годзе быў загад аб забароне салдацкага рабства, потым былі прынятыя жорсткія распараджэнні, каб караць афіцэраў, калі ў іх у частках адбываюцца гвалтоўныя злачынствы. І гэта ў цэлым спынілася. У нас на момант 2012 году ўжо фактычна не было масавых скаргаў на такія злачынствы — збіццё, вымаганне грошай.

Чытайце па тэме:  Праваслаўе з гранатай у руцэ: беларускіх падлеткаў зноў вазілі да неанацыстаў у Расею

— Для мяне гэта гучыць досыць нечакана. Вы заяўляеце, што ў Расеі ўдалося перамагчы дзедаўшчыну?

— Сыстэма прыніжэнняў, вымагання і падаўлення ў расейскай арміі, безумоўна, зламаная. Вядома, здараюцца трагічныя гісторыі, бо афіцэры і камандзіры бываюць розныя. Але як сыстэма, якая раней культывавалася ў войску — цяпер яна зламаная.

— Але ў сеціве можна знайсці шмат фатаздымкаў таго, як, напрыклад, прадстаўнікі каўкаскіх зямляцтваў здзекуюцца з сваіх славянскіх таварышаў па службе. Магчыма, для расейскай арміі менавіта гэтая праблема больш актуальная?

— Гэта было даволі даўно, гадоў 5–7 назад. Я вас запэўніваю, няма такога панятку, як зямляцтва. Гэта тое, што заахвочвалася камандаваннем — унясенне расколу ў салдацкую масу, каб кіраваць імі такімі злачыннымі спосабамі. Я ў Камітэце ад самага пачатку, з 1989 году. І я ведаю, што ўсё гэта інспіруецца заўжды афіцэрамі. Ніводзін волас з галавы салдата не ўпадзе, калі камандзір часткі захоча, каб была дысцыпліна. А калі афіцэрам зручна нацкоўваць адных на іншых — тады, вядома, будзе жах.

— А што такога зрабілі ў расейскай арміі, што дапамагло пакончыць з сыстэмай дзедаўшчыны, як вы заяўляеце?

— Я ніколі не ўжываю слова «дзедаўшчына». Гэта бессэнсоўны тэрмін, прыдуманы яшчэ ў савецкі час, каб завуаляваць злачынныя дзеянні. У Расеі пералом быў у 2006 годзе, калі міністар Сяргей Іваноў выдаў загад аб забароне выкарыстання салдат на працах, не звязаных з вайсковай службай. То бок загад аб забароне рабства для салдат. І праз год было скончана са скаргамі на тое, што салдат прадаюць, ці што яны знікаюць у нейкіх фірмах. А ў 2008 годзе міністар Сердзюкоў жорстка заявіў, што не пацерпіць, каб у войсках былі выпадкі прыніжэння, і ў выніку пабудавалі сыстэму кантролю за тым, што адбываецца ў арміі. І да 2012 году па нашых ста камітэтах скаргі на прыніжэнні, збіццё фактычна зніклі. Апошнія гады ўсё гэта аслабла, але сыстэма гэтая не вяртаецца.

Чытайце па тэме:  «На карысць Расеі». Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕўрАзЭС

— Якія ў вас парады для беларускай грамадзкасці? Чаго трэба патрабаваць ад уладаў, каб яны зрабілі для прадухілення дзедаўшчыны?

— Трэба патрабаваць жорсткага стаўлення армейскага кіраўніцтва да гэтых фактаў. Афіцэры павінны быць папярэджаныя — калі ў цябе нешта адбудзецца, ты звальняесся з воўчым білетам, бяз права на льготы ды іншае.

Другое. Вучыце сваіх хлопцаў ніколі не цярпець прыніжэнні і паборы. Як толькі падыходзіць нейкі прыдурак да салдата і кажа: «Дай мне 15 рублёў» — адразу трэба скардзіцца. У Беларусі ж таксама ёсць і пракуратура, і следчыя, і праграма абароны пацярпелых. Гэта ўсё вырашаецца. Ніколі, ні хвіліны не цярпіце! Адразу паведамляйце, пішыце, дабівайцеся, каб расследавалі і каралі. Бо як толькі канфлікт заходзіць на большыя сумы, нейкія крымінальныя адносіны — лічыце, загінуў хлопец.

— У цяперашняй дыскусіі гучаць самыя розныя выказванні наконт прычынаў таго, што адбылося ў Печах — ад аўтарытарнай улады ў Беларусі да панавання патрыярхату ў грамадзтве, які вучыць мужчын перамагаць іншых.

— Вось гэта мярзотная савецкая звычка ўсё спісваць на тое, што «людзі кепскія па натуры сваёй», у арміі цалкам непрымальная. Ёсць Крымінальны кодэкс. Дзеянні, якія апісаныя ў дачыненні да Сашы Коржыча, — гэта безумоўныя злачынствы. І гэта ўсё павінны кантраляваць камандзіры. І псыхолягі, якія ёсць у беларускім войску. І самі людзі не павінны цярпець, калі іх прыніжаюць і б’юць. Паўтаруся, калі камандаванне не захоча, каб у частцы былі злачынствы — іх ня будзе.

Чытайце па тэме:  "В Сирии было больше ста химических атак"

— Але ж кажуць, што армія — гэта адбітак грамадзтва. А грамадзтва, што ў Расеі, што ў Беларусі — аўтарытарнае. Лягічна, што гэта можа адбівацца і на войску

— Армія сама па сабе герархічная і аўтарытарная сыстэма. І менавіта таму камандзіры павінны дакладна трымацца Статуту і парадку службы. А тут, калі абвінавачаныя вымагалі грошы, чымсці пагражалі — то гэта сыстэма. І тады гнаць трэба камандаванне і ставіць іншых людзей, якія будуць разумець, што салдат — гэта чалавек, якога нельга прыніжаць.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.